140 год таму, 10 мая 1883 года, нарадзіўся Янка Маўр – беларускі пісьменнік, аўтар апавяданняў, аповесцяў і раманаў для дзяцей і моладзі. Юбілей пісьменніка адзначылі ў шэрагу бібліятэк раёна.
У Веляміцкай сельскай бібліятэцы праведзена гульня-падарожжа “У краіне райскай птушкі”. Удзел у мерапрыемстве прынялі навучэнцы 6-га класа Веляміцкай сярэдняй школы. Бібліятэкары пазнаёмілі дзяцей з біяграфіяй і творчасцю Янкі Маўра, а затым прапанавалі паўдзельнічаць у літаратурнай гульні. Удзельнікі разгадвалі крыжаванку, складвалі пазлы, адгадвалі вядомыя творы пісьменніка, перакладалі ўрывак з апавядання.
Пад назвай “Пісьменнік з крылатай фантазіяй” у Стружскай сельскай бібліятэцы прайшоў агляд кніг Янкі Маўра. Падчас агляду дзеці даведаліся, што Янка Маўр з’яўляецца адным з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, першаадкрывальнікам прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанру ў беларускай дзіцячай літаратуры, што ён таленавіты гісторык і географ. Бібліятэкар Ганна Касцюк расказала дзецям пра жыццё і творчасць пісьменніка, пазнаёміла іх з самымі вядомымі творамі Янкі Маўра. Рабяты былі здзіўлены тым фактам, што Янка Маўр ніколі не быў у экзатычных краінах, пра якія так цікава і пераканаўча пісаў.
У Вялікамалешаўскай сельскай бібліятэцы праведзена літаратурная гадзіна “Капітан нашых першых падарожжаў – Янка Маўр”. Бібліятэкары пазнаёмілі рабят з біяграфіяй і творчасцю пісьменніка, падрабязней расказалі пра жыццё пісьменніка ў гады Вялікай Айчыннай вайны, разам успомнілі найбольш вядомыя творы Янкі Маўра. У канцы літаратурнай гадзіны кожны ўдзельнік размаляваў свайго любімага героя з твораў знакамітага беларускага пісьменніка.
Літаратурная гадзіна, прысвечаная юбілею пісьменніка, прайшла і ў Вялікаарлоўскай сельскай бібліятэцы. Бібліятэкар Святлана Скрабец распавяла падлеткам аб жыцці і творчасці Янкі Маўра. Потым дзеці прынялі ўдзел у конкурсе “Даведайся, які гэта твор”. Па ўрыўку з твора называлі яго назву, затым шукалі ўрывак у кнігах пісьменніка, якія маюцца ў бібліятэцы. Напрыканцы гадзіны рабяты падзяліліся сваімі ўражаннямі аб творах пісьменніка, якія чыталі.
У Хатамельскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна пад назвай “Чараўнік з краіны дзяцінства”. Удзельнікі гадзіны даведаліся, што сапраўднае імя пісьменніка Іван Міхайлавіч Фёдараў, а таксама ад бібліятэкара Алены Сычэвіч дзеці пачулі і шмат другіх цікавых фактаў з жыцця Янкі Маўра.
У Відзіборскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна пісьменніка “Янка Маўр: чалавек з крылатай фантазіяй». Бібліятэкар Алена Пашкевіч распавяла дзецям пра літаратурную дзейнасць пісьменніка. Падрабязней спынілася на прыгодніцкай кнізе “Палескія рабінзоны”, якая зрабіла Янку Маўра знакамітым дзіцячым пісьменнікам.


















