21 студзеня адбылася анлайн-прэзентацыя чацвёртага выпуску літаратурнага альманаху “Берасцейская скарбніца” на базе ДУК “Брэсцкая гарадская бібліятэка ім. А.С. Пушкіна”, удзельнікамі якой сталі пісьменнікі з розных куткоў Брэстчыны.
З уступным словам да пісьменнікаў звярнулася старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч. У інтэрнэт-прасторы далучыліся аўтары новага выдання з іншых гарадоў, у тым ліку з Кобрына, Пінска, Івацэвіч. Для ўдзелу ў анлайн-прэзентацыі Столінскую цэнтральную раённую бібліятэку наведаў Васіль Казачок, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Паэт зачытаў свае вершы.
Даведка: літаратурны альманах “Берасцейская скарбніца” заснаваны ў 2018 г. Брэсцкім абласным аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Альманах змяшчае творы пісьменнікаў з розных куткоў Брэсцкай вобласці, у тым ліку пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных конкурсаў, лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя У. Калесніка, а таксама маладых перспектыўных літаратараў з высокім творчым патэнцыялам. Адрасаваны шырокаму колу чытачоў.















