16 лістапада, у межах раённага бібліятэчнага месячніка краязнаўства “Мой край дарагі, старонка мая”, для ўдзельнікаў аматарскага аб'яднання “Спадчына” у Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы адбылася сустрэча з Васілём Андрэевічам Казачком у фармаце паэтычнай гасцёўні пад назвай “Калі радок дыктуе пачуццё...”.
На сустрэчу супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі аднаго з самых вядомых і таленавітых людзей Століншчыны – паэта-земляка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара Цэнтра ганчарства ў вёсцы Гарадная, аўтара двух зборнікаў вершаў “Прызнанне” і “Я веру!” – Васіля Андрэевіча Казачка.
Васіль Андрэевіч – той талент, што стаў гонарам не толькі столінскай зямлі, але і ўсёй Беларусі. Ён член Саюза майстроў народнай творчасці, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і проста чалавек з добрай, адкрытай і шчырай душой.
На пачатку сустрэчы паэт-ганчар распавёў пра сваё дзяцінства, юнацтва, пачатак творчага шляху. Захапіў гасцей гісторыяй роднага краю, падзяліўся і тым, што хвалюе сэрца паэта: стан беларускай мовы і будучыня не толькі роднай вёскі, але і ўсіх знікаючых вёсачак Беларусі. Пяшчотныя, прыгожыя радкі пра родную зямлю і яе краявіды гучалі ў выкананні аўтара на працягу ўсёй сустрэчы. Цераз паэзію Васіля Андрэевіча праходзіць прызнанне ў любові да сваёй малой радзімы, дарагой яго сэрцу Гарадной. Tэма кaxaння – yceaбдымнaя. Гэтa кpынiцa paдacцi i лeпшыx iмкнeнняў чaлaвeкa, пaчyццё бязмepнaй пaвaгi дa жaнчыны, яe xapacтвa, пpывaбнacцi, дyшэўнaй чыcцiнi. Таму каханню прысвечаны самыя душэўныя радкі паэта.
Васіль Андрэевіч чалавек шматгранны і захапляецца не толькі паэзіяй, але і жывапісам, маляваннем, ганчарствам. Аўтар расказаў пра шматвекавыя традыцыі ганчарнай справы, якія беражліва захоўваюць у вёсцы.
Удзельнікі гасцёўні дзяліліся ўражаннямі ад пачутых твораў, гаварылі пра малую радзіму, пра магчымасці кожнага дзеля захавання роднай мовы, культуры, народнага быту, звычаяў.
У канцы сустрэчы жадаючыя маглі атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца з аўтарам. Мерапрыемства атрымалася па-сапраўднаму паэтычна-цёплым.








