З нагоды 70-годдзя з дня нараджэння вядомага сучаснага беларускага празаіка, драматурга, публіцыста Уладзіміра Ягоўдзіка ў бібліятэках Столінскага раёна праведзены шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных літаратурнай дзейнасці пісьменніка.
13 ЛЮТАГА
У Столінскай дзiцячай бiблiятэцы прайшоў лiтаратурны агляд “Скарбы нашай Радзiмы”. Біблiятэкар зрабiла экскурс па старонках жыцця і творчасцi пiсьменнiка, засяродзiла ўвагу дзяцей на яго творах пра жывёл, птушак, раслiннасць. Школьнікі даведаліся пра творчасць пісьменніка, яго кнігі, яшчэ раз успомнілі факты, якія ён раскрывае ў сваіх творах: дзе жыве бабёр, як зiмою жывёлы ратуюцца ад холада, каго называюць “санітарам лесу”. Асаблiвую ўвагу бібліятэкар надала кнiзе “Сем цудаў Беларусi”, з якой удзельнікі даведаліся пра самыя адметныя мясціны сваёй краіны.
Літаратурнае падарожжа “Цудоўны свет кніжак Уладзіміра Ягоўдзіка” прайшло ў Рэчыцкай гарпасялковай бібліятэцы з удзелам навучэнцаў 3-х класаў сярэдняй школы № 3 р.п. Рэчыца. Бібліятэкар Ганна Дайнэка расказала дзецям аб жыццці і дзейнасці Уладзіміра Ягоўдзіка. Удзельнікі разам з бібліятэкарам рушылі ў незвычайнае падарожжа па цудоўнаму свету кніжак беларускага пісьменніка. Мерапрыемства прайшло ў гульнёвым фармаце, дзе навучэнцы актыўна праявілі сябе ў гульні-віктарыне “Адгадай назву”, конкурсе загадак пра птушак, жывёл, а таксама паслухалі казку-легенду «Ці вернецца князь Кук?”. Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі змаглі бліжэй пазнаёміцца з кнігамі, прадстаўленымі на кніжнай выставе «Уладзіміру Ягоўдзіку – 70!».
У Велямiцкай сельскай бібліятэцы прайшла лiтаратурная гадзiна “Знаўца прыроды”. На мерапрыемстве прысутнiчалi вучнi 5-га класа Велямiцкай сярэдняй школы. Бiблiятэкар пазнаёмiла дзяцей з бiяграфiяй i творчасцю пiсьменнiка. Расказала, што Уладзімір Ягоўдзiк з’яўляецца не толькi дзiцячым пiсьменнiкам, але i рэдактарам часопiса “Бярозка”, заснавальнiкам часопiса “Лесавiк”, драматургам, паэтам, лiтаратурным крытыкам, перакладчыкам і журналicтам. Таксама нагадала пра тое, што пiсьменнiк напiсаў для дзяцей п’есы, якія ставiлiся ў лялечных i драматычных тэатрах краiны. Да мерапрыемства падрыхтавана кніжная выстава “Скарбы нашай Радзiмы”, з якой удзельнікі даведаліся, што пiсьменнiк шмат твораў пісаў пра беларускую прыроду, рэкi, нацыянальныя паркi i запаведнiкi.
У Стружскай сельскай бібліятэцы прайшоў агляд творчасці “Цудоўны свет кніг Уладзіміра Ягоўдзіка”. У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, здзейснілі падарожжа па кнігах “Быў знак на небе”, “Начны князь”, “Птушкі побач з намі”, “Па слядах ваўка”, “Нацыянальныя паркі і запаведнікі Беларусі”. Даведаліся пра тое, якія грыбы, ягады, кветкі растуць у Беларусі, пра птушак і жывёл, якія жывуць у нашых краях. У канцы мерапрыемства юныя чытачы ўзялі творы пісьменніка, якія спадабаліся, пачытаць дадому.
14 ЛЮТАГА
У Белавушскай сельскай бібліятэцы арганізавана выстава-віктарына “Адчыняем таямніцы прыроды з Уладзімірам Ягоўдзікам”. Спачатку мерапрыемства бібліятэкары пазнаёмілі дзяцей з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, затым запрасілі сваіх чытачоў прыняць удзел у віктарыне па творчасці пісьменніка, паказаць свае веды і эрудыцыю. Адказы на пытанні віктарыны ўдзельнікі маглі знайсці ў тэксце твораў аўтара. Прысутным было цікава паспрабаваць свае сілы, а некаторыя выказалі жаданне ўзяць кнігі У. Ягоўдзіка для чытання.












