24 кастрычніка ў Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся юбілейны вечар “Я жыццё пачынаю наноў разумець…”, прысвечаны 70-гадоваму юбілею вядомай на Століншчыне паэткі і пісьменніцы, краязнаўцы і фалькларыста Ларысы Фёдараўны Вырко.
Мерапрыемства пачалося з выступлення ўдзельнікаў Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Выцінанка” пад кіраўніцтвам Пятра Іванавіча Астапчука. У цудоўным выкананні артыстаў прагучалі песні на словы Ларысы Вырко “Каралева вясна” і “Мелодыя зямлі”, што яшчэ раз даказала - паэзія Ларысы Вырко меладычная і пявучая. Кіраўнік ансамбля павіншаваў паэтку і падзякаваў за добрыя творчыя адносіны, якія звязваюць паэта і кампазітара, у сумеснай працы якіх нарадзіліся цудоўныя музычныя нумары, якія прагучалі нават на міжнародных пляцоўках.
Самай пачэснай госцяй юбілейнага вечара стала сама паэтка – Ларыса Вырко, якая прадставіла сваю літаратурную спадчыну з чатырох зборнікаў вершаў, нарысаў і апавяданняў, дзвюх зборнікаў беларускіх фальклорных песень. Ларыса Фёдараўна з ахвотай падзялілася сваімі творчымі дасягненнямі і далейшымі планамі. Цікавасць прысутных выклікаў аповед Ларысы Вырко пра сваю малую радзіму – Касцюкоўшчыну, з якой яна і па цяперашні час мае непарыўную сувязь, наведвае мясціны свайго дзяцінства і юнацтва, падтрымлівае стасункі з аднакласнікамі, сябрамі, калегамі і аднадумцамі. Уразіла ўдзельнікаў захапленне Ларысы Фёдараўны – збіранне калекцыі беларускіх рушнікоў, да якіх яна ставіцца з незвычайным замілаваннем і павагай, лічыць каштоўнай спадчынай беларускага народа, якую трэба зберагаць і перадаваць з пакалення ў пакаленне.
У выкананні Ларысы Вырко прагучалі новыя патрыятычныя вершы, прысвечаныя Беларусі і 80-годдзю вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое стала вызначальнай датай у далейшым развіцці і існаванні краіны – мірнай і прыгожай Беларусі.
Да навучэнцаў Столінскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, Ларыса Фёдараўна звярнулася з мудрымі словамі і заклікам любіць і шанаваць сваю родную мову і сваю радзіму. А сваім жыццёвым прыкладам Ларыса Вырко сцвярджае, што трэба жыць, працаваць і ствараць сумленна і аддана. На працягу вечара ў выкананні навучэнцаў гучалі вершы Ларысы Вырко, а вядучая мерапрыемства Лідзя Царык яшчэ бліжэй пазнаёміла прысутных з жыццёвым і творчым шляхам паэткі.
З віншальнымі прамовамі да юбіляркі звярнуліся дырэктар Столінскай раённай бібліятэчнай сістэмы Іван Пятровіч Ляшкевіч, выкладчык каледжа Марына Уладзіміраўна Бакшук, былы кіруючы работнік Людміла Пятроўна Кісель, ветэран бібліятэчнай справы Людміла Раманаўна Падколзіна і іншыя госці юбілейнага вечара.
Юбілейны вечар паэткі прайшоў у акружэнні прыхільнікаў яе творчасці, прагучалі самыя найлепшыя пажаданні, зроблены памятныя фотаздымкі.