ГУК «Столинская районная библиотечная система»

11 ліпеня ў цёплай, добразычлівай атмасферы ў Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы прайшла сустрэча пад назвай «Народжаная сэрцам творчасць» з вядомай паэткай Століншчыны Галінай Бабарыка.


Галіна Сідараўна - сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат шэрагу літаратурных конкурсаў, у тым ліку і міжнародных. На сустрэчы аўтар чытала свае вершы са зборнікаў “Давер”, “Дарога ў восень”, “Матывы Моўствы”, а таксама новыя, яшчэ неапублікаваныя творы. Асабліва спадабаліся прысутным гумарыстычныя апавяданні, напісаныя на мясцовым матэрыяле. Мастачка слова распавядала пра сваё дзяцінства, пра матывы выбару свайго жыццёвага шляху і абранай прафесіі. Галіна Сідараўна распавяла пра любоў да мастацкага слова, якая нарадзілася яшчэ ў дзіцячыя гады, пра першыя публікацыі, пра ўдзел у розных конкурсах.

Галіну Сідараўну можна сапраўды назваць пясняркай палескай прыроды. Яна вельмі тонка перадае яе адметнасці, не толькі называе, а вобразна напаўняе, адухаўляе. Паэтка часта ў сваіх вершах дапаўняе ўласную пачуццёвую гаму інтэлектуальным роздумам, што надае пейзажным творам рацыянальную напоўненасць, філасофскую стрыманасць.

Памятны подпіс у “Кнізе аўтографаў” пакінула аўтар з пажаданнямі духоўнага і фізічнага здароўя супрацоўнікам і чытачам бібліятэкі, а таксама падаравала свой новы зборнік вершаў “Матывы Моўствы”. У адрас Галіны Сідараўны прагучала шмат слоў удзячнасці ад прыхільнікаў яе творчасці. Мерапрыемства атрымалася па-сапраўднаму паэтычна-цёплым. У канцы сустрэчы кожны жадаючы мог атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца з аўтарам. Усе прысутныя падзякавалі за сустрэчу, пажадалі далейшых поспехаў і ў знак падзякі падаравалі невялікі сувенір.