У сакавіку ў межах рэспубліканскага праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё!” бібліятэкамі Століншчыны праведзены шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы і твораў беларускіх пісьменнікаў. Кожную пятніцу наведвальнікам бібліятэк прапануецца літаратура беларускіх аўтараў, а таксама сучасныя сацыяльна значныя выданні.
6 САКАВІКА
Столінская дзіцячая бібліятэка запрасіла сваіх наведвальнікаў у літаратурную вандроўку “У свеце беларускай кнігі”, прысвечаную беларускім дзіцячым пісьменніцам. Мерапрыемства пачалося са знаёмства з выставай “Беларускія пісьменніцы – дзецям”, а далей працягнулася знаёмствам з творчасцю шэрагу аўтараў. Падчас вандроўкі дзеці апынуліся ў чароўным літаратурным свеце. Праслухалі казку Людмілы Кебіч пра кацянятак, якія шукалі сваю Радзіму, прачыталі верш Святланы Быкавай, дзе сустрэліся з мноствам лясных жывёл. Што такое таямніца і чаму варта яе захоўваць, дзеці даведаліся дзякуючы творам Алены Мальчэўскай. Таксама пазнаёміліся з творамі Алены Масла, Ніны Галіноўскай, Наталлі Бучынскай.
У Вялікамалешаўскай сельскай бібліятэцы адбылася акцыя “Напішы па-беларуску”, падчас якой наведвальнікам прапанавалася перакласці словы з рускай мовы на беларускую. Самыя юныя чытачы бібліятэкі ўдзельнічалі ў акцыі на хуткасць, а пераможца атрымаў прыз.
6 сакавіка ў межах праекта прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 130-гадовага юбілею народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.
13 САКАВІКА
У Столінскай дзіцячай бібліятэцы прайшлі гучныя чытанні “Чытаем разам з матуляй”. Напачатку бібліятэкар Анастасія Ляшкевіч пазнаёміла ўдзельнікаў з творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць для дзяцей дашкольнага ўзросту. Падрабязней спынілася на творчасці Ніны Галіноўскай. Далей дзеці і іх матулі чыталі аўтарскія казкі пісьменніцы “Дзеці і доджык”, “Просьба Бабы Ягі” і іншыя. Таксама бібліятэкар загадала прысутным шэраг загадак з кнігі Ніны Галіноўскай.
Давыд-Гарадоцкая гарадская бібліятэка далучылася да праекта “Кожная пятніца - роднае, сваё!” праз акцыю “Напішы па-беларуску!”, якая дазволіла паглыбіцца ў свет беларускай мовы. Удзельнікам прапаноўвалася перакладаць словы з рускай мовы на беларускую. Гэта была не проста забава, а сапраўдная моўная гімнастыка, якая дазволіла праверыць свае веды, папоўніць слоўнікавы запас і адкрыць для сябе новыя беларускія словы. Таксама наведвальнікі бібліятэкі знаёміліся з тэматычнай выставай “Чытай роднае, сваё!”, прысвечанай прыгажосці і непаўторнасці роднага слова.
У Рамельскай сельскай бібліятэцы далей прадоўжыла працу акцыя “Літарынка”. На гэты раз згадвалі словы на роднай мове на дзве першыя літары назвы бягучага месяца – сакавіка.
У Церабліцкай сельскай бібліятэцы арганізавана экскурсія “Бібліятэка роднай вёскі” з удзелам навучэнцаў 1-2 класаў (наст. М.П. Велясніцкая). Бібліятэкар Тамара Шпакевіч пазнаёміла з бібліятэкай, яе гісторыяй, а таксама расказала аб фондзе і паслугах бібліятэкі. Больш падрабязна расказала дзецям пра фонд дзіцячай літаратуры, новыя паступленні кніг і часопісаў. Прадставіла выставы, якія дзейнічаюць у бібліятэцы – “Наша Радзіма – Рэспубліка Беларусь” да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “2026 год – Год беларускай жанчыны”, а таксама зрабіла агляд выставы “Неверагодныя прыгоды з Паўлам Місько” да 95-годдзя беларускага дзіцячага пісьменніка.
20 САКАВІКА
Бібліятэкар Кароціцкай сельскай бібліятэкі Таццяна Сямейка правяла гутарку “Чытаем кнігі на роднай мове”, удзел у якой прынялі дзеці старэйшай групы дзіцячага садка (вых. Ракавец А.А.). Бібліятэкар расказала аб беларускіх дзіцячых пісьменніках мінулага і сучаснасці, тэмах іх творчасці, прадэманстравала іх выданні. Асаблівую ўвагу надала беларускай народнай казцы. Расказала, чым казкі з’яўляюцца карыснымі і павучальнымі для дзяцей.
27 САКАВІКА
У Белавушскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Прыгоды з Паўлам Місько”, прымеркаваная да 95-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Загадчык бібліятэкі Наталля Бараноўская пазнаёміла ўдзельнікаў з жыццём і творчасцю аўтара, зрабіла агляд твораў для дзяцей, затым прачыталі і абмеркавалі некалькі раздзелаў з яго цудоўнай аповесці “Прыгоды Бульбобаў”. З актывам дарослых чытачоў бібліятэкі
бібліятэкар Наталля Горбач правяла агляд навінак сацыяльна значнай літаратуры “Новая кніга – новае чытанне” беларускага выдавецтва “Беларусь”. Увазе чытачоў былі прадстаўлены такія выданні, як “Города” А. Радзькова, “Беларусь. Замкі і людзі”, “Замкі Беларусі. Таямніцы мінулых стагоддзяў”, “Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь” і іншыя.
Літаратурная гульня па кнігах беларускіх пісьменнікаў “Уважлівы чытач” прайшла ў Турской сельскай бібліятэцы. Мерапрыемства наведалі дзеці з школьнага лагера Хорскай сярэдняй школы. Бібліятэкар Наталля Алейнік прадставіла ўдзельнікам кнігі, размешчаныя на выставе, а затым правяла літаратурную гульню, якая прайшла ў некалькі этапаў. Спачатку ў гутарцы бібліятэкар выявіла, якіх беларускіх аўтараў ведаюць дзеці, якія кнігі пераважна чытаюць, нагадала некаторыя сюжэты і герояў кніг. Далей гульня праходзіла ў конкурсным фармаце. Першы конкурс – “Размінка”, другі – “Ці добра ты ведаеш беларускія народныя казкі?”, трэці – “Беларускія загадкі”, наступныя – “Вызнач героя”, “Знайдзі пару” і “Дапоўні слова”. Усе дзеці былі актыўнымі, але лепш за ўсіх сябе праявіла Вікторыя Філанец.




















