У рамках праекта “Давыд-Гарадоцкія “Конікі” як працяг беларускай традыцыі” у Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы прайшоў майстар-клас па вырабу традыцыйнай абрадавай маскі “Не сумуйце – “Конік” прыскакаў”. На мерапрыемства была запрошана кіраўнік гуртка “Гарадоцкі куфэрак” Давыд-Гарадоцкага ГДК Алена Астапчук.
У пачатку мерапрыемства загадчыца бібліятэкі Таццяна Стахейка правяла кароткі экскурс у гісторыю свята, нагадала, што маскіраванне і абрадавае пераапрананне належыць да ўнікальных з'яў традыцыйнай культуры беларусаў, прывяла прыклады сямейных традыцый і звычаяў гэтага свята.
Алена Мікалаеўна распавяла прысутным пра тэхніку пап’е машэ, па якой і вырабляе маскі на свята “Конікі”. Тэхніка пап'е машэ - гэта стварэнне рэчаў з здробненай паперы, змешанай з клеем. Часцяком выкарыстоўваецца газетная і туалетная папера. Паперу ірвуць на маленькія кавалкі, змяшчаюць у асобны посуд і заліваюць невялікай колькасцю клею. Неўзабаве сумесь пераўтвараецца ў густую кашыцу, з яе дапамогай можна сфармаваць любую форму. Алена Мікалаеўна правяла майстар-клас па вырабу маскі Бабы Ягі. Таксама жадаючыя маглі прымерыць касцюм гэтага персанажа, які зроблены рукамі майстрыхі.
Яшчэ Алена Мікалаеўна прадэманстравала як у даўніну рабілі галоўнага персанажа карнавалу - “Коніка”: з салдацкіх валёнкаў майстравалі галаву каня, прымацоўвалі да драўлянага каркаса, зробленага з лазовых кашоў і гнуткіх палак, усё абшывалі белай тканінай, малявалі вуглём морду, льняныя грыва і хвост упрыгожвалі каня. У кожнага з прысутных была магчымасць прымерыць каня на сябе і акунуцца ў атмасферу свята.
З цягам часу маскі персанажаў істотна змяніліся, змянілася і ўспрыманне старажытнага абраду, але добра, што ёсць тыя, хто перадае моладзі свае веды, каб узнавіць страчаныя элементы і надалей беражліва захоўваць гэтую традыцыю і перадаваць наступным пакаленням.















