ГУК «Столинская районная библиотечная система»

У рамках праекта “Давыд-Гарадоцкія “Конікі” як працяг беларускай традыцыі” ў Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы прайшоў час фальклора “Шчадрэчныя песні”.

Подыхам сівой даўніны дайшлі да нашых дзён абрадавыя песні, аб чым і шла размова. Гэтыя песні спяваюць увечары 13 студзеня на свята “Конікі” у Давыд-Гарадку. Гурты калядоўшчыкаў у традыцыйных і сучасных масках уваходзяць у кожны дом з песнямі і музыкай, добрымі пажаданнямі, разыгрываюць сцэнкі.
  На сустрэчы прысутнічалі ўдзельнікі народнага аматарскага аб'яднання “Прамень” Давыд-Гарадоцкага ГДК. Кіраўнік аб'яднання Вайцаховіч Марыя Людвігаўна, адзначыла, што песні-шчадроўкі ў абрадзе на мясцовай гаворцы сведчаць пра тое, што гэта традыцыя вельмі старажытная, мясцовая. Таксама яна распавяла цікавыя этнаграфічныя звесткі і жыццёвыя гісторыі, якія дапамаглі моладзі скласці ўяўленне аб стане фальклорна-абрадавай традыцыі "Конікі".
  У першую чаргу звярнуліся да песні “Святы вэчор”. Гэта песня - дыялог воіна-ратніка са сваім конікам, у якім прыгадваюцца падзеі тых часоў, калі нашыя далёкія продкі ўдзельнічалі ў шматлікіх сечах. Пагаварылі пра сюжэт песні “Шчодры вэчор”, якая засталася нам у спадчыну. Гэта віншавальная песня, песня-мара, песня-надзея, якую ў шчадрочны вечар разносяць па вуліцах і кутках Гарадка “Конікі”.
  У завяршэнні мерапрыемства бібліятэкары раздалі прысутным тэксты песень і разам з удзельнікамі аматарскага аб’яднання праспявалі шчадрочныя песні. Мы далучаемся да народных традыцый, бо моладзі неабходна ведаць і берагчы сваю спадчыну, трэба падтрымліваць і ўмацоўваць беларускія народныя абрады і святы, абавязкова праводзіць іх, каб перадаць усе веды і звычаі сваім дзецям, потым сваім унукам.