ГУК «Столинская районная библиотечная система»

15 кастрычніка ў Столінскай дзіцячай бібліятэцы адбылася літаратурна-паэтычная сустрэча «Усе кветкі для цябе, жанчына…». Госцяй мерапрыемства стала мясцовая паэтка Ларыса Вырко, а ўдзельнікамі – навучэнцы 9 «Б», 8 «В» і 7 «А» класаў сярэдняй школы № 3 г. Століна.


Ларыса Фёдараўна расказала пра сваё жыццё: месца нараджэння, дзіцячыя гады і тое, як склаўся яе лёс. Паэтка з цеплынёй падкрэсліла, што ўжо шмат гадоў жыве ў Століне, таму значная частка яе творчасці прысвечана Столінскаму краю. З асабістай пяшчотай яна гаварыла пра беларускую мову і сваю малую радзіму.

Школьнікі даведаліся, што сёлета Ларыса Вырко ўдзельнічала ў свяце, прысвечаным Дню беларускага пісьменства ў Касцюковічах. Там была прэзентавана кніга «Тут, дзе Бесядзь цячэ», якая паступіла ў пяць бібліятэк Столінскага раёна. Выданне змяшчае вершы паэтаў Касцюкоўшчыны, радзімы Ларысы Вырко, а таксама яе ўласныя творы.

Асобная частка сустрэчы была прысвечана новаму зборніку паэткі «Усе кветкі для цябе, жанчына…», які яна прысвяціла сваёй матулі. Ларыса Фёдараўна зачытала вершы з новай кнігі і некаторыя ўжо вядомыя творы, сярод якіх верш «Алеся». Госця запрасіла школьнікаў паўдзельнічаць у інтэрактыўным віншаванні бабуль, мам і дзяўчынак, расказала пра значэнне розных кветак і адзначыла, што жанчына – найпрыгажэйшая кветка ў сусвеце, да якой трэба ставіцца з павагай. У завяршэнні мерапрыемства Ларыса Вырко прапанавала праслухаць песню, напісаную на яе верш «Мелодыя зямлі».

Атмасфера сустрэчы была цёплай і добразычлівай: школьнікі змаглі пазнаёміцца з сучаснай паэткай і задаць ёй свае пытанні. На памяць пра падзею Ларыса Вырко падаравала новы зборнік вершаў з аўтографам школе і бібліятэцы.