Дзень паэзіі ў бібліятэках Століншчыны адзначыўся мерапрыемствамі, прысвечанымі паэзіі, сусветна вядомым паэтам, паэтам-землякам, дзіцячай паэзіі. У гэты дзень бібліятэкі напоўніліся чароўнымі гукамі паэтычных твораў і цудоўнымі рыфмамі.
31 сакавіка ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ў межах пасяджэння аматарскага аб’яднання “Сустрэча” прайшла музыкальна-паэтычная гасцёўня “Вершы і музыка аб’ядноўваюць усіх”. Падчас мерапрыемства для ўдзельнікаў праведзены агляд творчасці паэтаў-песеннікаў М. Матусоўскага, М. Ісакоўскага, М. Таніча, Л. Дзербянёва, Р. Раждзественскага, Л. Пранчака, У. Карызны і іншых. Госці мерапрыемства з задавальненнем паслухалі песні на вершы гэтых аўтараў. Актыўная ўдзельніца клуба, паэтэса Ларыса Вырко, прачытала свае новыя вершы, прысвечаныя значнай падзеі – 80-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Напярэдадні Сусветнага дня паэзіі, які адзначаецца 21 сакавіка, для ўдзельнікаў аматарскага аб'яднання “Спадчына” у Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы прайшла паэтычная гасцёўня “На спатканне з паэзіяй”. Вядучыя пазнаёмілі прысутных з гісторыяй свята, расказалі некалькі дзіўных фактаў аб паэзіі: калі былі напісаны першыя вершы, якія дрэвы лічацца найбольш паэтычнымі, як называецца боязь паэзіі і інш. На сустрэчу супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі свайго даўняга сябра, паэта-летуценніка Віктара Васільевіча Вабішчэвіча. Аўтар пяці зборнікаў вершаў, Віктар Васільевіч расказаў прысутным, якія тэмы ён узнімае ў сваёй творчасці, узгадаў студэнцкія гады, зацікавіў дзіўнымі выпадкамі з жыцця, расказаў пра работу ў школе, пра першы свой паход на тэлебачанне. Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства паэт прадставіў свой новы зборнік вершаў пад назвай “Вятліца”, у якім ён не стамляецца захапляцца родным краем і яго чароўнымі краявідамі. На працягу сустрэчы ў выкананні аўтара гучалі вершы з новай кнігі, а таксама любімыя вершы з мінулых зборнікаў. Вершы напоўнены дыханнем вечнасці і трапяткім імгненнем нашых дзён, прасякнуты надзеяй і любоўю да малой радзімы, маці, прыроды. Вершы чытаў як сам аўтар, так і захопленыя аматары паэзіі. Сэрца слухачоў асабліва крануў верш аўтара “Светлы вобраз маці”, які прачытала ўдзельніца клуба Ніна Марчук. Госці паэтычнай гасцёўні дзяліліся ўспамінамі, звязанымі з Віктарам Васільевічам, праспявалі адну з любімых песень паэта “Зорка Венера”. Фонд бібліятэкі папоўніўся новым зборнікам вершаў “Вятліца” з аўтографам аўтара. Сустрэча пакінула ва ўсіх прысутных цёплае, светлае ўражанне і атрымалася вельмі душэўнай, бо так прыемна паслухаць добрыя вершы, асабліва напярэдадні цудоўнага свята – Дня паэзіі.
У Рэчыцкай гарпасялковай бібліятэцы дзень паэзіі адзначылі ў форме паэтычнага асарці “Чароўных слоў цудоўны свет” з удзелам маленькіх наведвальнікаў, выхаванцаў дзіцячага садка № 2 р.п. Рэчыца. Ад вядучай мерапрыемства, бібліятэкара Галіны Дабрынец, прагучалі словы, што паэзія прымушае дзяцей разважаць, часам сумаваць, часам весяліцца, і, канешне ж, чамусьці вучыцца. Падчас паэтычнага асарці прагучалі не толькі любімыя вершы дзіцячых паэтаў К. Чукоўскага, А. Барто, Б. Захадэра, І. Такмаковай, С. Міхалкова і іншых, але маленькія чытачы паспрабавалі свае сілы ў літаратурнай віктарыне, выканалі заданні. Маленькія ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з выставай твораў дзіцячай паэзіі, а завяршылася сустрэча праглядам мультфільма на вершы паэта Данііла Хармса.
20 сакавіка ў Вялікаарлоўскай сельскай бібліятэцы адбылася гадзіна паэзіі “Чароўная сіла паэзіі” з удзелам школьнікаў. Удзельнікі чыталі вершы сусветна вядомых паэтаў – Пушкіна, Блока, Ясеніна і іншых. Бібліятэкар падрыхтавала і правяла разнастайныя паэтычныя конкурсы, пазнаёміла з цікавымі фактамі біяграфіі паэтаў, расказала, што паэтычныя творы маюць вялікую сілу – яны могуць узняць народ на барацьбу, могуць выказаць пачуцці кахання і захаплення, могуць данесці праблему, а таксама ў паэтычных творах можна знайці не толькі задавальненне для душы, але і адказы на жыццёвыя пытанні.

















