ГУК «Столинская районная библиотечная система»

22 лістапада Столінская цэнтральная раённая бібліятэка напоўнілася чароўным паветрам вершаў мясцовай паэткі Ларысы Вырко. Менавіта ў прыгожы восеньскі, але ўжо снежны дзень, у бібліятэцы прайшла творчая сустрэча з Ларысай Вырко пад назвай “Цудоўны свет паэзіі”.


У чарговы раз актыўныя чытачы бібліятэкі, сябры паэткі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры УА “Столінскі дзяржаўны аграрны каледж” Марына Бакшук са сваімі вучаніцамі сабраліся, каб паслухаць вершы знакамітай зямлячкі, пазнаёміцца з творчымі планамі і новымі поспехамі Ларысы Фёдараўны Вырко.

Цёплую сустрэчу адкрыла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Лідзія Царык, якая коратка расказала пра жыццёвы і творчы шлях паэткі, падкрэсліла, што нам, столінцам, пашанцавала, што лёс выдатнай паэткі связаны з Столінскім раёнам. Ларыса Фёдараўна, якая нарадзілася на Гродзеншчыне, жыла і вучылася на Магілёўшчыне, паэтам стала менавіта на Століншчыне, на беларускім Палессі.

Сустрэча праходзіла ў форме дыялогу. Ларыса Вырко адказала на шматлікія пытанні ад прысутных, а таксама на пытанні, падрыхтаваныя бібліятэкарамі загадзя. З вялікім гонарам і павагай паэтка расказвала пра свайго любімага пісьменніка – Уладзіміра Караткевіча, на радзіме якога Ларыса Фёдараўна марыла пабываць і яе мара здзейснілася. З любоўю гаварыла пра родную беларускую мову. Падзялілася паэтка і творчымі поспехамі: менш чым за год яна напісала 10 санетаў, некаторыя з іх прагучалі падчас мерапрыемства. Адзін з санетаў, прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу, 140-годдзе з дня нараджэння якіх святкуецца сёлета. Шмат пытанняў у прысутных было і пра апошні зборнік вершаў “Гронкі рабіны”. Чаму аўтар назвала зборнік менавіта так? Як расказала сама Ларыса Фёдараўна, параўноўвае яна сябе з рабінай, таму што нарадзілася ў кастрычніку, а гронкі, як вершы – плады яе працы. Жадаючыя змаглі набыць зборнік для сябе. Як і любы другі чалавек, паэтка з цеплынёй гаварыла пра сваю радзіму, вёску, бацькоў і родных. Тэма малой радзімы кранае сэрцы кожнага з нас, а асабліва тонкую і чуллівую душу паэта.

Шыкоўным сюрпрызам для гасцей мерапрыемства стала выступленне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Выцінанка” пад кіраўніцтвам Пятра Іванавіча Астапчука. Прагучалі песні “Мелодыя зямлі” і “Каралева вясна” на вершы Ларысы Вырко. Адметна тое, што песню “Мелодыя зямлі” ансамбль выконваў на сусветнай выстаўцы “Экспо-2015” у Мілане (Італія). Ларыса Фёдараўна ў сваю чаргу зачытала свой верш, прысвечаны “Выцінанцы”. Кіраўнік ансамбля Пётр Астапчук і Ларыса Вырко выказалі ўзаемныя словы падзякі і пажадалі адзін аднаму плённай працы і натхнення з мэтай далейшага творчага супрацоўніцтва.

Шмат прыемных слоў прагучала ў адрас Ларысы Фёдараўны ад прысутных. Кожны пажадаў натхнення, творчых поспехаў і здзяйснення мары паэткі – напісаць вянок санетаў. Асабліва шчырыя пажаданні ўсяго найлепшага Ларысе Фёдараўне выказала Людміла Пятроўна Кісель, якая ведае яе з таго часу, калі Ларыса Вырко пераехала жыць на Століншчыну, калі ўпершыню яна пачала пісаць і друкаваць вершы. Бібліятэкары, у сваю чаргу, выказалі словы шчырай падзякі Ларысе Фёдараўне за супрацоўніцтва з бібліятэкамі сістэмы, за любоў да кнігі і, асабліва, паэзіі, за цудоўныя вершы і прыемныя сустрэчы.