30 ліпеня 70-гадовы юбілей адзначае Васіль Казачок – вядомы паэт, мастак, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза майстроў народнай творчасці. У гонар гэтай падзеі напярэдадні юбілею ў бібліятэках Століншчыны былі арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху таленавітага земляка.
24 ЛІПЕНЯ
У Рубельскай сельскай бібліятэцы адбылася паэтычная гадзіна «Паэт, ганчар, мастак». Бібліятэкар Вольга Цар пазнаёміла ўдзельнікаў з жыццёвым і творчым шляхам Васіля Андрэевіча Казачка – вядомага беларускага паэта, ганчара, мастака, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і дырэктара Цэнтра ганчарства ў вёсцы Гарадной. Услых чыталі вершы са зборнікаў «Прызнанне», «Я веру!», «Мая малітва», у якіх аўтар узвышае прыгажосць багатай палескай прыроды, разважае пра лёс беларускай мовы, сэнс чалавечага жыцця, каханне і іншае. Напрыканцы мерапрыемства бібліятэкар падзялілася сваімі ўражаннямі пасля наведвання Цэнтра ганчарства ў вёсцы Гарадной.
26 ЛІПЕНЯ
У Гараднянскай сельскай бібліятэцы аформлена кніжная выстаўка «Талент роднага краю», на якой прадстаўлены кнігі паэта-земляка Васіля Казачка, а таксама біяграфічныя матэрыялы пра яго жыццё і творчасць. Паэт асабіста наведаў бібліятэку і зрабіў памятныя фотаздымкі з чытачамі.
У Аздаміцкай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна паэзіі «Паэт, ганчар, мастак». Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з жыццём і творчасцю Васіля Казачка, разам чыталі яго вершы пра палескую прыроду, жыццё палешукоў і беларускую мову. Чытачы з цікавасцю гарталі кнігі аўтара з бібліятэчнага фонду – «Прызнанне» і «Мая малітва». Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы і сабрала актыўных прыхільнікаў паэзіі.
29 ЛІПЕНЯ
Гадзіна паэзіі пад назвай «Талант роднага краю» адбылася ў Вялікаарлоўскай сельскай бібліятэцы. Распачала мерапрыемства бібліятэкар Святлана Скрабец са знаёмства чытачоў з жыццём і творчым шляхам паэта-земляка. Затым яна падрабязней расказала пра кнігі Васіля Казачка. У канцы сустрэчы гучалі вершы «Край бацькоўскі», «Родная зямля», «Спадчына» і іншыя.
У Альманскай сельскай бібліятэцы прайшла краязнаўчая гадзіна «Паэт. Ганчар. Мастак», прысвечаная творчасці Васіля Казачка. Бібліятэкар Зоя Буян пазнаёміла ўдзельнікаў з жыццёвым і творчым шляхам паэта, а таксама прапанавала ўвазе прысутных відэаматэрыялы, якія знаёмяць з ганчарным рамяством майстра. Затым удзельнікі мерапрыемства разам чыталі вершы: «Гарадная», прысвечаны роднай вёсцы, «Родная мова», у якім гучыць любоў да беларускага слова, а таксама творы пра выхаваўчую ролю настаўніка –«Настаўніку», «Выпускны» і іншыя паэтычныя радкі.
У Альшанскай сельскай бібліятэцы адбылася літаратурная гадзіна «Паэт, ганчар, мастак». У ходзе мерапрыемства бібліятэкары пазнаёмілі гасцей з жыццёвым і творчым шляхам юбіляра, падрабязна спыніўшыся на яго паэтычных зборніках «Мая малітва» і «Я веру!». Прысутныя змаглі па-новаму зірнуць на шматаблічную спадчыну аўтара, чыя творчасць пранізана шчырасцю, духоўнасцю і любоўю да роднай зямлі. Асаблівую душэўную атмасферу сустрэчы стварыла жывое слова. Чытач бібліятэкі Мікалай Мікалаевіч Сімановіч выразна зачытваў вершы Васіля Козачка. Мерапрыемства стала яшчэ адным напамінам пра тое, як важна берагчы і папулярызаваць беларускую літаратуру.
У Рухчанскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурна-краязнаўчая гадзіна «Паэт. Ганчар. Мастак». Бібліятэкар Валянціна Крывалевіч пазнаёміла гасцей з жыццёвым і творчым шляхам паэта, падрабязна спыніўшыся на яго паэтычных зборніках. Удзельнікі мерапрыемства з натхненнем чыталі вершы, прысвечаныя беларускай мове, роднай прыродзе, Радзіме і каханню.
30 ЛІПЕНЯ
У сацыяльных сетках на старонках Столінскай раённай бібліятэчнай сістэмы аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі апублікаваны пост-віншаванне пад назвай «Паэт, ганчар, мастак». Ён знаёміць чытачоў з жыццёвым і творчым шляхам Васіля Казачка, яго паэтычнымі зборнікамі, а таксама цытатамі пра жыццё, Радзіму, беларускую мову і каханне. Азнаёміцца з матэрыяламі можна таксама на сайце бібліятэкі ў раздзеле «Виртуальные выставки».
31 ЛІПЕНЯ
У Белавушскай сельскай бібліятэцы прайшлі паэтычныя чытанні «Талент роднага краю». Бібліятэкары пазнаёмілі маладое пакаленне з жыццёвым і творчым шляхам паэта, прадставілі агляд яго кніг: «Прызнанне», «Я веру!», «Мая малітва». Падчас мерапрыемства гучалі вершы пра родны край – «Гарадная», «Родная зямля», «Песня аб Гарадной». Аўтар неаднаразова выказваў неспакой за стан беларускай мовы ў сучаснасці. Гэтай тэме прысвечаны многія яго творы: «Родная мова», «Пагавары са мной па-беларуску», «Роднае слова», «Бацькоўскае слова». Зацікаўленне прысутных выклікалі таксама вершы з раздзела «Прыроды непаўторныя малюнкі». Творы паэта прагучалі ў выкананні бібліятэкараў Наталлі Горбач і Наталлі Бараноўскай, а таксама ўдзельнікаў мерапрыемства – Ксеніі Бараноўскай, Вікторыі Бараноўскай і Максіма Сеня.















