Беларуская мова, літаратура і культура беларускага народа сталі тэмамі чарговых мерапрыемстваў чэрвеня ў межах праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё!”. Бібліятэкары Століншчыны прапанавалі сваім наведвальнікам выставы і агляды новых беларускіх кніг, запрашалі да ўдзелу ў тэматычных мерапрыемствах.
5 ЧЭРВЕНЯ
Выхаванцы прышкольнага лагера сярэдняй школы №3 г. Століна завіталі ў этнакуток «Палескія скарбы» Манькавіцкай сельскай бібліятэкі на ўрок краязнаўства пад назвай «Гартаючы старонкі малой радзімы». Юныя шукальнікі гісторыі змаглі паглыбіцца ў таямніцы паходжання вёскі Манькавічы, даведацца пра першыя згадкі пра яе ў пісьмовых крыніцах. Асаблівую цікавасць выклікала гісторыя пра князёў Радзівілаў, якія мелі цесныя сувязі з мясцовымі землямі. Дзеці даведаліся пра стварэнне прыгожага Манькавіцкага парку, пачулі пра адважнасць простых людзей, якія адстойвалі свае правы, і пра шчодрасць, з якой князі дапамагалі ім у цяжкія часы. Актыўнасць дзяцей падчас гульняў “Ці ведаеш ты…”, “Эрудыт”, “Адгадайце апошнія словы ў прымаўках” і “Палескія артэфакты” сведчыць пра вялікую цікаўнасць да гісторыі роднага краю. Гульня-віктарына “Ведай сваё!” стала выдатным завяршэннем мерапрыемства, дазволіўшы замацаваць атрыманыя веды. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі сталі Ганна Яхнавец і Дзмітрый Лагвіновіч.
12 ЧЭРВЕНЯ
У Давыд-Гарадоцкай гарадской бiблiятэцы прайшлi гучныя чытаннi “Казачная пятнiца ў бiблiятэцы”. Бiблiятэку наведалi вучнi 1-2 класаў сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка (летні аздараўленчы лагер “Планета дзяцінства”. Мерапрыемства прайшло ў цёплай i дружнай атмасферы. У пачатку бiблiятэкар расказала пра цудоўную акцыю “Кожная пятнiца - роднае, сваё!”, якая праходзiць па ўсёй краiне. А потым юныя чытачы акунулiся ў чароўны свет роднага слова, паказаўшы добрыя веды, i з цiкавасцю чыталi беларускую народную казку “Як кот звяроў напалохаў”. Разам з бiблiятэкарам дзецi абмяркоўвалi ўчынкi герояў, разважалi над тым, чаму лясныя зверы паверылi кату, i чаму кемлiвасць i смеласць часта перамагаюць нават самую вялiкую сiлу. Сустрэча паказала, што беларускiя казкi не толькi забаўляюць, але i вучаць мудрасцi. Творчым i фiнальным акордам стала мастацкая хвiлiнка: дзецi з вялiкiм захапленнем размалёўвалi персанажаў прачытанага твора.
19 ЧЭРВЕНЯ
Бібліятэкар Белавушскай сельскай бібліятэкі Наталля Горбач правяла для дзяцей агляд новых паступленняў сацыяльна значнай літаратуры “Чытайце беларускае”. Сярод прадстаўленых выданняў: казкі Сяргея Давідовіча “Незвычайны кухар”, зборнік успамінаў беларусаў пра дзяцінства ў гады Вялікай Айчыннай вайны “Ніколі не забудзем” і іншыя. Дзеці з задавальненнем гарталі старонкі, дзяліліся ўражаннямі і выбіралі кнігі для чытання.
Кароціцкую сельскую бібліятэку наведалі дзеці прышкольнага лагера «Пчолка» Альгомельскай сярэдняй школы ў суправаджэнні настаўнікаў Мішковай А.А. і Беразоўскай А.М. Бібліятэкар Таццяна Сямейка расказала пра праект “Кожная пятніца – роднае, сваё!”, зрабіла агляд беларускай літаратуры “Чытай роднае, сваё!”, прадставіла новыя кнігі для дзяцей, а затым правяла пазнавальную віктарыну “Па роднай Беларусі”, дзе дзеці адказвалі на пытанні пра сваю краіну, яе адметнасці і славутасці.
У Альшанскай сельскай бібліятэцы прайшлі конкурсы і моўныя гульні “Прымаўкі і прыказкі – мудрай мовы прывязкі”, удзел у якіх прынялі дзеці з атрада “Вандроўнікі” прышкольнага лагера Альшанскай сярэдняй школы №1. Спачатку бібліятэкары правялі агляд беларускай літаратуры, падрыхтавалі прыказкі пра мову, пра працу, пра дом і сям’ю. Таксама ўдзельнікам прапанавалі “Беларускія загадкі”, на якія дзеці давалі адгадкі. Далей бібліятэкары прапанавалі гульню-пераклад “Беларускае адзенне”, дзе дзеці рабілі пераклад назвы адзення на рускую мову.
У Рамельскай сельскай бібліятэцы адбылася прэзентацыя беларускіх кніг-навінак “Па старонках беларускіх выданняў”. Наведвальнікі пазнаёміліся з серыяй кніг выдавецтва “Беларусь”: “Беларусь: трагедия и правда памяти”, “История белорусской государственности”, “Беларусь: духовное и культурное наследие”, “Беларусь современная: страна и люди” і інш. У Год беларускай жанчыны цікавасць выклікалі кнігі “Я смогла!” і “Беларускія жанчыны, якія апярэдзілі час” Э. Сапожнікавай.

















