“Кожная пятніца – роднае, сваё!” – пад такім дэвізам прайшоў шэраг мерапрыемстваў у красавіку ў бібліятэках Століншчыны. Бібліятэкары прапанавалі сваім наведвальнікам выставы літаратуры беларускіх пісьменнікаў, знаёмілі з новымі паступленнямі і запрашалі да ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных беларускай мове, літаратуры і культуры.
3 КРАСАВІКА
У Столінскай дзіцячай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Казачны свет Алены Масла”, прысвечаная адной з самых вядомых сучасных пісьменніц Беларусі для дзяцей. Бібліятэкар Анастасія Ляшкевіч на абанеменце бібліятэкі зрабіла выставу “Беларускія пісьменніцы – дзецям”, на якой прадставіла творчасць Алены Масла. Бібліятэкар спынілася на жыццёвым і творчым шляху пісьменніцы, расказала пра тэмы, якія ўздымае беларуская пісьменніца-казачніца. Больш падрабязна дзеці пазнаёміліся з кнігай “Мяне завуць Лахнеска”, паразважалі аб учынках і думках галоўных герояў, зрабілі выснову, чым павучальная гэтая казка для дзяцей. Бібліятэкар падрыхтавала заданні па кнізе “Жывыя рэчы”, а таксама ўдзельнікі адказвалі на пытанні з “чароўнага капялюша”.
Гадзіна роднай мовы “Чытаем беларускія кнігі” прайшла ў Харомскай сельскай бібліятэцы. Бібліятэкар прадставіла падборку дзіцячых кніг беларускіх аўтараў, расказала аб сучасных беларускіх казках. Удзельнікі ўслых чыталі ўрыўкі казак, апавяданняў, узялі дадому кнігі, якія іх зацікавілі.
10 КРАСАВІКА
Інтэрактыўны столік “Брэнды #1_рэгіёна” арганізавала Манькавіцкая сельская бібліятэка ў межах праекта, дзе прадставіла знакамітыя прадукты вытворчасці Брэсцкай вобласці, кнігі для дзяцей, у якіх расказваецца аб эканамічных і вытворчых дасягненнях першага рэгіёна. Каб зрабіць знаёмства з брэндамі больш цікавым, бібліятэкары прапанавалі запальную гульню “Адкажы за 10 секунд” з простымі правіламі, дзе пераможцам стане той, хто збярэ 10 правільных адказаў. З цікавасцю ўдзельнікі даведаліся, што некаторыя добра знаёмыя і любімыя прадукты і тавары выпускаюцца менавіта ў Брэсцкай вобласці.
17 КРАСАВІКА
У Рэчыцкай гарпасялковай бібліятэцы з удзелам навучэнцаў 4 “А” класа сярэдняй школы № 3 р.п. Рэчыца прайшло літаратурна-пазнавальнае падарожжа “Па старонках кнігі “10 пытанняў пра расліны” з серыі “100 пытанняў пра Беларусь”. Удзельнікі разам з загадчыцай бібліятэкі Таццянай Козел рушылі ў незвычайнае падарожжа па цудоўнаму свету раслін, з задавальненнем слухалі аповед і адказвалі на розныя пытанні, але найбольшую цікавасць выклікалі пытанні “Як расліны нам дапамагаюць?”. Мерапрыемства прайшло ў гульнёвым фармаце, дзе ўдзельнікі актыўна праявілі сябе ў гульні-віктарыне “Кожная травінка – гэта вітамінка”, конкурсе загадак “Зяленая аптэка” пра расліны, а таксама чытанні вершаў пра лекавыя расліны, паслухалі ўрыўкі аповесцей-казак з кніжкі Уладзіміра Ягоўдзіка “Бабуліна варта”. Дзеці прыйшлі да высновы, што раслінны свет Беларусі багаты і разнастайны, а маленькія беларусы абавязаны захоўваць і берагчы жывую прыроду. Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі змаглі бліжэй пазнаёміцца з лекавымі раслінамі, прадстаўленымі на выставе-знаёмстве “Роднае прыроднае”.
У Вялікаарлоўскай сельскай бібліятэцы адбылася літаратурна-краязнаўчая гадзіна “Паэтычная вандроўка па Століншчыне”, падчас якой удзельнікі пазнаёміліся з творамі пісьменнікаў-землякоў, прысвечанымі розным куточкам роднай Століншчыны. Напачатку бібліятэкар пазнаёміла з імёнамі самых вядомых пісьменнікаў, ураджэнцаў Століншчыны, тэмамі іх творчасці, а далей дзеці чыталі вершы Галіны Бабарыка, Васіля Казачка, мясцовай паэтэсы Марыі Міцкевіч і іншых. Пазнаёміліся са зборнікам вершаў “Паэтычная вандроўка па Століншчыне”, прачыталі ўслых шэраг вершаў на беларускай мове.
Агляд дзіцячай літаратуры беларускіх пісьменнікаў "Пісьменнікі роднай зямлі" прайшоў у Глінкаўскай сельскай бібліятэцы. Бібліятэкар Галіна Ярашэвіч пазнаёміла ўдзельнікаў з творамі беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць для дзяцей. Асаблівую ўвагу бібліятэкар надала асобе і творчасці Сяргея Давідовіча, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, казкі якога вучаць спагадлівасці і шчырасці, заклікаюць ставіцца да ўсяго жывога на Зямлі беражліва і адказна. Удзельнікі пазнаёміліся з навінкамі дзіцячай беларускай літаратуры.
У Гараднянскай сельскай бібліятэцы з удзелам навучэнцаў пачатковых класаў прайшла гадзіна роднай мовы “Чытаем і размаўляем на беларускай мове”, падчас якой бібліятэкар пазнаёміла прысутных з творамі дзіцячай літаратуры на беларускай мове, расказала аб сучасных беларускіх аўтарах, якія пішуць творы для дзяцей. Гадзіна роднай мовы працягнулася чытаннем услых вершаў на беларускай мове.
Літаратурная гадзіна “Беларускія пісьменнікі” сабрала чытачоў у Альшанскай сельскай бібліятэцы. Загадчыца бібліятэкі Наталля Сыса нагадала не толькі пра творчасць знакамітых беларускіх пісьменнікаў, такіх як Янка Купала і Якуб Колас, але і пра шэраг вядомых пісьменнікаў і паэтаў Беларусі, якія сваёй творчасцю праславілі Беларусь. У час гадзіны прагучалі байкі Кандрата Крапівы, а сярод сучасных пісьменнікаў бібліятэкар спынілася на творчасці пісьменніцы-казачніцы Алены Масла. Літаратурная гадзіна дапамагла не толькі далучыцца да свету беларускай літаратуры, але і паказала прыгажосць беларускай мовы. Удзельнікі адкрылі для сябе шэраг навінак літаратуры і імёнаў беларускіх пісьменнікаў.
У межах праекта ў Стружскай сельскай бібліятэцы прайшла фальклорная гадзіна “Беларуская скарбніца фальклору”. Бібліятэкары знаёмілі прысутных з беларускай фальклорнай спадчынай - казкамі, легендамі, абрадамі, народнымі гульнямі. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Стружскага сельскага Дома культуры і сельвыканкама, якія з задавальненнем удзельнічалі ў віктарынах, адгадвалі загадкі, называлі народныя святы, успаміналі народныя павер’і і прыкметы.
24 КРАСАВІКА
Інтэрактыўная гульня “Беларускія прыказкі і прымаўкі” была арганізавана ў Вялікамалешаўскай сельскай бібліятэцы. Падчас гульні ўдзельнікам прапанавалася выканаць такія заданні, як скончыць пачатак прымаўкі, напісаць беларускі аналаг рускамоўнай прыказкі, растлумачыць, які фразеалагізм намаляваны на малюнку. Дзеці справіліся з усімі заданнямі, паказалі добрыя веды роднай мовы.
У Веляміцкай сельскай бібліятэцы з удзелам навучэнцаў 1-2 класаў Веляміцкай сярэдняй школы прайшла казачная гадзіна “Беларускія казкі – наша спадчына”. Бібліятэкары прапанавалі маленькім удзельнікам самыя цікавыя і разнастайныя па тэматыцы беларускія казкі. Растлумачылі, што казкі з’яўляюцца павучальнымі творамі, яна вучаць беражліва адносіцца да навакольнага асяроддзя, да сваіх бацькоў і Радзімы, знаходзіць выйсце са складанага становішча, дапамагаць сябрам у бядзе. Яшчэ больш у гэтым упэўніліся ўдзельнікі, паглядзеўшы выступленне лялечнага гуртка “Светлячок”. Удзельнікі гуртка і іх кіраўнік бібліятэкар Вольга Кажаноўская прадставілі маленькім гледачам казку “Тры парасяці”.
Агляд літаратуры “Чытаем на беларускай мове” прайшоў у Рубельскай сельскай бібліятэцы. Спачатку загадчыца бібліятэкі Валянціна Мамановіч расказала аб рэспубліканскай акцыі “Кожная пятніца – роднае, сваё!”, аб яе значэнні для развіцця і ўшанавання роднай беларускай мовы. Затым правяла агляд літаратуры такіх беларускіх аўтараў, як Янка Маўр, Алесь Бадак, Раіса Баравікова, Алесь Якімовіч, Яўгеній Хвалей і іншых. Нагадала аб творчасці пісьменнікаў-землякоў. Удзельнікі прачыталі вершы на беларускай мове, урыўкі твораў, а некаторыя кнігі пажадалі ўзяць дадому.
24 красавіка ў межах праекта прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 140-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі.





















