У рамках праекта “Давыд-гарадоцкія “Конікі” як працяг беларускай традыцыі” Давыд-Гарадоцкая гарадская бібліятэка арганізавала для моладзі краязнаўчую экскурсію-пошук у музей гісторыі горада Давыд-Гарадка, каб папоўніць скарбонку сваіх ведаў.
Малодшы навуковы супрацоўнік музея Кулага Сяргей Гаўрылавіч расказаў больш падрабязна пра абрад “Конікі” - традыцыйны звычай хаджэння маскіраваных касцюміраваных шчадрэчнікаў з канём па хатах на Шчодры вечар у Давыд-Гарадку. У музеі захоўваецца касцюм галоўнага персанажа карнавалу – “Конь”, зроблены рукамі Сяргея Гаўрылавіча. У кожнага з прысутных была магчымасць прымераць яго на сябе і акунуцца ў атмасферу свята. На сам рэч, касцюм вельмі цяжкі, не кожны юнак пагодзіцца цэлы вечар у ім “бегаць”, таму на ролю “вершніка” выбіралі звычайна дужых, вынослівых хлопцаў. Сяргей Гаўрылавіч адзначыў, што раней усе маскі былі самаробныя. Таксама ён праспяваў некалькі радкоў каляднай песні, якая была запісана ў 1981 годзе са слоў Коўка Праскоўі Мацвееўны.
Падчас наведвання музея моладзь пазнаёмілася з карцінамі мясцовых мастакоў А. Харашуна і А. Концуба “Калядкі” і з цікавасцю разглядвала рэтра і сучасныя фота карнавалу "Конікі".
У заключэнне мерапрыемства Сяргей Гаўрылавіч правёў невялікую экскурсію і пазнаёміў з экспанатамі, якія знаходзяцца ў музеі.
Праведзенае мерапрыемства дае падставу лічыць, што і надалей традыцыя шчадравання будзе ашчадна захоўвацца і перадавацца наступным пакаленням. Гэта сапраўдны нацыянальны здабытак і трэба рабіць усё, каб яго зберагчы.


















