ГУК «Столинская районная библиотечная система»

7 ліпеня споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння песняра зямлі беларускай Янкі Купалы. З гэтай нагоды шэраг бібліятэк Століншчыны далучыліся да святкавання юбілейнай даты, успомнілі творчую спадчыну славутага паэта, яго няпросты жыццёвы шлях.


У Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлена юбілейная кампазіцыя-фотазона “Пад сузор’ем Янкі Купалы і Якуба Коласа”, дзе маецца магчымасць далучыцца да творчай спадчыны песняроў, паспрабаваць сябе ў напісанні ўласных паэтычных радкоў, зрабіць каларытныя фотаздымкі. Таксама ў дзень юбілею песняра стартаваў інтэрнэт-праект “Дзень з Коласам і Купалам”, у межах якога з ліпеня па лістапад будуць размяшчацца тэматычныя пасты ў сацыяльных сетках, прысвечаныя аднаму з паэтаў, або двум адразу.

7 ліпеня ў Рэчыцкай гарпасялковай бібліятэцы адбыўся вечар паэзіі “Купалавы словы, як малітва”, які сабраў сапраўдных прыхільнікаў творчасці класіка, што з’яўляецца невычэрпнай крыніцай духоўнай сілы нашага народа. Маладыя людзі падзяліліся меркаваннямі аб творах Янкі Купалы, якія ім падабаюцца, чыталі вершы, спявалі песні на словы паэта. Для малодшых чытачоў бібліятэкары правялі літаратурную віктарыну.

Рубельская сельская бібліятэка ў дзень нараджэння Янкі Купалы для чытачоў малодшага ўзросту арганізавала конкурс чытальнікаў “Словы Купалы да творчасці клічуць”. Бібліятэкар пазнаёміла ўдзельнікаў з біяграфіяй знакамітага паэта, асаблівую ўвагу засяродзіла на яго дзіцячых і юнацкіх гадах. Дзеці пазнаёміліся з кнігамі паэта, прачыталі ўрыўкі з вершаў. Было прапанавана прачытаць твор Купалы на хуткасць і прыгажосць: хто за адну хвіліну прачытае больш слоў. У выніку перамагла Сычэвіч Ніна з 4 класа, на другім месцы Вабішчэвіч Вольга (3 кл.), і трэцяй па хуткасці стала Пашкевіч Юлія (3 кл.). Напрыканцы дзеці дзяліліся ўражаннямі аб прачытаных летам кнігах і стварылі бібліятэчны квілт.

У Вялікамалешаўскай сельскай бібліятэцы адбылося пасяджэнне клуба “Аматары паэзіі” у форме літаратурна-паэтычнай гасцёўні “Пад зоркай Купалы і Коласа”. Падчас сустрэчы ўдзельнікі клуба разам з бібліятэкарамі яшчэ раз успомнілі, як пачыналіся творчыя і жыццёвыя шляхі прызнаных мэтраў беларускага слова. Удзельнікамі клуба былі прачытаны найбольш вядомыя творы класікаў, такія як “Новая зямля”, “Паўлінка”, прагучалі вершы “Неба”, “Што ты спіш” і многія іншыя. Увагу прыцягвала кніжная выстава “Роднай зямлі песняры”.

Веляміцкая сельская бібліятэка зладзіла літаратурную кампазіцыю ў гонар юбілею класіка, запрасіла да ўдзелу ў бліц-віктарыне “Што мы ведаем аб Янку Купалу?”. Мерапрыемства атрымалася цікавым, змястоўным і пазнавальным.

У Стружскай сельскай бібліятэцы гучалі вершы песняра падчас гадзіны паэзіі “Беларускай песні ўладар”. Удзельнікі мерапрыемства і бібліятэчныя работнікі чыталі вершы і ўрыўкі з любімых паэм Янкі Купалы, успомнілі песні, знаёміліся з літаратурнай выставай “У свеце купалаўскай паэзіі”.

Літаратурная гадзіна “Жыццё і творчасць Янкі Купалы” прайшла ў Стахаўскай сельскай бібліятэцы, паэтычны вечар “Не змоўкне голас песняра” – у Рухчанскай сельскай бібліятэцы, гадзіна паэзіі “Такім ён быў у жыцці” адбылася ў Асаўской сельскай бібліятэцы.