3 жніўня беларуская літаратурная супольнасць адзначае 100-гадовы юбілей Алеся Адамовіча – пісьменніка, які ўсё жыццё пісаў праўду пра вайну. Да гэтай знамянальнай даты ў Столінскай раённай бібліятэчнай сістэме праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы.
31 ЛІПЕНЯ
У Вемяліцкай сельскай бібліятэцы праведзены агляд творчасці пад назвай «Алесь Адамовіч: суровая праўда пра вайну». На мерапрыемстве прысутнічалі дзеці старэйшага школьнага ўзросту. Бібліятэкары расказалі вучням пра біяграфію і творчы шлях пісьменніка, які быў не толькі празаікам, але і крытыкам, грамадскім дзеячом, а ў Вялікую Айчынную вайну – партызанам. Усё сваё жыццё аўтар пісаў праўду пра вайну: яго раманы, аповесці і кнігі заснаваныя на ўспамінах простых людзей. Падчас мерапрыемства пагаварылі з дзецьмі пра дакументальную кнігу «Я з вогненнай вёскі...» (сааўтары Я. Брыль і У. Калеснік). Потым удзельнікі адказалі на пытанні віктарыны, пазнаёміліся з кніжнай выставай.
2 ЖНІЎНЯ
Бібліятэкар Аздаміцкай сельскай бібліятэкі Вольга Міхлюк правяла для чытачоў агляд літаратуры «Кнігі, напісаныя жыццём». У пачатку мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла прысутных з жыццём і творчасцю беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. Для агляду былі прадстаўлены кнігі, якія маюцца ў фондзе бібліятэкі: «Хатынская аповесць», «Карацелі», «Я з вогненнай вёскі», «Сыны ідуць у бой». Усе гэтыя творы прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Сам аўтар з 15 гадоў разам з маці і братам удзельнічаў у антыфашысцкім падполлі. Больш падрабязна бібліятэкар спынілася на кнізе «Хатынская аповесць», у якой расказваецца пра трагедыю беларускай вёскі Хатынь, спаленай у сакавіку 1943 года. У творы сабраны ўспаміны людзей, якія цудам засталіся жывымі. Бібліятэкар адзначыла, што творы Алеся Адамовіча былі перакладзены на 21 мову свету.
5 ЖНІЎНЯ
У Кароціцкай сельскай бібліятэцы прайшоў агляд літаратуры «Алесь Адамовіч: суровая праўда аб вайне». Бібліятэкар Таццяна Сямейка распавяла пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, публіцыста і крытыка, які ў 15 гадоў пайшоў у партызаны. Для прысутных была прадстаўлена кніжная выстава з творамі «Я з вогненнай вёскі...», «Хатынская аповесць», «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны сыходзяць у бой». У фінале мерапрыемства ўдзельнікі абмеркавалі няпростыя падзеі «Хатынскай аповесці» і ўспомнілі культавы фільм «Ідзі і глядзі», створаны паводле сцэнарыя Адамовіча.
У Рухчанскай сельскай бібліятэцы адбылася літаратурная гадзіна «Кнігі, напісаныя жыццём». Бібліятэкар Валянціна Крывалевіч падрабязна азнаёміла прысутных з жыццёвым і творчым шляхам класіка, адзначыўшы ключавыя этапы яго біяграфіі. Увазе наведвальнікаў была прадстаўлена кніжная выстава. Асаблівую цікавасць выклікала абмеркаванне прачытанага. Удзельнікі сустрэчы з задавальненнем дзяліліся ўражаннямі ад твораў Алеся Адамовіча, якія былі імі прачытаны раней. Гаворка ішла пра глыбокі гуманізм, праўдзівасць і эмацыянальную сілу яго прозы, якая не пакідае абыякавым ні адно пакаленне чытачоў.











