ГУК «Столинская районная библиотечная система»

23 красавіка ў Давыд-Гарадоцкім гарадскім Доме культуры прайшоў семінар клубных работнікаў «Роля клубных устаноў у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення», удзел у якім прынялі і бібліятэчныя работнікі Давыд-Гарадоцкай бібліятэкі.

Семінар складаўся з інтэрактыўных пляцовак. Адна з пляцовак знаходзілася ў бібліятэцы пад назвай «Родная мова». Любоў да роднага слова, веданне яго гісторыі – гэта аснова патрыятычнага выхавання грамадства, асабліва дзяцей і моладзі. Усе прысутныя мелі магчымасць паглыбіць уласныя веды, павысіць моўны ўзровень. Зрабіць гэта прапанавалі ў час гульні «Напішы па-беларуску». На стэндзе былі напісаны словы, якія трэба было перакласці на беларускую мову. Таксама ўдзельнікі семінару пісалі на стыкерах у форме васілька любімыя словы на роднай мове і прыклейвалі іх на стэнд. Наступным заданнем была гульня «Паэтычны радок». Бібліятэкар чытала ўрывак верша, а слухачам трэба было прадоўжыць радкі, назваць аўтара і верш. Яшчэ ўдзельнікі тлумачылі фразеалагізмы, адгадвалі загадкі. Была аформлена кніжная выстава «Матывы роднага слова». Каля выставы на століку ляжаць дарагія для нас рэчы - гэта хлеб, кніга і наша спадчына, якую сімвалізуе старажытны ручнік. Кніга «Слова жывое, роднае, гаваркое...» незвычайная, прачытаўшы яе, кожны пазнаёміцца з гісторыяй паходжання мовы чалавека ўвогуле, з вылучэннем славянскай моўнай супольнасці, а з яе - мовы беларускай. Хацелася б, каб наша слова жыло шмат стагоддзяў, радавала сваёй мілагучнасцю і прыгажосцю новыя пакаленні.