ГУК «Столинская районная библиотечная система»

Месячнік краязнаўства ў бібліятэках Століншчыны завяршыўся комплексам мерапрыемстваў, прысвечаных роднаму краю, яго творцам. На працягу тыдня дзейнічалі выставы, праводзіліся сустрэчы, экскурсіі.


Мясцовых паэтаў, якіх малая радзіма натхняе на творчасць, запрасіла Рэчыцкая гарпасялковая бібліятэка і стала пляцоўкай для паэтычнага таленту Святланы Кананчук, Тамары Павядайка, Ніны Цімановіч, Лідзіі Бокшы, Міхаіла Місько. У час вечара-сустрэчы “Край мой – кропелька Беларусі” гучалі вершы аб родным краі, яго непаўторнай прыгажосці.

Дубайская сельская бібліятэка арганізавала выставу творчасці мясцовых умельцаў. Бібліятэку аздобілі вышываныя працы, плеценыя прадметы мясцовых майстроў К. Цімахавец і С. Цімахаўца, А. Занко. Для дзяцей бібліятэкар Людміла Вярэніч правяла ўрок-экскурсію “Зазірнем у гісторыю: помнікі сяла”, падчас якога разам з удзельнікамі наведалі помнікі на тэрыторыі вёскі і праслухалі паведамленні аб гісторыі іх ўзнікнення.

Вялікаарлоўская сельская бібліятэка арганізавала краязнаўча-этнаграфічную выставу з прадметамі побыту папярэдніх пакаленняў, а таксама прац мясцовых майстрых. З удзельнікамі аматарскага аб’яднання “Светлячок” правялі пасяджэнне на тэму “Запаведнымі сцежкамі роднага краю”.

Варанёўская сельская бібліятэка таксама прапанавала сваім наведвальнікам выставу-экспазіцыю цудоўных прац мясцовых майстрых.

Краязнаўчая гадзіна “Крыніца таленту – родная зямля” прайшла ў Гараднянскай сельскай бібліятэцы.

На працягу месяца праходзіла фотаакцыя #крайвмоменте ў сацыяльнай сетцы Instagram (@stolinbib43). Арганізатар акцыі, аддзел бібліятэчнага маркетынгу Столінскай цэнтральнай бібліятэкі, запусціў тэматычны хэштэг, і збірае фотаздымкі з розных куточкаў Століншчыны, якія дэманструюць прыгажосць і непаўторнасць прыроды, каларыт столінскіх вёсак, яе жыхароў і інш. Так ствараецца віртуальны краязнаўчы фотаальбом, прысвечаны краю. У акцыі прынялі ўдзел 26 чалавек, якія зрабілі мноства цудоўных фотаздымкаў.