ГУК «Столинская районная библиотечная система»

«Родны край, навек любімы!» - пад такой назвай прайшоў вечар-сустрэча са знакамітым ураджэнцам вёскі Рубель Аляксандрам Мікалаевічам Вабішчэвічам.

Даведка: Вабішчэвіч Аляксандр Мікалаевіч – доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
Нарадзіўся 30 кастрычніка 1965 года ў вёсцы Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Закончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў школьным настаўнікам, з 1992 года – у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна. Даследуе гісторыю Заходняй Беларусі і Польшчы, беларуска-польскія адносіны, пытанні міжкультурнай камунікацыі. Аўтар навуковых і вучэбна-метадычных прац, надрукаваных у Беларусі і за мяжой.

   Напярэданні выйшла ў свет яго новая кніга «Вёска Рубель на Століншчыне», што і стала нагодай для сустрэчы з чытачамі бібліятэкі, аднавяскоўцамі. Спачатку аўтар расказаў прысутным, чаму вырашыў напісаць менавіта такую кнігу краязнаўчага характару. Прайшоўшы жыццёвы і творчы шлях ад настаўніка гісторыі ў школе да прафесара ўніверсітэта, ён не мог зрабіць па іншаму. Аўтар вельмі цікава расказваў, як здабываў матэрыял для кнігі, колькі архіваў прыйшлося наведаць у Беларусі і за яе межамі. У кнізе змешчана літаральна ўся гісторыя нашага краю: ад археалагічнай спадчыны, узнікнення вёскі, усіх рэлігійных канфесій, гадах вайны, сацыяльна-эканамічным развіцці да радавода аўтара кнігі 5-ці пакаленняў. Вельмі здзівіла чытачоў тое, што ў кнізе змешчаны пералік рубельскіх мянушак (як на каго кажуць у Рублі па вулічнаму). Не меньш цікава Аляксандр Мікалаевіч расказваў пра развіццё калгаса ў савецкі перыяд, калі вырошчвалі незнаёмую нам расліну кок-сагызу (змешчана фота 1951 году). Падчас сустрэчы прысутныя даведаліся, што калісьці ў школьныя гады Вабішчэвіч А.М. марыў стаць журналістам, нават пісаў артыкулы ў газеты, але лёсам наканавана было стаць гісторыкам.
   Новая краязнаўчая кніга Аляксандра Мікалаевіча паслужыць вялікай каштоўнасцю ў напісанні рознага роду творчых работ, краязнаўчых прац і будзе выдатным падарункам для родных. Жадаючых набыць кнігу вельмі шмат, некалькі кніг ужо гатуюцца да адпраўкі па замежных краінах, напрыклад, адна ў Канаду да сына аднаго з выжыўшых яўрэяў Рубля Мюрэя Насанчука. У канцы сустрэчы многія наведалі Рубельскую бібліятэку і пазнаёміліся з іншымі краязнаўчымі працамі доктара гістарычных навук, якіх у фондзе каля 20 экз. Ад імя ўсіх прысутных загадчык бібліятэкі Валянціна Мамановіч падзякавала Аляксандра Мікалаевіча за бясцэнную кнігу, пажадала не спыняцца на дасягнутым, здзіўляць новымі краязнаўчымі і гістарычнымі здабыткамі.
   Ад усіх прысутных, работнікаў культуры Вабішчэвіч А.М. атрымаў кветкі і памятны падарунак. Жадаючыя змаглі набыць кнігу з аўтографам аўтара, паўдзельнічаць у жывой размове з земляком, пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы.