Праект “Кожная пятніца – роднае, сваё!” працягваецца ў бібліятэках Століншчыны праз мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы і літаратуры, творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, беларускіх традыцый і вуснай народнай творчасці.
6 ЛЮТАГА
У Столінскай дзіцячай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “На крылах роднай мовы” з удзелам навучэнцаў 5 “Б” класа сярэдняй школы № 2 р.п. Рэчыца (класны кіраўнік А.М. Куляшэвіч). У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі пазнаёміліся з творчасцю некаторых беларускіх пісьменнікаў, ад бібліятэкара даведаліся пра іх значэнне і ролю ў беларускай літаратуры. Літаратурная гадзіна працягнулася займальнай віктарынай “Знаўцы беларускай мовы”, на пытанні якой дзеці адказвалі актыўна, а таксама бібліятэкар прапанавала выканаць заданні “Прадоўжы твор”, “Дадай адну літару”, “Назаві беларускае слова”, “Дапоўні прыказку”. У завяршэнні мерапрыемства ўдзельнікі зрабілі выснову, што вельмі важна вывучаць і ведаць родную мову, беларускіх пісьменнікаў і іх творчасць. Жадаючыя зрабілі крэатыўныя фотаздымкі каля прыгожага стэнда з крыламі, прысвечанага роднай мове.
У Глінкаўскай сельскай бібліятэцы прашла этнавандроўка “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаем Радзіму” з удзелам дзяцей першага класа Глінкаўскай сярэдняй школы. Бібліятэкар расказала ўдзельнікам пра беларускі ручнік, яго значэнне для продкаў. Цікава данесла дзецям, якую ролю выконваў ручнік у розных абрадах і традыцыях, як ствараліся ручнікі і як яны аздабляліся. Бібліятэкар расказала аб розных сімвалах, якія сустракаюцца на ручніках, а таксама закранулі тэму вопраткі продкаў.
У Манькавіцкай сельскай бібліятэцы ў межах праекта адбылася захапляючая квэст-гульня “Родны край я абыду – скарбы розныя знайду” з удзелам навучэнцаў 2 “Б” класа сярэдняй школы № 3 г. Століна. Маленькім удзельнікам патрэбна было прайсці розныя выпрабаванні, сабрать артэфакты і знайсці схаваны клад, прайшоўшы па тэматычным станцыям. Рабяты пачалі са станцыі “Славутасці Беларусі”, дзе склалі карту-пазл “Мая Радзіма – Беларусь”. Далей квэст-гульня працягнулася каля выставы, прысвечанай пісьменніку-юбіляру Івану Мележу, а ў этнакутку “Палескія скарбы” дзеці гулялі ў гульні “Палескія артэфакты”, “Слоўнікавы кошык”, “Нашае – не нашае”, якія далучылі ўдзельнікаў да беларускай традыцыйнай культуры, беларускай мовы. Каля інтэрактыўнай выставы, прысвечанай Году беларускай жанчыны, кожны змог паспрабаваць сябе ў ролі народнага майстра, збіраючы элементы беларускага арнаменту. Завяршаючы артэфакт чакаў удзельнікаў у гульнятэцы, дзе трэба было прайсці гульню-заданне “Мема: Беларусь”. Так, сабраўшы ўсе падказкі, каманда знайшла галоўны прыз, але, галоўнае, удзельнікі многа даведаліся пра Беларусь, яе славутасці, мову і традыцыі.
Рамельская сельская бібліятэка прапанавала прыняць удзел у акцыі “Літарынка”, сэнс якой заключаецца ў тым, каб нагадаць сваім наведвальнікам аб прыгажосці беларускай мовы і імкнуцца ўжываць у размове беларускія словы. Бібліятэкар растлумачыла ўдзельнікам, як прыняць удзел у акцыі: першапачаткова патрэбна назваць першую літару бягучага месяца, а потым на гэтую літару на стыкерах напісаць словы на беларускай мове і прымацаваць на стэндзе. Так, наведвальнікі ўспаміналі словы беларускай мовы.
6 лютага ў межах праекта прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 105-гадовага юбілею народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.
13 ЛЮТАГА
На абанеменце аддзела абслугоўвання і інфармацыі Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі праведзена акцыя “Прызнанне ў каханні на роднай мове”, у ходзе якой удзельнікі атрымлівалі паштоўкі з вершамі аб каханні беларускіх паэтаў, цукеркі пад назвай “Родныя словы”. Наведвальнікі знаёміліся з кнігамі беларускіх аўтараў.
Белавушская сельская бібліятэка запрасіла да ўдзелу ў літаратурнай віктарыне “Беларуская народная казка” сваіх наведвальнікаў. Дзеці пазнавалі казку па пачатку і канцоўцы, адказвалі на пытанні, якому герою належаць тыя ці іншыя словы, падбіралі прыказкі па зместу казкі. Таксама ўвазе ўдзельнікаў прапанавана кніжная выстава “Чытаем па-беларуску”, на якой прадстаўлены кнігі беларускага фальклору, вершы і апавяданні беларускіх пісьменнікаў, аўтарскія і народныя казкі.
У Асаўской сельскай бібліятэцы прайшла віктарына “У свеце родных слоў” з удзелам навучэнцаў 4 класа Асаўской сярэдняй школы. У самым пачатку бібліятэкар нагадала аб надыходзячым свяце – Дні роднай мовы, а таксама расказала прысутным аб рэспубліканскім праекце “Кожная пятніца – роднае, сваё!” і яго сэнсе. Таксама бібліятэкар прачытала верш Максіма Танка “Родная мова”, а далей задавала пытанні віктарыны. Актыўна прайшлі гульні “Літара заблудзілася”, “Перакладчык”. У завяршэнні ўдзельнікі адгадалі загадкі-жарты на беларускай мове.
Рамельская сельская бібліятэка працягнула сваю акцыю “Літарынка”. Бібліятэкар Таццяна Нагар нагадала наведвальнікам, што патрэбна згадаць слова на вызначаную літару або словы, дзе ёсць такая літара (на гэты раз - літара Ю) і, напісаўшы на стыкеры-літары, прымацаваць на стэнд. Дзеці цудоўна справіліся з заданнем!
Гадзіна цікавых паведамленняў “Цудоўны свет беларускай казкі” прайшла з удзелам выхаванцаў дзіцячага садка ў Фядорскай сельскай бібліятэцы. Бібліятэкар паведаміла пра тое, што беларускія казкі – гэта не толькі займальныя казачныя гісторыі, але і сапраўдная скарбніца народнай мудрасці. Дзеці з цікаўнасцю слухалі аповеды пра розных казачных персанажаў – ад дабрадушнага Дзеда-Баравіка да хітрай Лісічкі-сястрычкі. Разам маленькія ўдзельнікі праглядзелі мультфільм па матывах беларускай народнай казкі, пазнаёміліся з кнігамі казак і дзіцячымі часопісамі.
13 лютага ў межах праекта прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 70-гадовага юбілею беларускага пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка.
20 ЛЮТАГА
Бібліятэкар Вялікаарлоўскай сельскай бібліятэкі Святлана Скрабец наведала вучняў 3 класа Арлоўскай сярэдняй школы, для якіх правяла літаратурную гадзіну “Алесь Бадак на ўсе жанры мастак” да 60-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Падчас гадзіны ўдзельнікі пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка-сучасніка, прачыталі вершы паэта “Камар”, “Мы купілі кракадзіла”, “Як Цімох абедаў”, “У тэатры” і іншыя.
Наведвальнікі Рамельскай сельскай бібліятэкі ў чарговы раз далучыліся да акцыі “Літарынка”. У пятніцу 20 лютага згадвалі беларускія словы на літару Т, трэцюю ў назве бягучага месяца. Натхніўшыся, дзеці ўчынілі спаборніцтва - хто больш слоў згадае на дадзеную літару.
У Стахаўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Летапісцы беларускай зямлі”, прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Івана Мележа. Бібліятэкар Марыя Радцэвіч расказала аб жыццёвым і творчым шляху пісьменнікаў, чые творы з’яўляюцца актуальнымі і на цяперашні час. Удзельнікі даведаліся шмат цікавых фактаў з біяграфіі аўтараў, дакрануліся да іх літаратурнай спадчыны з дапамогай выставы-прагляду “Іван Шамякін і Іван Мележ – народныя імёны”.
Бібліятэкар Харомскай сельскай бібліятэкі Алена Снюк наведала дзіцячы садок в. Харомск з гадзінай беларускага чытання “Чытаем беларускія казкі”. Уважліва праслухаўшы казку, маленькія слухачы адказалі на пытанні бібліятэкара пра герояў – хто станоўчы, а хто адмоўны герой.
20 лютага шэраг мерапрыемстваў пад дэвізам "Кожная пятніца - роднае, сваё!" прайшоў у межах Тыдня роднай мовы "Гучы, родная мова!".
27 ЛЮТАГА
Беражноўскую сельскую бібліятэку наведалі выхаванцы групы падоўжанага дня Беражноўскай сярэдняй школы, для якіх бібліятэкар Таццяна Новік правяла агляд кніг на беларускай мове. Удзельнікі пазнаёміліся з новымі паступленнямі беларускай дзіцячай літаратуры, выставай “З любоўю да беларускай кнігі”, а таксама бібліятэкар правяла конкурс загадак.
Манькавіцкая сельская бібліятэка ў межах праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё!” сустракала гасцей з Давыд-Гарадка. У бібліятэку завіталі наведвальнікі з філіяла ДУ “Столінскі ТЦСАН” г. Давыд-Гарадок. Для гасцей прайшла пазнавальная экскурсія “Бібліятэка – прастора мінулага і сучаснага” з наведваннем этнакутка “Палескія скарбы”. Тут, сярод калаўротаў, ручнікоў і глінянага посуду, для гасцей ажылі гісторыі пра жыццё продкаў. Бібліятэкары расказалі аб прызначэнні кожнага экспаната, імкнучыся перадаць подых мінулага часу. Завяршылася падарожжа ў жывым кутку, дзе можна было не толькі паглядзець, але і паразмаўляць з яго пацешнымі жыхарамі. Экскурсія атрымалася па-сапраўднаму роднай.
У Рамельскай сельскай бібліятэцы працягваецца акцыя “Літарынка”, падчас якой бібліятэкар прапанавала ўдзельнікам згадаць словы з літарай “Ы” на беларускай мове.
У Фядорскай сельскай бібліятэцы прайшла гульня-падарожжа “Ці ведаеш ты сваю мову?”, у якой прынялі ўдзел дзве каманды – “Галосныя” і “Зычныя”. Удзельнікі змаглі не толькі праверыць свае веды па беларускай мове, але і даведацца шмат новага пра яе гісторыю, трапныя выразы і сучасныя словы. У напружанай барацьбе перамагла каманда “Зычныя”, але добры настрой і задавальненне ад гульні атрымалі ўсе.
















