З 16 лютага па 22 лютага ў бібліятэках Століншчыны праходзілі мерапрыемствы ў межах Тыдня роднай мовы “Слаўлю цябе, мая родная мова!”. Святы мовы, літаратурныя гадзіны, гучныя чытанні, моўныя турніры і конкурсы сабралі прыхільнікаў роднай мовы ў шэрагу бібліятэк.
У аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Дзень роднай мовы адбылося літаратурнае падарожжа “Наша невычэрпнае багацце”. На мерапрыемстве прысутнічаў 9 “Б” клас Столінскай гімназіі. Змагаліся дзве каманды: “Зычныя” і “Галосныя”. Падчас падарожжа па краіне роднай мовы ўдзельнікам давялося зрабіць прыпынкі, на якіх выконвалі розныя заданні, такія як загадкі, шарады, рэбусы, крыжаванкі. Цікава прайшоў конкурс “Пазнай партрэт пісьменніка”.
Аддзел па абслугоўванню дзіцячага чытача Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі наведалі навучэнцы 7 класа Столінскай дзяржаўнай гімназіі і прынялі ўдзел у літаратурным экскурсе пад назвай “Я чытаю на роднай мове”. Бібліятэкар абанемента пазнаёміла прысутных з кніжнай выставай, беларускімі пісьменнікамі-юбілярамі, калектыўна прачыталі і абмеркавалі п’есу В. Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія”.
Для навучэнцаў 5 “А” класа СШ № 1 г. Давыд-Гарадка (кл. кіраўнік Кудласевіч Н.А.) бібліятэкары Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэкі правялі брэйн-рынг “Смак роднай мовы”. Падзяліўшыся на дзве каманды, “Аксаміткі” і “Васількі”, удзельнікі гульні выбралі капітанаў. Брэйн-рынг складаўся з трох раўндаў, у кожным з якіх даваліся няпростыя заданні, якія выконваліся за пэўны прамежак часу. Самым вясёлым аказалася заданне «Пераклад са старарускай». Вядучыя прапанавалі ўдзельнікам выканаць наступныя дзеянні: “закрыть левое око”, “потереть чело”, “погрозить перстом”, “покрутить выей”, “вытянуть назад шуйцу”, “хлопнуть себя по ланитам” і інш. Гульнёўцы прызналіся, што не ўсе тэрміны ведалі і змаглі папоўніць свой слоўнікавы запас. Па выніках гульні перамагла каманда “Васількі”. Усе удзельнікі праявілі свае веды, кемлівасць і знаходлівасць і даказалі, што ведаюць і любяць сваю родную мову. Напрыканцы мерапрыемства вучні на стыкерах у выглядзе сэрца напісалі, якая, на іх думку, беларуская мова.
Лялечны гурток “Калабок” Рэчыцкай гарпасялковай бібліятэкі паказаў прадстаўленне “Коцік, пеўнік і лісіца” для Церабяжоўскага дзіцячага сада. Падчас мерапрыемства дзеці адправіліся ў цікавае і займальнае падарожжа па казцы. Менавіта праз казку дзеці дакранаюцца да жыцця, культуры, быту, і галоўнае, мовы нашых продкаў. Падчас мерапрыемства дзеці прымалі актыўны ўдзел у гульні-конкурсе “Ведай і любі родную мову” і атрымалі добры настрой на ўвесь дзень.
Тыдзень роднай мовы ў Альшанскай сельскай бібліятэцы распачаўся гадзінай паэзіі “Аб роднай мове на роднай мове”. Першым прагучаў верш Уладзіміра Дубоўкі “Родная мова, цудоўная мова”, а затым прысутных пазнаёмілі з беларускімі класікамі літаратуры – П. Броўкам, З. Бядулям, К. Крапівой, Я. Коласам і інш. Падчас сустрэчы прагучала шмат вершаў на беларускай мове, бібліятэкары пазнаёмілі з кнігамі беларускіх пісьменнікаў, прадстаўленымі на кніжнай выставе “Слова роднае – вечнасці след”. У завяршэнні мерапрыемства прагучалі заключныя і важныя словы, што беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі, ганарыліся ёю, і размаўлялі. Таксама ў межах тыдня з удзелам школьнікаў прайшоў турнір знаўцаў мовы “Гавары са мной па-беларуску”. На пачатку бібліятэкары расказалі пра гісторыю ўзнікнення свята мовы. У камандным спаборніцтве ўдзельнікі турніра паказалі свае веды ў віктарыне “Загадкі роднай мовы”, у конкурсах і заданнях.
У Манькавіцкай сельскай бібліятэцы да Міжнароднага дня роднай мовы прайшла гульня-анаграма “Беларуская мова – мелодыя сэрца”, падчас якой кожны наведвальнік мог паўдзельнічаць у разгадванні беларускага філворда, рэбуса, анаграмы, выказаўшы тым самым сваю любоў і павагу прыгожай і мілагучнай, роднай і старажытнай мове бацькоў. Чытачам, якія вырашылі пашырыць свой слоўнікавы запас, даведацца пра нешта новае і ўспомніць даўно атрыманыя веды па беларускай мове, бібліятэкары прапанавалі прыняць удзел у слоўнікавым лабірынце. Не абыйшлося без цікавых тэматычных загадак. Чытачоў правяралі і на веданне беларускіх прымавак. У дапамогу была прадстаўлена кніжная выстава і бібліятэчны столік часопіса “Вясёлка”. У завяршэнне мерапрыемства кожнага ўдзельніка чакалі прызы: закладкі і салодкі пачастунак.
16 лютага, з пачаткам Тыдня роднай мовы, у Фядорскай сельскай бібліятэцы наладжана гульня-конкурс “Пагуляем у роднае слова”. Дзеці, удзельнікі гульні, адгадвалі па прыкметах і называлі прадметы, з’явы, жывых істот і г.д. на беларускай мове. Далей гульня працягнулася цікавымі конкурсамі – “Перакладчык”, “Назвы месяцаў”, “Беларускія прыказкі” і інш. Гульнявое мерапрыемства прайшло з карысцю - дапамагло замацаваць веды дзяцей аб мове, пашырыла слоўнікавы запас і паказала разнастайнасць і багацце роднай мовы.
“Наша мова самая звонкая, пявучая, жывая, непаўторная, ласкавая і самая дарагая для кожнага беларуса…” – такімі словамі Максіма Танка пачалася гадзіна роднай мовы “Слаўлю цябе, мая родная мова!” у Асаўской сельскай бібліятэцы. У час мерапрыемства ўдзельнікі пачулі і адчулі прыгажосць і мілагучнасць беларускага слова. Бібліятэкар Вольга Цупа расказала аб важным значэнні мовы ў жыцці чалавека, а асабліва роднай мовы, прапанавала прыняць удзел у конкурсе “Пазнай твор па яго пачатку”. Прагучала шмат беларускамоўных прыказак, прымавак, загадак, у якіх адлюстроўваецца старадаўняя мудрасць і душа беларускага народа. І, канешне, звярнуліся да беларускай паэзіі – прагучалі вершы Я. Янішчыц, У. Дубоўкі, М. Танка, М. Грамыка, П. Панчанкі.
17 лютага ў Веляміцкай сельскай бібліятэцы адбыўся інтэлектуальна-пазнавальны турнір “Гэта мова родная мая”. У гульнявым мерапрыемстве ўдзел прынялі вучні 7 класа. Турнір прайшоў у некалькі этапаў – “Загадкі”, “Перакладчыкі”, “Старонкі мінулага”, “Фразеалагізмы” і інш. Да ўвагі ўдзельнікаў і наведвальнікаў бібліятэкі прапануецца выстава, прысвечаная роднай мове і беларускім асветнікам.
Прысвечанае роднай мове мерапрыемства ў межах пасяджэння клуба па інтарэсах “Фантазія+” прайшло ў Белавушскай сельскай бібліятэцы. Падчас паэтычнай гадзіны “Чытаем беларускае” гучалі вершы пра мову беларускіх пісьменнікаў Л. Дайнека, Е. Лось, А. Пысіна, А. Грачанікава, М.Танка, П. Панчанка. Затым дзеці ўдзельнічалі ў віктарыне “Як ты ведаеш беларускую мову?”, дзе паказалі добрае веданне роднай мовы. Таксама ўспомнілі свае любімыя беларускія словы, напісалі іх на папяровых сэрцах і прымацавалі на шыльдачку “Любімае слова па-беларуску”.
У Верхнецерабяжоўскай сельскай бібліятэцы прайшла квэст-гульня “Родная мова - цудоўная мова”. Вучні 6 класа не толькі стараліся размаўляць на роднай мове, але і адгадвалі загадкі, перакладалі словы і словазлучэнні з рускай на беларускую мову, складалі словы з слова пралеска, з лічбаў, у якіх былі зашыфраваны літары, складалі прымаўкі. А напрыканцы атрымалі памяткі аб гісторыі ўзнікнення беларускай мовы. На працягу Тыдня роднай мовы бібліятэка запрашае наведаць кніжную выставу “Па-беларуску? Калі ласка!”, пазнаёміцца з навінкамі беларускага друку, узяць дадому кнігі на беларускай мове і атрымаць асалоду ад чытання на роднай мове.
Надзея Дульская, бібліятэкар Варанёўскай сельскай бібліятэкі, падрыхтавала для сваіх наведвальнікаў інтэлектуальна-пазнавальны турнір “Матчына мова”. Адказаўшы на шэраг цікавых пытанняў і выканаўшы заданні, удзельнікі разам з бібліятэкарам пабывалі ў этнаграфічна-краязнаўчым пакоі, дзе пазнаёміліся з старадаўнімі прыладамі працы і побыту. Усе разам успомнілі, як і дзе прымяняліся разнастайныя прылады, як іх называюць у сваёй мясцовасці.
17 лютага гадзіна роднай мовы “Жывая спадчына” прайшла ў сценах Глінкаўскай сельскай бібліятэкі. Мерапрыемства накіравана на выхаванне пачуцця любові і павагі да роднай мовы, да мовы сваіх продкаў. Прадстаўленая на мерапрыемстве кніжная выстава пазнаёміла з творчасцю беларускіх пісьменнікаў, пісьменнікаў-землякоў. Праведзеная віктарына “Твой край” дапамагла ўдзельнікам успомніць паходжанне беларускіх назваў населеных пунктаў, звярнула ўвагу на асаблівасці мясцовай гаворкі.
Пасяджэнне клуба “Юны краязнаўца” Альманскай сельскай бібліятэкі пачалося са слоў “Мову родную беражы, мовай роднай даражы”. Бібліятэкар Зоя Буян нагадала, што ў свеце шмат цудоўных моў, але ў кожнага ёсць толькі адна родная мова. Мова, на якой чалавек размаўляе з роднымі, сябрамі, на якой ён думае. Пасяджэнне для ўдзельнікаў клуба прайшло змястоўна. Падчас яго адбыўся конкурс эрудытаў “Роднай мовы пералівы”, літаратурны агляд “Беларускія пісьменнікі-юбіляры 2023 года”, выстава-знаёмства “Беларуская скарбонка”.
Свята роднай мовы “Прыгарніся да роднага слова” наладжана ў Дубайскай сельскай бібліятэцы. У час мерапрыемства дзецi пазнаемiлiся з гiсторыяй і культурай роднай мовы, прынялi ўдзел у конкурсах “Знаўцы”, “Паспрабуй перакладзi”. Разам разгадвалi лiтаратурную крыжаванку, у гульнi “Словазнаўцы” выбiралi беларускiя словы, расказвалi, што яны абазначаюць. Завяршылася мерапрыемства знаёмствам з кнiжнай выставай “Роднай мовы ветлiвыя словы”.
“Мова маіх продкаў згубіцца не павінна” – пад такой назвай прайшла гадзіна роднай мовы ў Хатамельскай сельскай бібліятэцы. Удзельнікі чыталі вершы класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, тым самым сцвярджаючы, якая багатая, мілагучная і звонкая родная беларуская мова. Веданне беларускага фальклору і мовы паказалі ў конкурсе “Прадоўжы прыказку”.
Навучэнцы 6-7 класаў Мачульскай базавай школы наведалі літаратурную гасцёўню, арганізаваную бібліятэкарам Мачульскай сельскай бібліятэкі. Мерапрыемства прайшло пад назвай “Дык жыві і квітней, маё роднае слова!”. Удзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй свята роднай мовы, з кніжнымі выданнямі, у якіх творчасць беларускіх паэтаў і пісьменнікаў адлюстроўвае пачуццё павагі і любові да сваёй культуры, гісторыі, традыцый роднай мовы.
Кароціцкая сельская бібліятэка ў межах Тыдня роднай мовы правяла пасяджэнне клуба па інтарэсах у форме гадзіны роднай мовы “Моўныя скарбы роднага краю”. На працягу мерапрыемства гучала толькі беларуская мова: удзельнікі прачыталі свае любімыя вершы, спаборнічалі ў конкурсе беларускіх прымавак і прыказак, перакладалі на беларускую мову, разгадвалі крыжаванку.
Літаратурная гадзіна “Таямніцы беларускіх слоў” прайшла ў Плотніцкай сельскай бібліятэцы. Бібліятэкар пазнаёміла з творамі класікаў беларускай літаратуры, цытатамі пісьменнікаў і знакамітых людзей пра мову. Паслухаўшы ўрыўкі літаратурных твораў, удзельнікі прыйшлі да высновы, што беларуская мова прыгожая і сакавітая.
З мэтай абуджэння цікавасці да беларускай мовы і літаратуры, выхавання пачуцця гонару за родную мову і паважлівых адносін да яе для наведвальнікаў Рубельскай сельскай бібліятэкі праведзена прэзентацыя выставы “Мова маіх продкаў знікнуць не павінна”.
19 лютага ў Сямігосціцкай сельскай бібліятэцы прайшоў турнір знаўцаў роднай мовы пад назвай “Якiя знаёмыя назвы i словы, якая цудоўная родная мова!” Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з гісторыяй узнікнення свята, прапанавала ўдзел у гульні-віктарыне “Выправі памылку”. Увазе наведвальнікаў бібліятэкі прадстаўлена выстава кніг на беларускай мове “Беларуская кніга чакае вас”.
Дубянецкая сельская бібліятэка таксама правяла турнір знаўцаў роднай мовы “Слаўлю цябе, мая родная мова!”для вучняў старэйшых класаў. Удзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй свята, адказалі на загадкі, узгадалі прыказкі і прымаўкі, вызначалі па пачатку верша яго аўтара і назву.
У Стружскай сельскай бібліятэцы турнір знаўцаў беларускай мовы пад назвай “Роднай мовы пералівы” прайшоў з удзелам навучэнцаў школы. Бібліятэкары паведамілі прысутным, чаму дзень 21 лютага лічыцца днем роднай мовы, прывялі шэраг аргументаў, чаму роднай мовай трэба лічыць беларускую мову. На прыкладзе літаратурных твораў бібліятэкары даказалі, што беларуская мова – чыстая, шчырая і непаўторная. У час мерапрыемства гучалі жарты, загадкі, вершы, прыказкі і прымаўкі. Дзеці паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў на родную мову.
Бібліятэчная акцыя “Час чытаць на роднай мове” прайшла ў Вялікамалешаўскай сельскай бібліятэцы. Асноўная мэта гэтай акцыі – папулярызацыя беларускай літаратуры сярод наведвальнікаў бібліятэкі. З гэтай мэтай наладжана выстава-прапанова “Чытайце беларускае”, а таксама выстава-прагляд “Мова народа – яго святыня”.
Гадзіна роднай мовы і кніжная выстава “Сябруй з роднай мовай”, наладжаныя ў Альпенскай сельскай бібліятэцы, дазволілі наведвальнікам бібліятэкі ў гэты дзень далучыцца да сваёй нацыянальнай культуры і мовы, пазнаёміць з лепшымі ўзорамі беларускай літаратуры.
18 лютага на турнір знаўцаў роднай мовы сабраліся ўдзельнікі, якія з’яўляюцца чытачамі Турской сельскай бібліятэкі. Дзеці змагаліся ў некалькіх раўндах – перакладалі словы, расказвалі вершы, давалі азначэнні беларускіх слоў. Пераможцам турніру стаў вучань 5 класа Веляшкевіч Максім. Мерапрыемства суправаджала выстава “Родная мова – крыніца празрыстая”.
Аздаміцкая сельская бібліятэка адчыніла свае дзверы для ўдзельнікаў свята “Таямніцы роднай мовы”. Бібліятэкар пазнаёміў рабят з творамі беларускіх аўтараў, навінкамі беларускага друку, якія маюцца ў бібліятэцы. Да ўвагі прысутных прадстаўлены выставы “Таямніцы роднай мовы” і выстава-каляндар “Беларускія пісьменнікі-юбіляры 2023 года”. Актыўна і весела прайшлі літаратурныя конкурсы, дзеці даведаліся аб цікавых фактах з гісторыі беларускай мовы.
Свята роднай мовы “Жывая спадчына” адбылося ў Церабліцкай сельскай бібліятэцы. Удзельнікі пазнаёміліся з вуснай народнай творчасцю, бібліятэкар зрабіла агляд твораў сучаснай беларускай літаратуры, пазнаёміла са слоўнікамі і даведнікамі, якія маюцца ў бібліятэцы. Свята роднай мовы прадоўжылася гучнымі чытаннямі вершаў на беларускай мове.
У Альгомельскай сельскай бібліятэцы праведзены ўрок роднай мовы “Мова – крыніца ўсёй прыгажосці”. Чытачы з задавальненнем цікавіліся творамі беларускіх пісьменнікаў, прымалі ўдзел у конкурсах – адгадвалі беларускія загадкі, вымаўлялі скарагаворкі, карысталіся слоўнікамі, успаміналі прыказкі і прымаўкі, чыталі вершы на беларускай мове.
21 лютага, у Дзень роднай мовы, Лядзецкая сельская бібліятэка запрасіла вучняў 6 класа на турнір знаўцаў мовы “Родная мова – цудоўная мова!”. Для ўдзельнікаў падрыхтаваны разнастайныя гульні і конкурсы, таксама дзеці паказалі добрыя здольнасці ў чытанні вершаў на беларускай мове.
























