ГУК «Столинская районная библиотечная система»

27 лістапада на базе Асаўской сельскай бібліятэкі і Дома культуры прайшоў раённы семінар бібліятэчных работнікаў на тэму “Сучасная бібліятэка як захавальніца традыцыйнай народнай культуры”.

   З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў семінара звярнуўся дырэктар Столінскай бібліятэчнай сістэмы Іван Ляшкевіч. Кіраўнік спыніўся на важнай ролі бібліятэк у справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны, народнай традыцыйнай культуры, адзначыў неабходнасць пры бібліятэках стварэння і назапашвання краязнаўчых матэрыялаў, наладжвання сумеснай работы з мясцовымі краязнаўцамі, ўмельцамі, самадзейнымі паэтамі і пісьменнікамі.
   Аб краязнаўчым накірунку дзейнасці Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэкі расказала загадчык Таццяна Стахейка.
   Бібліятэкар Беражноўскай сельскай бібліятэкі Таццяна Новік расказала прысутным аб багацейшай гістарычнай спадчыне вёскі Беражное, прадставіла прэзентацыю аб маёнтку Алешаў і пазнаёміла з гістарычнымі дакументамі, якія захоўваюцца ў мясцовым музеі.
   Аб ролі бібліятэкі ў адраджэнні фальклорных народных абрадаў, звычаяў і свят цікава і пазнавальна расказала бібліятэкар Сямігосціцкай бібліятэкі Валянціна Літвінчук.
Выключная роля ў захаванні сацыякультурных традыцый належыць бібліятэкам. Супрацоўнікі бібліятэк непасрэдна займаюцца збіраннем фальклору, легенд, паданняў, гаворак, традыцыйных народных ведаў, стварэннем летапісаў населеных пунктаў, матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці знакамітых землякоў. Менавіта каб адзначыць ролю бібліятэк у адраджэнні і захаванні народнай спадчыны быў наладжаны раённы краязнаўчы конкурс “Любы сэрцу палескі край”, вынікі якога падведзены на семінары. Метадыст бібліятэчнай сістэмы Таццяна Карчэўская назвала пераможцаў. Дыпломамі ўзнагароджаны калектывы Манькавіцкай сельскай бібліятэкі (заг. Алена Ворах) і Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэкі (заг. Таццяна Стахейка). Падзячнымі лістамі за прадстаўленыя конкурсныя матэрыялы адзначаны Таццяна Новік (Беражноўская СБ), Алена Пашкевіч (Відзіборская СБ), Наталля Алейнік (Лядзецкая СБ).
   Паездка атрымалася пазнавальнай, цікавай, гучалі музыкальныя нумары, бібліятэкары пазнаёміліся з адноўленымі пасля рамонту Домам культуры, бібліятэкай, музейным этнаграфічным пакоем.