Тыдзень роднай мовы “Родная мова, цудоўная мова!” прайшоў у бібліятэках Століншчыны, дзе наведвальнікаў сустракалі кніжныя выставы, прагляды беларускай літаратуры. На працягу тыдня гучалі вершы на беларускай мове, ладзіліся турніры і гульні, літаратурныя кампазіцыі.
У Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца ў свеце 21 лютага, прайшла гадзіна беларускай культуры “Вандроўка ў родную мову”. Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 7 “Б” класа СШ № 1 разам з класным кіраўніком Петравец Аленай Рыгораўнай. Прысутныя даведаліся шмат цікавых фактаў з гісторыі развіцця мовы: калі яна пачала складвацца, у якія часы мова была дзяржаўнай, як сёння беларуская мова распаўсюджана ў свеце, колькі чалавек і ў якіх краінах на ёй размаўляюць. Акрамя таго, дзеці пазнаёміліся з помнікамі беларускай мовы, якія знаходзяцца ў Полацку: скульптурай “Прысвячэнне роднаму слову”, якая знаходзіцца ў Музеі беларускага кнігадрукавання і помнікам літары “Ў”. Затым хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся на каманды і з захапленнем выконвалі розныя заданні: адказвалі на пытанні гістарычнай віктарыны, будавалі ланцужок беларускіх слоў, адгадвалі крыжаванкі, прадоўжвалі прыказкі. З вялікім азартам вучні гулялі ў перакладчыкаў, удзельнічалі ў лірычным конкурсе, адгадвалі словы-блізняты, расшыфроўвалі шыфраграмы. За правільныя адказы дзеці атрымлівалі літары. У канцы мерапрыемства з атрыманых літар кожная каманда складала выказванне пра родную мову.
Літаратурная гадзіна «Загадкавыя словы рубельскай мовы» прайшла ў Рубельскай сельскай бібліятэцы. У ходзе мерапрыемства бібліятэкар расказала прысутным аб значэнні роднай мовы ў жыцці чалавека. Удзельнікі праглядзелі кнігі Мікалая Пашкевіча «У родным слове адгукаецца душа...», «Вера», «Рубельскі лексіка-фразеалагічны слоўнік» і іншыя. Чыталі вершы паэта-земляка Віктара Вабішчэвіча, дзяліліся ўражаннямі.
Белавушская сельская бібліятэка прапанавала акцыю-апытанне “Беларуская мова ў вашым жыцці”, дзе прапанавалася пісьмова адказаць на пытанні, ці размаўляеце вы на беларускай мове дома, ці чытаеце творы на беларускай мове і г.д.
“Родная мова, матчына мова!” - пад такім дэвізам Дзень роднай мовы адзначылі ў Рэчыцкай гарпасялковай бібліятэцы. Чытачы разам з бібліятэкарам адправіліся ў цікавае падарожжа па роднай мове. Кемлівыя знаўцы мовы мелі магчымасць прыняць удзел у гульнявым падворку “Сябры роднай мовы”, пазнаёміцца з выставай “Добры дзень, беларуская кніга!”.
Сямігосціцкая сельская бібліятэка прадставіла кніжную выставу “Слава кніжцы беларускай!” і правяла цікавы лінгвістычны конкурс “Размаўляем па-беларуску!” з конкурсамі і заданнямі: крыжаванка “Знаўцы правіл”, прыказкі і прымаўкі, загадкавы свет фразеалогіі, метаграмы, перакладчыкі, выправі памылку і інш.
Манькавіцкая сельская бібліятэка прапанавала інтэрактыўную выставу “Вандроўка ў родную мову”, дзе прадстаўлены кнігі аб роднай мове беларусаў. Тут жа можна паўдзельнічаць у акцыях “Павітайся па-беларуску” і атрымаць за гэта цукерку, у стыкер-акцыi “Любімае слова на беларускай мове”, у якой патрэбна напісаць сваё любімае слова на беларускай мове і прымацаваць на літару “Ў”. Супрацоўнікамі бібліятэкі падрыхтаваны закладкі з рознымі словамі на беларускай мове.
Альманская сельская бібліятэка з чытачамі правяла акцыю “Чытаем па-беларуску” і размясціла ў сацыяльных сетках. Таксама запрасіла чытачоў паўдзельнічаць у літаратурна-паэтычнай кампазіцыі “Смак роднай мовы”.
Веляміцкая сельская бібліятэка запрасіла маленькіх чытачоў, вучняў 3 класа, на гадзіну роднай мовы “Мова – жывая душа народа”. Бібліятэкары правялі віктарыны і прапанавалі выканаць заданні на веданне беларускай мовы.
Дубайская сельская бібліятэка сумесна з сельскім Домам культуры правялі брэйн-рынг “Знаўцы роднай мовы”. На мерапрыемстве прагучалi вершы беларускiх паэтаў - Я. Коласа, Я. Янiшчыц, М. Танка. Брэйн-рынг складаўся з розных конкурсаў, заданняў. Камандам “Вяселка” i “Сонейка” прапанавалi паказаць веданне народнай мудрасцi i правiльна скончыць беларускiя прыказкi i прымаўкi, усе разам шукалi правiльны пераклад слоў з рускай мовы на беларускую, а напрыканцы ўсе ўдзельнiкi абяцалi берагчы, паважаць i ганарыцца роднай мовай.
Альшанская сельская бібліятэка правяла хвілінку беларускай паэзіі пад назвай “Гучы, роднае слова!”, пазнаёміла ўдзельнікаў з выставай-заклікам “Чытай на роднай мове”.
Турнір знаўцаў роднай мовы “Адкрываю як свет нанова беларускае роднае слова” пазнавальна і цікава прайшоў у Відзіборскай сельскай бібліятэцы. Бібліятэкар Алена Пашкевіч прадставіла паведамленне аб гісторыі ўзнікнення і развіцця роднай мовы, задала пытанні віктарыны, прапанавала конкурс прыказак і перакладу.
Рухчанская сельская бібліятэка і сельскі Дом культуры арганізавалі літаратурную гадзіну «Слаўлю цябе, беларуская мова!».
У Вялікамалешаўскай сельскай бібліятэцы аформлена выстава - лiтаратурны куфар “Таямнiцы беларускiх казак”, дзе чытачы ўспамiналi даўно прачытаныя казкi i пазнаемiлiся з новымi беларускiмi казкамi.
У бібліятэчных сацыяльных сетках аддзелам бібліятэчнага маркетынгу на працягу тыдня праводзілася online-гульня “Перакладзі слова на беларускую мову”, прапанаваны віктарыны “Рэдкія беларускія словы” (Столінская бібліятэка), “Дзень роднай мовы” (Манькавіцкая бібліятэка), “Ці добра вы ведаеце беларускую мову?” (Давыд-Гарадоцкая бібліятэка).
Выставы, якія папулярызуюць беларускую літаратуру, прысвечаны роднай мове, аформлены ў Столінскай раённай дзіцячай бібліятэцы, Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы, Стружскай сельскай бібліятэцы, Стахаўскай сельскай бібліятэцы.

























