У межах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы 22 лютага ў Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з Васілём Казачком – паэтам, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Васіль Андрэевіч з’яўляецца не толькі загадчыкам Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная, акрамя ганчарнага рамяства ён захапляецца паэзіяй, друкуецца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку. Праз яго паэзію яскрава праходзіць прызнанне ў любові да сваёй малой радзімы і, асабліва, пачуццё гонару і павагі да роднай беларускай мовы.
Менавіта беларускай мове і прысвечана мерапрыемства, на якое завіталі навучэнцы Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці з выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Марыяй Уладзіміраўнай Бакшук. Васіль Андрэевіч прачытаў некалькі вершаў, прысвечаных роднай мове. Дарэчы, іх у паэта каля 10. Асабліва ўразілі прысутных вершы «Пагавары са мной па-беларуску» і «Размова пра мову». Верш «Размова пра мову» з’яўляецца адказам на пытанне аднаго знаёмага Васіля Андрэевіча «Почему ты говоришь на белорусском языке?». Гэтая пытанне вельмі ўразіла паэта, свае эмоцыі ён і выказаў у вершы.
Васіль Андрэевіч як сапраўдны знаўца і прыхільнік беларускай мовы заклікаў усіх удзельнікаў сустрэчы не саромецца размаўляць на роднай мове, ганарыцца сваёй мовай, паважаць яе і больш чытаць кнігі беларускіх аўтараў на беларускай мове.
З задавальненнем Васіль Андрэевіч адказаў на шматлікія пытанні прысутных. Цікава, што на пытанне «калі Вы напісалі апошні твор?», паэт усміхнуўся і адказаў, што літаральна на днях напісаў верш «Я веру», калі гатаваўся да гэтай сустрэчы. А сустрэча, да слова, атрымалася шчырай, прыемнай, цікавай, добрай гутаркай на роднай мове… Васіль Андрэевіч падзякаваў прысутным за сустрэчу, за пытанні, за любоў да паэзіі, да роднага слова і пажадаў усім моцнага здароўя, здзяйснення ўсяго задуманага і кахання. Таксама запрасіў прыехаць у Цэнтр ганчарства і пазнаёміцца з вырабамі з гліны ўдзельнікаў міжнароднага пленэра ў в. Гарадная.
У сваю чаргу дырэктар ДУК «Столінская раённая бібліятэчная сістэма» Іван Ляшкевіч павіншаваў Васіля Андрэевіча са значнай падзеяй у літаратурнай дзейнасці як прыняцце ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Кацярына Страха, галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі, карыстаючыся момантам, пазнаёміла навучэнцаў з рэжымам работы бібліятэкі, з кніжным фондам беларускай літаратуры, заклікала чытаць кнігі на беларускай мове.














