ГУК «Столинская районная библиотечная система»

У маі бібліятэкі Століншчыны таксама далучыліся да праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё!”, галоўнай мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя беларускай мовы, літаратуры, гісторыі і нацыянальных культурных каштоўнасцяў. Бібліятэкары правялі шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне цікавасці да роднай мовы, паглыбленне ведаў пра Беларусь.


15 МАЯ

У Харомскай сельскай бібліятэцы прайшла краязнаўчая гадзіна “Таленты роднага краю”. Да ўвагі наведвальнікаў была прадстаўлена выстава творчасці, дзе экспанатамі выступілі вышываныя працы мясцовай майстрыхі Галіны Крывецкай, ганчарныя вырабы з вёскі Гарадная. Бібліятэкар пазнаёміла з вядомымі майстрамі Століншчыны – разьбяром па дрэву Іванам Піліпавічам Супрунчыкам, ганчаром і паэтам Васілём Андрэевічам Казачком, а таксама з працамі мясцовых рукадзельніц і майстрых. Цікавасць выклікала кніга “Палескія былі Івана Супрунчыка”, дзе расказваецца аб разнастайнай творчасці майстра, яго скульптурах з дрэва, малюнках, этнаграфічнай дзейнасці і Цэнтры драўлянай скульптуры ў в. Цераблічы.

15 мая ў межах праекта прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 115-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Васіля Віткі.

22 МАЯ
Бібліятэкар Відзіборскай сельскай бібліятэкі Алена Пашкевіч падрыхтавала выставу-дэгустацыю з элементамі гульні-віктарыны “Бульбяныя прысмакі”. Да ўвагі ўдзельнікаў на выстаўцы былі прадстаўлены стравы беларускай кухні, прыгатаваныя з бульбы: дранікі, клёцкі, зразы, бульба запечаная. Таксама бібліятэкар правяла для ўдзельнікаў займальную віктарыну “Бульба” і гульню “Хто хутчэй?”. Напрыканцы мерапрыемства ўсе пакаштавалі стравы з беларускай бульбы і атрымалі невялікія падарункі.

У Дубайскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна цікавых фактаў “Буйнейшыя музеі Беларусі” з нагоды Міжнароднага дня музеяў. Бібліятэкар падрыхтавала паведамленне аб самых знакамітых музеях Рэспублікі Беларусь: Нацыянальным мастацкім музеі, музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музеі Беларускага Палесся ў Пінску і іншыя. На мерапрыемстве прысутнічаў Вярэніч Алег Грыгор’евіч, які працаваў экскурсаводам у Тураўскім краязнаўчым музеі. Ён расказаў аб значэнні краязнаўчых музеяў для справы захавання гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама зрабіў завочную экскурсію па розных музеях Беларусі.

Бібліятэкар Сямігосціцкай сельскай бібліятэкі Надзея Быба правяла краязнаўчую гадзіну “Сакрэты бабулінага куфра”, падчас якой наведала мясцовую майстрыху Ганну Васільеўну Трэццякевіч. Майстрыха-вышывальшчыца пазнаёміла са сваімі творчымі працамі, якія захоўваюць цяпло рук і часцінку душы. Ганна Васільеўна расказала аб відах рукадзелля, для чаго выкарыстоўваліся вышытыя рэчы, пра тэхнікі і колеры. Дзялілася сакрэтамі, як выбраць ніткі, як перанесці малюнак, як замацаваць працу. Напрыканцы сустрэчы бібліятэкар шчыра падзякавала Ганну Васільеўну за яе майстэрства і гасціннасць, пажадала, каб натхненне ніколі не згасала, а рукі стваралі новыя цуды, падарыла кветкі.

29 МАЯ
Столінская дзіцячая бібліятэка прапанавала навучэнцам 2 “А” класа сярэдняй школы № 3 г. Століна прыняць удзел у фальклорнай гадзіне “Беларускія народныя лялькі”. Бібліятэкар спачатку зрабіла невялікі экскурс у гісторыю славянскай культуры, расказала аб прызначэнні лялек-берагінь і іх ролі ў жыцці людзей. Дзеці даведаліся, што існуе многа відаў лялек, чаму абавязкова пры стварэнні лялек павінен прысутнічаць чырвоны колер. Далей удзельнікі самі паспрабавалі стварыць сваю ляльку пад кіраўніцтвам бібліятэкара.

Таксама ў гэты дзень у Столінскай дзіцячай бібліятэцы прайшла літаратурная вандроўка “Беларуская казка - розуму падказка”. Бібліятэкары запрасілі вучняў 2 “А” і “Б” класаў Столінскай дзяржаўнай гімназіі ў незвычайнае падарожжа, дзе прынялі ўдзел у віктарыне “Казачны свет”, творчым конкурсе “Мая казка”. На заканчэнні падарожжа ўсе прысутныя паглядзелі беларускую казку “Ганарыстая варона”, абмеркавалі яе і адзначылі, чым казка з’яўляецца павучальнай для дзяцей.

У Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы прайшла гадзіна роднай мовы “Беларуская скарбонка”. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі не толькі праверылі свае веды, але і даведаліся шмат новага пра прыгажосць і непаўторнасць роднай мовы. Школьнікі актыўна адказвалі на пытанні літаратурнай віктарыны, а ў гульні “Знайдзі пару” з дапамогай інтэрактыўнай дошкі тлумачылі значэнні фразеалагізмаў. Мерапрыемства стала чарговым доказам таго, што вывучаць беларускую мову можна весела і цікава.

У Глінкаўскай сельскай бібліятэцы прайшла конкурсная праграма “Мая чароўная Беларусь”, якая складалася з конкурсных тураў. У першым конкурсе ўдзельнікам трэба было зрабіць апісанне роднай краіны, у конкурсе “Падумай і адкажы” дзеці паказалі свае веды па розных тэмах. Конкурс “Горад Беларусі” таксама быў пазнавальным, у ім кожнай камандзе неабходна было напісаць назву горада з вызначанай літары. Конкурсная праграма працягнулася такімі цікавымі конкурсамі, як конкурс загадак і конкурс прыказак і прымавак, якімі багата беларуская зямля. У завяршэнні праграмы дзеці пазнаёміліся з казкамі беларускіх аўтараў.