ГУК «Столинская районная библиотечная система»

5 верасня, у Дзень беларускага пісьменства і друку, у Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы прайшло свята беларускай культуры “Вытокі”, прысвечанае багаццю і разнастайнасці беларускай культуры, роднай мове, славутым людзям Бацькаўшчыны.


Разнастайныя славутасці Беларусі дзівяць сваёй велічнай прыгажосцю. Супрацоўнікі бібліятэкі для ўдзельнікаў мерапрыемства падрыхтавалі прэзентацыю «Незвычайныя месцы Беларусі», у якую ўвайшлі: трохкутная царква ў Вялікай Сваротве, Крычаўскія Мальдывы, востраў Ду і іншыя мясціны.

Свята прадоўжылася гульнёй з заданнямі і пытаннямі, віктарынай, інтэлектуальным паядынкам, якія тычыліся Беларусі – яе гісторыі, фальклору, пісьменнасці, мовы - і патрабавалі не толькі канкрэтных ведаў, а і лагічнага мыслення.

Падарункам для гасцей свята стала выступленне народнага аматарскага аб’яднання «Прамень» Давыд-Гарадоцкага Дома культуры, якія праспявалі некалькі мясцовых песень і распавялі пра гісторыю стварэння калектыва, яго ўдзельнікаў, традыцыі і планы на будучыню.

На сустрэчу бібліятэкары запрасілі рукадзельніцу, стваральніцу цікавых сцэнічных касцюмаў, цудоўную жанчыну Пашкевіч Валянціну Аляксандраўну, якая не ўяўляе свайго жыцця без творчасці, без стварэння чагосьці дзіўнага ўласнымі рукамі. Валянціна Аляксандраўна прадэманстравала Давыд-Гарадоцкі народны жаночы касцюм, які стварыла сваімі рукамі і выканала гарадзецкую песню “Рыбацкая балада”.

Напрыканцы ўдзельнікі выказалі думку і спадзяванне, што такія сустрэчы з традыцыямі, звычаямі роднай зямлі абавязкова працягнуцца, бо сапраўдныя беларусы памятаюць мінулае, удасканальваюць сучаснае і ствараюць будучае.