Тыдзень роднай мовы пад дэвізам “Гучы, родная мова!” прайшоў у бібліятэках Столінскай раённай бібліятэчнай сістэмы. На працягу сямі дзён ладзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы і беларускамоўнай літаратуры, праводзіліся конкурсы, турніры і гульні на лепшых знаўцаў роднай мовы, дэманстраваліся выставы кніг на роднай мове.
17 ЛЮТАГА
На старонцы сацыяльнай сеткі Інстаграм бібліятэчнай сістэмы стартавала гульня-розыгрыш “Пошук родных слоў”. Бібліятэка прапанавала філворд, у якім “схаваліся” 24 словы на беларускай мове, звязаныя з кнігамі і бібліятэкай. У гульні прынялі ўдзел болей за 50 падпісчыкаў, а 23 лютага вызначыўся пераможца гульні - Надзея Барысава з г. Століна.
У Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы адбылося свята роднай мовы “Падарожжа ў свет роднай мовы”. Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 5 “А” класа сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка разам з класным кіраўніком Кулага Марыяй Аляксандраўнай. Прысутныя даведаліся шмат цікавых фактаў з гісторыі развіцця мовы. Затым, падзяліўшыся на каманды “Валошкі” і “Каласкі”, вучні актыўна спаборнічалі ў веданні беларускай культуры. Падчас падарожжа па краіне роднай мовы ўдзельнікі мерапрыемства рабілі прыпынкі, на якіх выконвалі заданні і атрымлівалі за правільныя адказы жэтоны. З вялікім азартам вучні гулялі ў перакладчыкаў, разгадвалі літаратурную крыжаванку, разшыфроўвалі прыказкі і інш. З лікам 15:15 перамагла “дружба”. Напрыканцы мерапрыемства вучні на стыкерах напісалі, чаму яны любяць беларускую мову, а Скачкова Мілана прачытала верш народнага паэта Беларусi Нiла Гiлевiча “Родная мова”.
З пачаткам Тыдня роднай мовы Манькавіцкая сельская бібліятэка наладзіла сапраўдны моўны фэст. Наведвальнікаў чакаў інтэрактыўны стол “Гуляй у сваё”, дзе можна не проста паглядзець, але і паспрабаваць свае сілы ва ўнікальных гульнях уласнай распрацоўкі. У гульнёвую праграму ўвайшлі: дзве гульні-добль: “Я шукаю кветку” і “Смачныя словы”; віктарына “Ведай сваё”; гульня з серыі “Мема” “Беларускія сімвалы”; “Слоўнікавы кошык” і гульня-хвілінка “Патлумач”. Акрамя гульняў увазе наведвальнікаў прадстаўлена выстава “Чытай сваё” з кнігамі беларускіх аўтараў і перыёдыкай на роднай мове. Бібліятэка прапануе чытачам пазнаёміцца з часопісамі “Вясёлка” і “Паласатая газета”.
18 ЛЮТАГА
Супрацоўнікамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі для вучняў 10 “Б” класа сярэдняй школы № 3 г. Століна праведзена лінгвістычная гульня “Пагуляем у родныя словы”. Падчас тураў “Юны перакладчык”, “Тлумачальны слоўнік”, “Хітрыя фразеалагізмы” вучні перакладалі словы і давалі версіі значэння фразеалагізмаў. У ходзе тура “Абыходнымі шляхамі” патрэбна было патлумачыць словы, не называючы іх. Потым удзельнікаў чакалі рэбусы и крыжаванка. На “Этнаграфічным туры” па малюнках патрэбна было адгадаць старажытныя прадметы побыту беларусаў, а потым адгадаць прыказку па малюнку. Апошні тур быў прысвечаны святам і абрадам беларусаў. Пераможцай гульні стала каманда “Крабікі”. Усіх удзельнікаў чакалі салодкія прызы, а пераможцаў - галоўны прыз.
У Вялікамалешаўскай сельскай бібліятэцы прайшла гульня-конкурс “Пагуляем у роднае слова”. Рабяты падзяліліся на тры каманды “Чырвоныя”, “Сінія”, “Зялёныя” і прайшлі “прыпынкі” з заданнямі, за выкананне якіх атрымлівалі балы. Удзельнікі паспяхова выканалі ўмовы прыпынкаў “Перакладчыкі”, “Знаўцы беларускага фальклору”, “Пазнай партрэт пісьменніка”, “Нельга забыць”. Па выніках гульні перамогу атрымала каманда “Чырвоныя”.
Квэст-гульня “У лабірынтах слоў” праведзена Лядзецкай сельскай бібліятэкай сумесна з Лядзецкай сярэдняй школай для навучэнцаў 5-6 класаў. Удзельнікі адказвалі на пытанні, якія ім сустракаліся на станцыях квэста. На першай станцыі пад назвай “Любімыя словы” дзеці складалі сказы з розных слоў. Другая станцыя прапанавала ўдзельнікам скласці скорагаворку і расказаць яе. Сваю кемлівасць рабяты змаглі праявіць на станцыі “Адгадай загадкі”. У цэлым вучні весела і пазнавальна правялі час.
У Манькавіцкай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна паэзіі пад назвай “Слухаем вершы пра родную мову”. Удзельнікі мерапрыемства акунуліся ў сапраўднае моўнае свята. Гучалі шчырыя радкі і музычныя віншаванні: прысутныя з задавальненнем паслухалі песню “Наша мова”, замілаванне выклікаў верш “Калі ласка”, а мудрыя настаўленні класіка беларускай літаратуры Алаізы Пашкевіч (Цёткі) нагадалі ўсім, як важна берагчы роднае слова. Музычным падарункам для гасцей стала кампазіцыя “Родная мова беларуская”. Асабліва яскравай і вясёлай атрымалася інтэрактыўная частка сустрэчы. Юныя аматары роднага слова спаборнічалі ў кемлівасці і ведах. Для іх былі падрыхтаваны розныя выпрабаванні: народныя загадкі, конкурс “Юныя перакладчыкі”, гульні “Адгадай героя казкі”, “Палескія артэфакты”, “Беларускія сімвалы”, “Назаві адным словам”. За правільныя адказы ўдзельнікі атрымлівалі салодкія прызы, але галоўны прыз — званне пераможцы — атрымаў самы актыўны знаўца, Бандарчук Арцём. Напрыканцы мерапрыемства ўсе жадаючыя змаглі паспрабаваць сябе ў настольных гульнях за інтэрактыўным столікам “Гуляй у сваё”, а таксама наведаць жывы куток, каб пагутарыць і пагуляць з жывёламі. Мерапрыемства яшчэ раз паказала, што беларуская мова жыве, гучыць і аб’ядноўвае людзей розных узростаў.
Альпенская сельская бібліятэка запрасіла актыўных чытачоў на турнір знаўцаў беларускай мовы “Мая мова - мой гонар”. Спачатку бібліятэкар пазнаёміла прысутных з цікавымі фактамі з гісторыі развіцця беларускай мовы. Потым дзеці падзяліліся на дзве каманды - “Першая” і “Другая”, і паказалі свае веды ў конкурсах “Падумай і адкажы”, “Прымаўкі і прыказкі - мудрай мовы прывязкі”, “Загадкі з вясёлай хаткі”. Цікава прайшоў конкурс “Перакладчыкі”, дзе каманды перакладалі словы з рускай на беларускую мову. Па выніку турніру з лікам 10:10 перамагла “дружба”.
19 ЛЮТАГА
Столінская дзіцячая бібліятэка сваім гасцям, маленькім наведвальнікам з Белавушскай сярэдняй школы, прапанавала тэматычную гадзіну “Да роднай мовы крок зрабі”. Удзельнікі пазнаёміліся з багаццем роднай мовы праз вершы і песні беларусаў. Далей бібліятэкар прапанавала лігвістычныя гульні – “Словазнаўцы”, “Перакладчыкі”, “Знаўцы беларускага фальклору”. Асаблівую цікавасць выклікала заданне паказаць пры дапамозе мімікі і жэстаў беларускія фразеалагізмы. Закончылася мерапрыемства заклікам шанаваць родную мову, знаёмствам з выставай, крэатыўнымі фотаздымкамі.
З 19 па 21 лютага ў Белавушскай сельскай бібліятэцы праводзіўся бібліятэчны квілт “Дзіўнае роднае слова”. Бібліятэкары прапанавалі сваім наведвальнікам адказаць на пытанне “Ці ёсць будучае ў беларускай мовы?”, назваць любімае слова па-беларуску. Самым цікавым заданнем было перакласці словы з беларускай мовы на рускую. Вынікі бібліятэчнага квілта парадавалі тым, што ўсе ўдзельнікі далі станоўчы адказ на пытанне пра лёс роднай мовы. Па іх меркаванню, беларуская мова была, ёсць і будзе жыць.
У Гараднянскай сельскай бібліятэцы з удзелам навучэнцаў 5-7 класаў прайшоў урок роднай мовы “У свеце родных слоў”. Напачатку бібліятэкар Галіна Вячорка пазнаёміла прысутных з гісторыяй свята - Міжнародны дзень роднай мовы, а таксама расказала аб развіцці беларускай мовы. Падчас урока дзеці выконвалі заданні, гулялі ў гульню “Мае любімыя беларускія словы”, разгадвалі беларускія загадкі. У завяршэнні мерапрыемства ўдзельнікі чыталі вершы беларускіх паэтаў Янкі Купалы, Васіля Віткі, Ларысы Вырко, Васіля Казачка.
Бібліятэкар Рамельскай сельскай бібліятэкі наведала вучняў 3 класа Рамельскай сярэдняй школы з конкурсна-гульнёвай праграмай “Таямніцы родных слоў”. Пачалося мерапрыемства вершам Ігара Пракаповіча “Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой”, у якім выказана бязмерная любоў да сваёй мовы. Далей актыўна прайшлі конкурсы “Размінка”, “Перакладчыкі”, “Загадкі з вясёлай хаткі”, “Расшыфруй прыказку”. Паказалі ўдзельнікі свае веды беларускай мовы ў заданні “Што азначае гэтае слоўца?”. А напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікам прапанавана была экскурсія ў Музей народнага побыту. Бібліятэкар у народным адзенні расказала дзецям пра прадметы побыту продкаў, прапанаваўшы назваць гэтыя прадметы і патлумачыць, для чаго яны ўжываліся. Завяршылася мерапрыемства фотасесіяй з прадметамі побыту і працы мінулага.
У Рубельскай сельскай бібліятэцы з удзелам вучняў 7 “Б” класа (кл. кір. Страха Т.Л.) Рубельскай сярэдняй школы прайшла гадзіна беларускай мовы “Родная мова ў творах мясцовых пісьменнікаў”. Спачатку бібліятэкар Вольга Цар пазнаёміла ўдзельнікаў з гісторыяй развіцця беларускай мовы. Затым услых чыталі вершы паэта-земляка Віктара Вабішчэвіча “Навошта мне жыццё без мовы”, “Мая малітва”, “Рубель” і інш., які нязменна служыў роднаму беларускаму слову, выступаў за сціпласць і справядлівасць, глыбокі роздум над словам, беражлівыя адносіны да роднай мовы. Падчас мерапрыемства бібліятэкар правяла агляд кнігі Мікалая Пашкевіча “У родным слове адгукаецца душа”, у якой распавядаецца пра гаворку жыхароў в. Рубель, пра тое, як слова дапамагае адчуць сувязь са сваімі продкамі, убачыць непаўторнае хараство родных мясцінаў. Пазнаёміць школьнікаў са зборнікамі вершаў паэтаў Століншчыны дапамагла выстава “У свеце родных слоў”.
20 ЛЮТАГА
Гутарка пра родную мову “Мая мова – мая спадчына” прайшла ў Столінскай дзіцячай бібліятэцы з удзелам вучняў 2 “А” і “Б” класаў сярэдняй школы № 3 г. Століна. Размова пачалася з экскурса ў гісторыю ўзнікнення свята – Дня роднай мовы, а таксама пагутарылі аб значэнні роднай мовы ў жыцці кожнага чалавека. Бібліятэкар Людміла Варанец нагадала ўдзельнікам пра славутага Францыска Скарыну, першадрукара, пісьменніка, філосафа, грамадскага дзеяча, перакладчыка. Далей бібліятэкар правяла агляд “Да роднай мовы крок зрабі”, дзе прадставіла выданні, якія знаёмяць з багаццем беларускай мовы, яе вобразнасцю і мілагучнасцю. Актыўна і цікава прайшлі гульні “Ці ведаеце вы?” і “Цікавыя словы беларускай мовы”, адгадванне крыжаванкі.
У Рэчыцкай гарпасялковай бібліятэцы з удзелам навучэнцаў 3 “Б” класа сярэдняй школы № 3 р.п. Рэчыца прайшла гадзіна фальклору “Беларуская скарбонка”. Мерапрыемства пачалося з гучнага чытання вершаў беларускіх пісьменнікаў Пімена Панчанкі “Я – дзяўчынка-беларуска” і Ніла Гілевіча “ “Я – беларус”. Пачуўшы прыгожыя вершы, у госці на мерапрыемства завітала Мовазнаўца ў беларускім адзенні (загадчык бібліятэкі Таццяна Козел) са скарбонкай у руках і разам з дзецьмі пачалі раскрываць скарбонку беларускай мовы і яе сакрэты з каштоўнасцямі - жартамі, дразнілкамі, забаўлянкамі, загадкамі, прыказкамі, прымаўкамі. Удзельнікі ўспомнілі беларускія словы, якія вывучалі раней, беларускія казкі, прыказкі і скорагаворкі, паспрабавалі адгадаць загадкі.
У Белавушскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна паэзіі “Наша багацце - родная мова”. Бібліятэкары падрыхтавалі тэматычную зону, на фоне якой і прайшла гадзіна паэзіі. Напачатку бібліятэкар Наталля Горбач расказала аб тым, што менавіта 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, што кожны чалавек, грамадзянін павінен ведаць і шанаваць мову бацькоў і дзядоў. Адзначыла, які цяжкі шлях прайшла беларуская мова. Затым у выкананні чытачоў, вучняў 4-6 класаў Белавушскай сярэдняй школы, гучалі вершы беларускіх паэтаў пра беларускую мову.
Бібліятэкар Беражноўскай сельскай бібліятэкі Таццяна Новік прапанавала для дзяцей малодшага школьнага ўзросту пазнавальную гульню “У свеце родных слоў”. Гульня прайшла ў камандным фармаце, за перамогу змагаліся каманды “Каласок” і “Васілёк”. Падчас гульні ўдзельнікі адгадвалі беларускамоўныя загадкі, перакладалі з рускай мовы на беларускую словы і сказы, адказвалі на пытанні віктарыны аб Беларусі, успаміналі беларускія прыказкі. У выніку гульні перамогу атрымала каманда “Каласок”.
Бібліятэкары Веляміцкай сельскай бібліятэкі для навучэнцаў 3 класа Веляміцкай сярэдняй школы (кл. кір. Н.П. Аблавушка) наладзілі конкурсна-гульнёвую праграму “Падзелімся родным словам”. Дзеці з задавальненнем і цікавасцю прымалі ўдзел у конкурсах, заданнях, гульнях: гульні-вітанні “Ці ўсе ёсць?”, заданні “Што ў іх агульнага?”, конкурсах “Адным словам”, “Перакладчык”, “Згубленае слова”, фізкультхвілінцы “Хто як рухаецца”. У завяршэнні праграмы ўсе разам успомнілі самыя прыгожыя словы па-беларуску.
У Відзіборскай сельскай бібліятэцы прайшла інтэлектуальная віктарына “У свеце родных слоў”. На мерапрыемства сабраліся вучні 1-4 класаў Відзіборскай сярэдняй школы. Спачатку бібліятэкар прачытала ўрывак з верша Максіма Танка “Родная мова”. Далей дзеці даведаліся, як размаўлялі іх продкі, што беларуская мова багата на прыказкі і прымаўкі. Бібліятэкар прапанавала прыняць удзел у віктарыне, якая складалася з заданняў: “Дапоўніць прыказку”, “Растлумачыць фразеалагізм”, “Разгадаць загадкі”.
У Глінкаўскай сельскай бібліятэцы прайшоў конкурс “У свеце родных слоў” з удзелам навучэнцаў 3 класа Глінкаўскай сярэдняй школы. Напачатку мерапрыемства прысутныя ўспомнілі, як узнікла мова, першыя словы. Бібліятэкар прапанавала дзецям даказаць, як яны ведаюць і любяць сваю мову. Затым клас падзяліўся на дзве каманды – “Сонейка” і “Вясёлка”, і кожная каманда атрымала заданні на веданне мовы. Рабяты з дапамогай бібліятэкара справіліся з заданнямі, пашырылі свае веды па мове.
Гадзіна фальклору “Чытаем вершы пра родную мову” прайшла ў Дубайскай сельскай бібліятэцы. У пачатку дзеці паслухалі ўрывак з артыкула Цёткі “Шануйце роднае слова”. Бібліятэкар расказала аб тым, што шмат вуснай творчасці беларускага народа сабрана і запісана этнографамі: легенды, казкі, песні, прыказкі, а таксама падкрэсліла, што на сучаснай моладзі ляжыць адказнасць і неабходнасць развіваць далей родную мову, узбагачаць свой народ і яго культуру. Затым дзеці чыталі вершы Сяргея Грахоўскага, Максіма Танка, Пімена Панчанкі і іншых беларускіх паэтаў. Напрыканцы мерапрыемства бібліятэкар з дзецьмі дамовіліся часцей размаўляць на роднай мове.
У Кароціцкай сельскай бібліятэцы прайшоў конкурс “Багацце роднай мовы” з удзелам навучэнцаў 3 класа Кароціцкай сярэдняй школы, у час якога ўдзельнікі перакладалі словы на беларускую мову, называлі прыказкі і прымаўкі пра мову і выпраўлялі памылкі ў сказах. У заканчэнні бібліятэкар правяла віктарыну па беларускіх народным казках.
Бібліятэкар Лядзецкай сельскай бібліятэкі Наталля Алейнік арганізавала конкурс паэтычнага майстэрства “Гучы, мая родная мова!”, у якім прынялі ўдзел навучэнцы 9 класа Лядзецкай сярэдняй школы. Удзельнікі на памяць прачыталі шэраг вершаў на беларускай мове беларускіх паэтаў. Лепшымі чытальнікамі сталі Вікторыя Шыкунец, Марыя Майсюк, Іван Зельманчук. Вучаніца Аляксандра Алейнік да конкурсу падрыхтавала тэматычны плакат да свята роднай мовы.
Для вучняў Альманскай сярэдняй школы ў Альманскай сельскай бібліятэцы прайшла пазнавальная віктарына “Чароўны куфэрак беларускіх слоў”. Удзельнікі актыўна адказвалі на пытанні віктарыны, разгадалі тэматычныя рэбусы і крыжаванкі, звязаныя з беларускай мовай. Таксама бібліятэкар пазнаёміла чытачоў з літаратурнымі выставамі “Дзіўная родная мова”, “Беларускія пісьменнікі-юбіляры”.
Калектыў Альшанскай сельскай бібліятэкі арганізаваў гульню “Ведай і любі родную мову” з удзелам вучняў 10 “Г” класа Альшанскай сярэдняй школы № 1 (кл. кір. Скрабец І.А.). Размова пачалася з гісторыі ўзнікнення свята роднай мовы, бібліятэкар Святлана Іванова выразна прачытала верш М. Танка “Родная мова”. Затым пачалася гульня, якая складалася з некалькіх этапаў: “Адным словам”, “Сваякі”, “Мудрыя словы”, у ходзе якіх удзельнікі праявілі свае веды, эрудыцыю, кемлівасць. У гэты ж дзень бібліятэка правяла гадзіну паэзіі “Чытаем кнігі на роднай мове” з удзелам вучняў 10 “В” класа Альшанскай сярэдняй школы № 1. Бібліятэкары пазнаёмілі ўдзельнікаў з гісторыяй развіцця роднай мовы, цікавымі фактамі аб асветніках Беларусі. Актыўная ўдзельніца прачытала вершы пра родную мову Максіма Танка, Сяргея Грахоўскага, Пімена Панчанкі і іншых беларускіх паэтаў.
У Рухчанскай сельскай бібліятэцы прайшло свята роднай мовы “Чароўны куфэрак беларускіх слоў”. Бібліятэкар пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з гісторыяй роднай мовы, дазналіся шмат цікавых фактаў аб асветніках Беларусі, паразмаўлялі пра неабходнасць захавання такой мілагучнай мовы. На працягу ўсяго мерапрыемства размаўлялі на беларускай мове, гучалі вершы-прысвячэнні роднай мове Пімена Панчанкі, Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Танка, Петруся Броўкі і іншых паэтаў. Таксама праведзены конкурсы, гульні, звязаныя з роднай мовай.
У Стружскай сельскай бібліятэцы прайшла лінгвістычная віктарына “У свеце родных слоў”. Бібліятэкар расказала пра значэнне і гісторыю ўзнікнення роднай мовы. Нагадала аб тым, што трэба берагчы і не забываць беларускае слова. Удзельнікі адказалі на пытанні цікавай віктарыны, паўдзельнічалі ў конкурсе “Прыказка і сэнс”, склалі крыжаванку і атрымалі фінальнае слова. Дзеці былі зацікаўлены і зразумелі, што родная мова аб’ядноўвае людзей.
Конкурс знаўцаў роднай мовы “Таямніцы родных слоў” прайшоў у Церабліцкай сельскай бібліятэцы. Падчас конкурсу дзецям прапанаваны заданні па разгадванню загадак, выяўленню слоў-сінонімаў, азначэнню шматзначных слоў беларускай мовы. У завяршэнне ўдзельнікі прачыталі вершы на беларускай мове.
Бібліятэкар Турской сельскай бібліятэкі Наталля Алейнік з пазнавальна-гульнёвай гадзінай “У свеце дзіцячых пісьменнікаў” наведала навучэнцаў 6 класа Хорскай сярэдняй школы. Бібліятэкар разам з дзецьмі ўспомнілі беларускіх пісьменнікаў і іх творы, а таксама расказала пра пісьменнікаў і творы, якія не ўваходзяць у школьную праграму. Пазнавальна-гульнёвая гадзіна працягнулася камандным конкурсам. Клас падзяліўся на каманду дзяўчынак і каманду хлопчыкаў. Прайшоўшы шэраг конкурсных заданняў, перамогу атрымала каманда дзяўчынак.
Літаратурна-музычная гасцёўня “Не пакідайце ж мовы роднай…” прайшла ў Фядорскай сельскай бібліятэцы. Бібліятэкар расказала пра гісторыю беларускай мовы, падкрэсліла яе прыгажосць і мілагучнасць. У час мерапрыемства гучалі вершы на беларускай мове.
21 ЛЮТАГА
Мачульская сельская бібліятэка запрасіла сваіх юных чытачоў на віктарыну “У свеце родных слоў”. Рабяты даведаліся аб разнастайнасці моў на планеце, аб тым, што родная мова – гэта душа народа, спадчына многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, яго багацце і адметнасць. Удзельнікі актыўна адказвалі на пытанні віктарыны і змагаліся ў конкурсах “Пішыце правільна”, “Параўнай”, “Прыказкі і прымаўкі”, “Значэнне слоў”.
Турнір знаўцаў роднай мовы “Мова родная – мова модная” прайшоў у Плотніцкай сельскай бібліятэцы. У пачатку мерапрыемства бібліятэкар Святлана Клімец зачытала верш Міхася Пазнякова “Беларусь”. Далей удзельнікі спаборнічалі паміж сабой у конкурсах: “Адгадай загадкі”, “Кот у мяшку” (па апісанню і прыкметах патрэбна была адгадаць прадмет), “Перакладчыкі”, “Назаві адным словам”, “Складзі прыказку”, “Даць агульную назву”, “Школьны дыктант”, “Наборшчыкі” (з прапанаваных літар патрэбна было скласці як мага больш слоў і галоўнае слова). Апошні конкурс быў “Выпраў памылку” (бібліятэкар зачытвала радкі і патрэбна было выправіць няправільнае слова). Па выніках турніру перамагла “дружба”.
У Рамельскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна роднай мовы “Льецца мова родная...”. Бібліятэкар Таццяна Нагар нагадала, што родная мова - гэта не толькі мінулае, але і сучаснасць, якая стварае будучыню. Каб не даць загінуць жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, цудоўнай роднай мове ўдзельнікі мерапрыемства сабраліся ў памяшканні бібліятэкі. Для іх былі падрыхтаваны вершы-шыфроўкі, якія патрэбна было разгадаць. У заданні “Грані слова” выцягвалі скрутачак і адгадвалі, пра што ідзе гаворка. Папрацавалі удзельнікі і “перакладчыкамі”, а ў “Інтэлектуальнай азбуцы” выцягвалі літару алфавіта і называлі тры словы на гэтую літару.
Харомская сельская бібліятэка запрасіла пастаянных наведвальнікаў на ўрок роднай мовы “Багацце беларускай мовы”. Бібліятэкар пазнаёміла з навінкамі дзіцячай беларускай літаратуры, слоўнікамі беларускай мовы, якія маюцца ў бібліятэцы. Таксама бібліятэкар расказала пра паняцце дыялектнай мовы, абмеркавалі асаблівасці мясцовай гаворкі. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі зачытвалі ўслых урыўкі твораў беларускіх пісьменнікаў.
22 ЛЮТАГА
Бібліятэкар Кароціцкай сельскай бібліятэкі Таццяна Сямейка правяла агляд літаратуры “Беларускія кнігі - гэта цікава!”. Бібліятэкар расказала пра творы В. Марціновіча, Л. Рублеўскай, Н. Батраковай, а таксама засяродзіла ўвагу на кнігах пісьменнікаў Століншчыны – Г. Бабарыка, В. Казачка, В. Шпакевіч і інш.
У Аздаміцкай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна фальклору “Гучы, родная мова!”, накіраваная на папулярызацыю беларускай мовы і беларускай вуснай народнай творчасці. Удзел прынялі навучэнцы 5-6 класаў Аздаміцкай сярэдняй школы, для якіх бібліятэкар падрыхтавала вершы на роднай мове, загадкі і скорагаворкі. Пазнаёміла з выставай кніг на беларускай мове.

















