26 студзеня ў Давыд - Гарадоцкім Доме культуры адбылася творчая сустрэча з паэтам, земляком Леанідам Дранько-Майсюком і фотамастаком Анатолем Кляшчуком, якія прэзентавалі кнігу «Кветкавы край Беларусі».
На сустрэчу сабраліся аднакласнікі пісьменніка, жыхары горада, аматары народнай творчасці, мясцовыя літаратары, настаўнікі. Кніга прысвечана Давыд-Гарадку – багатаму на краскі і фарбы паселішчу Берасцейшчыны. У эсэ, якія напісаў Леанід Дранько-Майсюк, аздобленых багатай колькасцю фотаздымкаў, – распавядаецца пра адметнасці жыцця на Палессі. Тэксты паэта ўяўляюць сабой шчырыя і эмацыянальныя эсэ, поўныя і мастацкага светабачання, і дакументальнай, краязнаўчай дакладнасці. Аўтары распавялі, што дадзены творчы праект рыхтавалі паўтара дзясятка гадоў. У час сустрэчы Леанід Дранько-Майсюк успамінаў пра дзіцячыя і юнацкія гады свайго жыцця, прачытаў шмат вершаў, прысвечаных сваёй малой радзіме - Давыд-Гарадку, яго жыхарам. У Анатоля Кляшчука – пільны мастацкі погляд на жыццё сучаснікаў і продкаў. Фотамайстра здолеў расказаць пра людзей і час, пра розныя этапы жыцця ў гісторыі Давыд-Гарадка. Фотакніга “Кветкавы край Беларусі” – добры ўзор таго, як можна расказаць пра сваю малую Радзіму, добрая падказка да стварэння радзімазнаўчых энцыклапедый народнага жыцця. У канцы афіцыйнай часткі усе жадаючыя змаглі набыць кнігу і атрымаць аўтографы аутараў. Напрыканцы сустрэчы, за кубачкам гарбаты ў бібліятэцы, загадчыца бібліятэкі падзякавала аўтараў за іх творчасць і пажадала, каб сустрэча ў сценах бібліятэкі была не апошняй.



















