ГУК «Столинская районная библиотечная система»

“Пявучая мова мая” – пад такой назвай прайшоў тэматычны тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Бібліятэкі Століншчыны правялі шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўздым цікавасці да роднай мовы, выхаванне павагі і пачуцця гонару за беларускую мову.


24 лютага ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбыўся турнір “Знаўцы беларускай мовы”. Навучэнцы сярэдняй школы №4 г. Століна даведаліся, з чаго калісьці пачыналася родная мова і як яна развівалася. З задавальненнем спаборнічалі ў рашэнні беларускамоўных рэбусаў, пераклададі тэкст на хуткасць, адказвалі на пытанні віктарыны.

15 лютага ў аддзеле па абслугоўванні дзіцячага чытача Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылося мерапрыемства ў форме гасцёўні “Мая родная мова – беларуская”. Да мерапрыемства аформлена выстава пад назвай “І прыгожа льецца па прасторы слова беларускай мовы”, дзе бібліятэкары пазнаёмілі дзяцей з гістарычнымі фактамі станаўлення беларускай мовы, а таксама з гісторыяй свята – Дзень роднай мовы. Праверыць свае веды беларускай мовы і яе самабытных слоў бібліятэкары прапанавалі з дапамогай віктарыны “Родная мова”. Таксама ўдзельнікі адгадвалі літаратурныя рэбусы, праслухалі падборку цытат і вершаў аб роднай мове вядомых беларускіх пісьменнікаў – Якуба Коласа, Янкі Купалы, Змітрака Бядулі і іншых. З аповеду бібліятэкара дзеці даведаліся аб разнастайнасці моў, якія існуюць у свеце. Да прагляду ўдзельнікам прапанавалі тэматычныя відэаролікі “Смак мовы”, якія паказваюць багацце, прыгажосць і непаўторнасць беларускай мовы. Завяршылася мерапрыемства калектыўным стварэннем беларускага ручніка со словамі беларускай мовы. 21 лютага ў аддзеле адбылося паэтычнае свята “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём Радзіму” з удзелам навучэнцаў 4 класа сярэдняй школы № 3 г. Століна. Госцяй свята стала самадзейная паэтка Століншчыны Ларыса Вырко, якая пазнаёміла прысутных са сваёй творчасцю, прачытала вершы аб роднай мове і родным краі. Ларыса Фёдараўна як прыхільніца беларускай мовы і беларускай культуры расказала рабятам аб беларускіх ручніках, іх значэнні, адметнасцях. У завяршэнне сустрэчы ўдзельнікі праслухалі песню “Ручнікі” у выкананні ансамбля “Верасы” на верш Веры Вярбы. Таксама ў Дзень роднай мовы ў аддзеле па абслугоўванні дзіцячага чытача адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу чытальнікаў вершаў “І прыгожа льецца па прасторы слова беларускай мовы”. Пераможцамі конкурсу сталі Максім Гашчук, Валерыя Мядзведзева, Станіслаў Радзілавец, Дар’я Карповіч.

У Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы прайшла акцыя “Апрані дрэва беларускімі словамі”. Дзеці паспрабавалі свае веды ў перакладзе слоў з рускай на беларускую мову, якія трэба было запісаць на лісточках і “апрануць” імі імправізаванае дрэва. Акрамя гэтага прайшла займальная моўная гульня “Папацей, грамацей”, дзе ўдзельнікі перакладалі словы і назвы казак, адгадвалі “Загадкі з вясёлай хаткі”, тлумачылі беларускія прыказкі і прымаўкі. Самыя кемлівыя знаўцы мовы атрымалі салодкі пачастунак. Напярэдадні свята ў бібліятэцы была падрыхтавана выстава літаратуры “З любоўю да роднага слова”, дзе чытачам прапанаваліся кнігі на роднай мове ад класікаў беларускай літаратуры да сучасных аўтараў, а таксама падручнікі, якія могуць дапамагчы ўдасканаліць веданне роднай мовы.

15 лютага ў Рэчыцкай гарпасялковай бібліятэцы прайшла інтэлектуальная гульня-віктарына “Старонкі з моўнай скарбонкі” для дзетак сярэдняй групы дзіцячага садка № 3 р.п. Рэчыца (выхавальнік Шарова Т.С. і музыкальны кіраўнік Шаўчук Т.М.). Гульня прайшла ў выглядзе падарожжа. Да дзетак у бібліятэку завітаў Дед Барадзед (бібліятэкар Марына Кірдзей), які разам з маленькімі чытачамі прымаў удзел у цікавых заданнях: спявалі беларускія песні, адгадвалі загадкі, расказвалі вершы на беларускай мове, знаходзілі рэчы беларускага побыту. Дзеці з задавальненнем праспявалі вядомую ўсім песню “Калыханка” (словы Г. Бураўкіна, муз. В. Раінчыка). Падчас мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята і творчасцю беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць кнігі для маленькіх чытачоў дашкольнага ўзросту. Асаблівую ўвагу прыцягнулі беларускія народныя казкі – малыя ўважліва слухалі ўрыўкі з іх, а таксама паглядзелі мультфільм “Піліпка-сынок”, зняты на кінастудыі “Беларусьфільм”. Мерапрыемства дзеткам спадабалася, яны ўпэўніліся ў тым, што беларуская мова прыгожая і мілагучная, якую патрэбна зберагчы, бо менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і прыгажосць народнага слова.

Гульневая гадзіна “Мова пачынаецца з цябе” прайшла ў Беражноўскай сельскай бібліятэцы 22 лютага з удзелам навучэнцаў 2-4 класаў. Пазнавальная гульня адбылася ў камандным фармаце. Удзельнікі, падзяліўшыся на каманды “Васілёк” і “Каласок”, адгадвалі загадкі, перакладалі словазлучэнні на беларускую мову, складвалі прыказкі, адказвалі на пытанні віктарыны аб Беларусі.

16 лютага бібліятэкар Вялікамалешаўскай сельскай бібліятэкі Вікторыя Краўцова наведала вучняў 2 “А” класа Вялікамалешаўскай сярэдняй школы (кл. кіраўнік Т.В. Краўцова), дзе правяла літаратурную гульню “Перакладзі слова”. У пачатку бібліятэкар паспрабавала выявіць, як добра дзеці ведаюць беларускія словы. На падрыхтаваных стыкерах вучням трэба было напісаць на хуткасць як мага болей беларускіх слоў, а далей бібліятэкар прапанавала для перакладу з рускай на беларускую мову словы, якімі ўсе карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці. За правільныя адказы ўдзельнікі атрымлівалі прызы.

20 лютага ў Верхнецерабяжоўскай сельскай бібліятэцы адбыўся турнір знаўцаў мовы пад назвай “Багацце матчынай мовы”. Удзельнікі гулялі ў рыфмы, выпраўлялі памылкі, адгадвалі рэбусы на беларускай мове. Да ўвагі прысутных бібліятэкар Таццяна Гузіч прадставіла выставу беларускамоўных кніг “Роднае вечнае слова”.

22 лютага ў Варанёўскай сельскай бібліятэцы прайшоў дзень роднай мовы “Са слова пачынаецца Радзіма”, удзельнікамі якога сталі навучэнцы 3-5 класаў. На пачатку мерапрыемства бібліятэкар Надзея Дульская расказала аб значнасці роднай мовы, неабходнасці яе не забываць. Удзельнікам былі прадстаўлены прадметы сялянскага побыту продкаў і яны вызначалі іх назвы на беларускай мове. Бібліятэкар расказала, якую функцыю выконваў той ці іншы прадмет. Актыўна рабяты адказалі на пытанні віктарыны “Загадкі роднай мовы”, а затым пазнаёміліся з выставай “Чытаем на роднай мове”.

У Глінкаўскай сельскай бібліятэцы 15 лютага адбылося свята роднай мовы “Бясцэнная спадчына – мова” з удзелам навучэнцаў 3 класа Глінкаўскай сярэдняй школы. Мерапрыемства павысіла цікавасць падрастаючага пакалення да беларускай мовы. 16 лютага ў бібліятэку быў запрошаны 4 клас, з удзелам якога праведзена гульня-віктарына “Знаўцы роднай мовы”. Усіх удзельнікаў бібліятэкар Галіна Ярашэвіч знаёміла з выставай “Я люблю родную мову”, прымеркаванай да Тыдня роднай мовы.

Пазнавальная гульня-гутарка “Ветлівыя словы беларускай мовы” прайшла 17 лютага ў Гараднянскай сельскай бібліятэцы. Дзецям было цікава даведацца гісторыю ўзнікнення свята – Дзень роднай мовы, а таксама тое, што беларуская мова – гэта мова трох славянскіх плямёнаў, якія калісьці рассяліліся на тэрыторыі Беларусі. Далей бібліятэкар Галіна Вячорка прапанавала прыняць удзел у гульнях “Мае беларускія словы” і “Пытанне – адказ”. Падчас гульні дзеці на пялёстках рамонкаў складалі два рамонкі на дзвюх мовах. У час гульні “Пытанне – адказ” удзельнікі разгадвалі загадкі на беларускай мове. Напрыканцы ўдзельнікі з бібліятэкарам вырашылі прачытаць вершы на беларускай мове, каб яшчэ раз упэўніцца, якая беларуская мова прыгожая і мілагучная.

Дубайская сельская бібліятэка запрасіла сваіх юных чытачоў на літаратурную гадзіну “Багацце мовы матчынай”. Падчас мерапрыемства дзеці даведаліся аб гісторыі свята, успомнілі самыя прыгожыя беларускія словы, разгадалі беларускія загадкі. Таксама бібліятэкар прапанавала розныя заданні – “Слова трапнае і дасціпнае”, “Папацей, грамацей”, “Аматары беларускага фальклору”. Удзельнікі з захапленнем выконвалі ўсе прапанаваныя заданні. Дапоўніла мерапрыемства кніжная выстава “З любоўю да роднага слова”.

21 лютага Кароціцкая сельская бібліятэка запрасіла навучэнцаў 3 класа (кл. кіраўнік Н.Ф. Яроцкая) і 4 класа (кл. кіраўнік Т.В. Коваль) да ўдзелу ў літаратурнай гадзіне “Роднае вечнае слова”. Бібліятэкар расказала пра беларускамоўныя кнігі і прадставіла ўдзельнікам літаратуру на беларускай мове, а вучні прачыталі вершы аб роднай мове беларускіх паэтаў. Таксама бібліятэкар правяла гульню-конкурс “Пагуляем у роднае слова”, конкурс загадак-жартаў.

20 лютага ў Лядзецкай сельскай бібліятэцы з навучэнцамі 6-11 класаў прайшла інтэлектуальная гульня “Ведаю ўсё пра родную мову!”. Удзельнікі актыўна адказвалі на пытанні гульні, паміж сабой правялі конкурс вершаў на беларускай мове.

Гульня “Размаўляем па-беларуску” была праведзена ў Манькавіцкай сельскай бібліятэцы 16 лютага. Мэтай гульні стала папулярызацыя беларускай мовы сярод наведвальнікаў бібліятэкі, а таксама паказаць прыгажосць і багацце беларускай мовы. Удзельнікі адказвалі на цікавыя пытанні на веданне беларускай мовы, літаратуры, этнаграфіі, мастацтва. Пры гэтым яны паказалі не толькі свае веды, але і вытрымку, хуткую рэакцыю, рашучасць, уменне дзейнічаць у камандзе і будаваць стратэгіі. Гульня “Размаўляем па-беларуску” стала цудоўнай падзеяй, якая дапамагла раскрыццю любові да роднай мовы і папулярызацыі яе сярод удзельнікаў. 21 лютага, у дзень роднай мовы, у бібліятэцы была арганізавана стыкер-акцыя пад назвай “Любімае слова на беларускай мове”. Удзельнікам прапаноўвалася напісаць сваё любімае слова на беларускай мове і замацаваць яго на стыкер на літару “Ў”. Для ўсіх прысутных загадчык бібліятэкі расказала дзецям пра вялікую важнасць захавання роднай мовы і заклікала іх часцей гаварыць на беларускай мове. Бібліятэкары ахвотна дапамагалі ўдзельнікам акцыі, тлумачылі правілы напісання беларускіх слоў, прапанавалі ў дапамогу слоўнікі. Кожны жадаючы змог праявіць сваю індывідуальнасць і творчы пачатак, выбіраючы слова, якое найбольш поўна адлюстроўвае яго ўнутраны свет і пачуцці. Стыкер-акцыя стала выдатным сродкам папулярызацыі беларускай мовы, бо многія ўдзельнікі мерапрыемства ўпершыню задумаліся пра тое, якая багатая і прыгожая іх родная мова. А прымацаваныя на літары “Ў” словы на беларускай мове стварылі цудоўную атмасферу.

Літаратурная гадзіна “Аб роднай мове з захапленнем і павагай” прайшла 17 лютага ў Мачульскай сельскай бібліятэцы з удзелам вучняў 5 класа Мачульскай базавай школы. Удзельнікі пазнаёміліся з лепшымі ўзорамі класічных і сучасных твораў беларускай літаратуры. Цікавасць выклікала чытанне прымавак і прыказак на беларускай мове. Актыўна праявілі сябе ўдзельнікі ў адказах на пытанні віктарыны “Знаўцы роднай мовы”, якая дазволіла паказаць эрудыцыю і даведацца штосьці новае.

21 лютага Аздаміцкая сельская бібліятэка таксама напоўнілася чароўнымі гукамі беларускай мовы ў час правядзення гадзіны роднай мовы “Аб роднай мове з захапленнем і павагай”. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з выставай кніг на беларускай мове, паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў, разам з бібліятэкарам Яўгенам Шпакевічам назвалі мноства словаў, якія характэрны для сваёй вёскі, якія ўжываюць людзі старэйшага пакалення. Бібліятэкар расказаў удзельнікам аб разнастайнасці слоўнікаў беларускай мовы.

18 лютага дзень роднай мовы пад назвай “Родная мова, як ты прыгожа!” прайшоў у Альгомельскай сельскай бібліятэцы. Чытачы праслухалі вершы, прысвечаныя роднай мове, дзе сцвярджаецца, што трэба берагчы мову, карыстацца яе невычэрпным багаццем. Таксама ўдзельнікі паказалі свае веды ў віктарыне “Я і слоўнікі”, дзе можна было даведацца аб разнастайнасці слоўнікаў, правілах іх карыстання, іх прызначэнні. Да ўвагі прысутных у бібліятэцы дзейнічала выстава “Калі вам даспадобы беларускія аўтары…”, дзе прадстаўлены творы пісьменнікаў на беларускай мове.

Дзень роднай мовы “Пявучая мова мая” 17 лютага прайшоў у Альманскай сельскай бібліятэцы. Удзельнікамі сталі навучэнцы 4 класа Альманскай сярэдняй школы, якія актыўна праявілі сябе ў конкурсе загадак, прыказак і прымавак беларускай мовы. Бібліятэкар Зоя Буян правяла агляд кніг беларускіх аўтараў на беларускай мове, пазнаёміла з выставай да Дня роднай мовы “Да роднай мовы крок зрабі”.

18 лютага ў Альпенскай сельскай бібліятэцы прайшоў турнір знаўцаў роднай мовы “Таямніцы роднай мовы”. Удзельнікі актыўна выконвалі заданні – перакладалі словы на беларускую мову, адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні віктарыны, вызначалі значэнне беларускіх фразеалагізмаў. Бібліятэкар зрабіла агляд выставы “Мовы рысы непаўторныя”. У завяршэнне моўнага турніру ўдзельнікі абмяняліся меркаваннем аб значэнні роднай мовы ў жыцці сучаснага чалавека, неабходнасці яе ўжывання і захавання.

17 лютага Альшанскую сельскую бібліятэку наведалі навучэнцы 2 класаў Альшанскай сярэдняй школы № 1. З юнымі наведвальнікамі ў бібліятэцы праведзена гадзіна роднай мовы “Знаўцы роднай мовы”. У самым пачатку бібліятэкары зрабілі экскурс у гісторыю беларускай мовы, расказалі аб гісторыі свята. Далей удзельнікі мерапрыемства далучыліся да гульні, хто ведае больш слоў на беларускай мове, а таксама, хто хутчэй перакладзе слова. 22 лютага ў бібліятэцы прайшла гадзіна беларускай паэзіі “Роднае вечнае слова”, у час якой гучалі вершы паэтаў-землякоў Віктара Вабішчэвіча, Леаніда Дранько-Майсюка, Галіны Бабарыка. Загадчыца бібліятэкі Наталля Сыса пазнаёміла прысутных з іх творчасцю, зборнікамі паэзіі. Напрыканцы паэтычнай гадзіны прысутныя паслухалі песні гурта “Дразды”, які пераважна выконвае песні на беларускай мове.

15 лютага ў Асаўской сельскай бібліятэцы прайшла інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Беларуская скарбонка”. “Мы - беларусы, i мову гэтую да скону дзён нам берагчы. У ёй знаходзiм светач ведаў, праменняў мудрасцi ключы!”- такімі словамi бiблiятэкар Вольга Цупа прывiтала ўсiх прысутных, аматараў беларускай мовы. Далей вучнi 10-11 класа па слупку прачыталi верш П. Панчанкi “Беларуская мова” і пачалася гульня. Былi зроблены карткi і таблiцы, з дапамогай якіх чытачы з задавальненнем прынялі ўдзел у гульнях “Перакладчыкi”, “Назавi адным словам”, “Наадварот”, “Пагуляем у рыфмы”, “Выпраў памылкi”. Актыўнасць у гульні праявілі ўсе ўдзельнікі, таму перамагла “дружба”. На завяршэнне пазнавальнай гульні, актыўны чытач, вучань 11 класа Аляксей Яворскi прачытаў вядомы верш Н. Гiлевiча “Я – беларус”.

У межах тыдня роднай мовы ў Рамельскай сельскай бібліятэцы 16 лютага прайшла акцыя “Далучайся да роднай мовы”. Акрамя знаёмства з творамі беларускай літаратуры на беларускай мове наведвальнікам было прапанавана выканаць шэраг заданняў – назваць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, успомніць беларускія прымаўкі і прыказкі, перакласці словы на беларускую мову.

У Рубельскай сельскай бібліятэцы для дарослых чытачоў напярэдадні Дня роднай мовы прайшла прэзентацыя кніжнай выставы “Вечнае роднае слова”. У першым раздзеле “Цікавае пра мову ў кнігах Мікалая Пашкевіча” бібліятэкар звярнула ўвагу чытачоў на самую цікавую інфармацыю звязаную з мовай нашых продкаў, пра рубельскія забытыя і знікаючыя словы. У раздзеле “Беларуская мова жывая” чытачам спадабаліся звесткі са “Слоўніка асабовых уласных імён”, “Тураўскага слоўніка”, “Слоўніка сучаснай беларускай мовы” і іншых. Чытачам былі прапанаваны для азнакамлення альбомы пра землякоў, якія зрабілі значны ўклад у развіццё і захаванне беларускай мовы – Віктар Вабішчэвіч, Мікалай Пашкевіч, Аляксандр Вабішчэвіч. У канцы бібліятэкар прапанавала чытачам выбраць кнігі на беларускай мове. Удзел у мерапрыемстве прымалі розныя групы чытачоў: пенсіянеры, рабочыя, чытачы розных сфер дзейнасці. 21 лютага ў бібліятэцы з удзелам вучняў 9 класа прайшла гадзіна роднай мовы “Мова пачынаецца з дзяцінства”. У час мерапрыемства ўдзельнікі пачулі і адчулі прыгажосць і мілагучнасць беларускага слова. Бібліятэкар Вольга Цар расказала аб важным значэнні мовы ў жыцці чалавека, а асабліва роднай мовы. Прагучала шмат беларускіх прыказак і прымавак. Вучні з вялікай цікавасцю ўдзельнічалі ў гульні-віктарыне “Таямніцы беларускіх слоў”. Напрыканцы мерапрыемства прагучала песня “Беларуская мова” у выкананні папулярнага гурта “Дразды”.

У Рухчанскай сельскай бібліятэцы 21 лютага прайшоў урок роднай мовы “Таямніцы роднай мовы”. Пачалося мерапрыемства з вершаў “Родная мова” і “Спадчына”, а далей удзельнікі адказвалі на пытанні і адгадвалі загадкі пра насельнікаў Белавежскай пушчы на беларускай мове. Актыўным і цікавым атрымаўся конкурс перакладу на беларускую мову, конкурс фразеалагізмаў.

Гадзіна роднай мовы “Са слова пачынаецца Радзіма” 18 лютага прайшла ў Сямігосціцкай сельскай бібліятэцы. Бібліятэкар Алена Сыса падрыхтавала для ўдзельнікаў пазнавальнае паведамленне аб разнастайнасці моў на планеце і расказала аб месцы і значэнні беларускай мовы сярод моў свету. Яна падкрэсліла, што родная мова – гэта характар народа, яго памяць, гісторыя і духоўная моц. Далей удзельнікі пазнаёміліся з багаццем роднай мовы – успомнілі прыказкі і прымаўкі, адгадалі загадкі, прывялі прыклады самабытных беларускіх слоў.

У Стахаўскай сельскай бібліятэцы 18 лютага адбылася гульня-віктарына “Таямніцы беларускай мовы”, падчас якой бібліятэкар Марыя Радцэвіч падрыхтавала для ўдзельнікаў шэраг заданняў на веданне беларускай мовы. Так, чытачам давялося паспаборнічаць у конкурсе загадак, прыказак і прымавак, паказаць свае веды ў перакладзе на беларускую мову.

25 лютага ў Стружскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна роднай мовы “Дакраніся да роднага слова”. У час мерапрыемства гучала толькі беларуская мова – непаўторная і мілагучная. Загадчык бібліятэкі Ганна Касцюк расказала прысутным, чаму менавіта 21 лютага лічыцца Днем роднай мовы. Удзельнікам прапанавана было адгадаць беларускія загадкі, успомніць казкі і любімыя вершы на беларускай мове, а таксама прыказкі і прымаўкі. Таксама ўдзельнікі выступілі ў ролі перакладчыкаў, пазнаёміліся з выставай “Вандроўка ў родную мову”.

Свята роднай мовы “Са слова пачынаецца Радзіма” сабрала чытачоў Церабліцкай сельскай бібліятэкі. Падчас мерапрыемства прагучала мноства вершаў на беларускай мове, а таксама вершаў, прысвечаных беларускай мове – яе багаццю, разнастайнасці і мілагучнасці. На мерапрыемстве прысутнічалі былыя настаўнікі мовы і літаратуры Марыя Васільеўна Пішчык і Вера Іванаўна Дарошка.

16 лютага бібліятэкар Турской сельскай бібліятэкі Наталля Алейнік наведала Хорскую сярэднюю школу, дзе для вучняў 5 класа правяла гадзіну роднай мовы “Мова пачынаецца з цябе”. У пачатку гадзіны размова ішла аб значэнні роднай мовы ў жыцці кожнага чалавека, а далей бібліятэкар расказала гісторыю з’яўлення Міжнароднага дня роднай мовы. Гадзіна працягнулася камандным турнірам знаўцаў роднай мовы, якія, падзяліўшыся на каманды “Сонейка” і “Вясёлка”, спаборнічалі ў розных конкурсах.

23 лютага у Хатамельскай сельскай бібліятэцы была падрыхтавана кніжная выстаўка “Аб роднай мове з захапленнем і павагай”, а з вучнямі Хатамельскай сярэдняй школы прайшла размова аб беларускіх пісьменніках, аб пісьменніках-земляках. Удзельнікі зачыталі вершы на беларускай мове.