ГУК «Столинская районная библиотечная система»

14 сакавіка адзначаецца 90-гадовы юбілей беларускага пісьменніка Паўла Місько (1931–2011), вядомага як аўтара твораў для дзяцей, найперш казак і фантастычных аповесцей.

З-пад яго пяра выйшлі такія папулярныя ў юных чытачоў кнігі, як «Прыйдзі, дзень-залацень!», «Прыгоды Бульбобаў», «Грот афаліны», «Эрпіды на планеце Зямля», «Акрабат у бутэльцы». Аднак творчая спадчына пісьменніка багатая і на іншыя жанры. Варта прыгадаць, напрыклад, раманы «Градабой», «Мора Герадота», «Хлопцы, чые вы будзеце…», паэтычны зборнік «Ружовыя ліўні», раман у вершах «Пакуль зямлю мілуе сонца…», зборнікі гумару «Чэрці ў коміне», «Развітальная гастроль», кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу», «Дрэва жыцця» і інш.
   Прыгодніцкія і фантастычныя сюжэты, яркія персанажы, жвавая і сакавітая мова сустракаюць чытача на старонках кніг Паўла Місько. І хоць падзеі часам адбываюцца ў самых незвычайных мясцінах на Зямлі і ў космасе, творы пісьменніка дапамагаюць нам лепш спазнаць сябе, свой нацыянальны характар і свой родны край.
  Літаратурная гадзіна “Неверагодныя прыгоды з Паўлам Місько”, прымеркаваная да юбілею пісьменніка, прайшла ў Стружскай сельскай бібліятэцы. Удзельнікаў пазнаёмілі з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, шэрагам апавяданняў. Усе разам чыталі самыя цікавыя творы, якія прадстаўлены на літаратурнай выставе “Незвычайныя героі кніг Паўла Місько”.
   Белавушская сельская бібліятэка падрыхтавала для сваіх маленькіх наведвальнікаў літаратурную візітоўку "Прыгоды з Паўлам Місько", падрабязна пазнаёміла з творчасцю пісьменніка, кнігамі, якія маюцца ў бібліятэцы.