ГУК «Столинская районная библиотечная система»

У 2026 годзе стартаваў агульнанацыянальны праект “Кожная пятніца – роднае, сваё!”, да якога далучыліся і бібліятэкі Століншчыны. У межах праекта бібліятэкары прапануюць сваім наведвальнікам літаратурныя выставы кніг на беларускай мове і мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы і далучэнне да беларускай літаратуры шырокай грамадскасці.


16 СТУДЗЕНЯ

На старонках ДУК «Столінская раённая бібліятэчная сістэма» у сацыяльных сетках «Одноклассники», «ВКонтакте» і «Instagram» стартавала рубрыка «Пятніца: час роднай мовы». Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі кожную пятніцу публікуецца пост з літарай беларускага алфавіту. Падпісчыкам прапануецца напісаць у каментарыях свае самыя любімыя, прыгожыя, цёплыя, смешныя або важныя словы на беларускай мове, якія пачынаюцца на гэтую літару. Яны з задавальненнем пішуць беларускія словы, таму посты збіраюць шмат каментарыяў. Рубрыка будзе дзейнічаць на працягу года.

23 СТУДЗЕНЯ

«Падпішы паштоўку сябру!» — пад такой назвай у Манькавіцкай сельскай бібліятэцы прайшла акцыя, прымеркаваная да Дня ручнога пісьма. Удзельнікі пісалі лісты на беларускай мове сваім сябрам, аднакласнікам, мамам і татам. Бібліятэкары заклікалі ўдзельнікаў часцей звяртацца да такой формы паведамленняў, замест тэлефонаў. Менавіта лісты і паштоўкі, напісаныя ад рукі, захоўваюць незвычайную рэч: цяпло, настрой і частку душы чалавека, які іх пісаў.

23 студзеня ў межах праекта прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 75-гадовага юбілею беларускага пісьменніка Міхася Пазнякова.

30 СТУДЗЕНЯ
У аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшла акцыя “Роднай мовы ветлівыя словы”, у ходзе якой наведвальнікам бібліятэкі прапанавалі ўспомніць ветлівыя словы на беларускай мове. Кожны ўдзельнік акцыі атрымліваў тэматычную закладку для кнігі. Таксама ў межах акцыі бібліятэкары рэкамендавалі кнігі на беларускай мове.

Белавушская сельская бібліятэка да праекта далучылася з мерапрыемствам у фармаце пазнавальнага падарожжа “Па старонках кнігі “10 пытанняў пра звяроў” з серыі “100 пытанняў пра Беларусь”. Юныя чытачы бібліятэкі цікавяцца кнігамі пра жывёл, таму з задавальненнем слухалі аповед бібліятэкара і адказвалі на розныя пытанні: “Якая хатняя жывёла самая ахайная?”, “Чаму зубр - сімвал Беларусі?”, “Чаму жывёлы знікаюць і іх заносяць з Чырвоную кнігу?”. Напрыканцы мерапрыемства дзеці прыйшлі да высновы, што жывёльны свет Беларусі багаты і разнастайны, а беларусы абавязаны захоўваць і берагчы жывую прыроду.

Бібліятэкар Турской сельскай бібліятэкі Наталля Алейнік наведала Хорскую сярэднюю школу, дзе для навучэнцаў 1 і 3 класаў правяла пазнавальную гадзіну “Беларуская казка – розуму падказка”. У самым пачатку бібліятэкар прачытала тры казкі на беларускай мове – “Пшанічны каласок”, “Як кот звяроў напалохаў”, “Чаму ліса і барсук у норках жывуць?”. Маленькія ўдзельнікі, уважліва праслухаўшы казкі, адказалі на пытанні па зместу, за што атрымлівалі балы, абмеркавалі казкі, герояў і іх учынкі.

Бібліятэкар Харомскай сельскай бібліятэкі Алена Снюк наведала мясцовы дзіцячы садок, дзе правяла гадзіну беларускага чытання “Чытаем беларускія казкі”. Маленькія чытачы даведаліся пра беларускія народныя казкі, чаму яны называюцца народнымі, а таксама праслухалі некаторыя з іх. Бібліятэкар расказала дзеткам пра тое, што казкі вучаць дабрыні і запрасіла з бацькамі наведаць бібліятэку, дзе ёсць многа казак, дзіцячых кніг і часопісаў.

30 студзеня ў межах праекта прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 105-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.