ГУК «Столинская районная библиотечная система»

У рамках праекта “Давыд-Гарадоцкія “Конікі” як працяг беларускай традыцыі” у Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы прайшло мерапрыемства пад назвай “Конікі: традыцыя, якая аб’ядноўвае”.


Адбылася сустрэча моладзі з краязнаўцам, Ганаровым грамадзянінам горада, стваральнікам музея гісторыі горада Бразоўскім Мікалаем Паўлавічам.

У сваім выступленні Мікалай Паўлавіч расказаў прысутным, што традыцыя шчадраваць з конікам пайшла з Першай сусветнай вайны, калі тут у 1916 годзе, за лініяй фронту, стаялі казакі. У калядныя дні баявыя дзеянні не вяліся, і казакі, каб развеяцца пайшлі шчадраваць з канём, зрабіўшы яго як канструкцыю Конь-вершнік. Такая канструкцыя з’явілася менавіта ў той час, а таксама ўвайшло ў традыцыю апранаць вершніка ў шынель. У такім своеасаблівым убранні весялілі мяшчан перад Новым годам па старому стылю.

Яшчэ краязнаўца распавёў моладзі, што раней калядоўшчыкі найперш пыталіся дазволу, ці можна шчадраваць. Атрымаўшы дазвол, “конікі” даведваліся, хто ў хаце ёсць з паўналетніх дзяцей – хлопец ці дзяўчына? Калі хлопец, то спявалі “Дый запеймо ж песню”, а калі ў хаце была дзяўчына, то спявалі “Там стояла сосна”. Гурты “конікаў” заўсёды былі вялікія – чалавек па 10-15.

У ходзе мерапрыемства прысутныя задавалі пытанні і атрымалі на іх змястоўныя адказы. Да сустрэчы была падрыхтавана тэматычная выстава “Свята “Конікі” у Давыд-Гарадку”, якая дазволіла глыбей зразумець традыцыю шчадравання.

“Конікі” – гэта адзін з абрадаў, які аб’ядноўвае розныя пакаленні і спрыяе захаванню этнаграфічнай спадчыны жыхароў Давыд-Гарадка. Удзел у ім моладзі і старэйшага пакалення садзейнічае пераемнасці традыцый, а таксама садзейнічае самаідэнтыфікацыі молодзі, гуртуе гарадскую супольнасць. Традыцыйная культура, як жывы арганізм, мае свой асабісты шлях эвалюцыі, але нельга забывацца на тое, што мы таксама ўплываем на яго развіццё. І трэба памятаць, што калі знікнуць традыцыйныя святкаванні, то знікне адметнасць беларусаў як народа.