ГУК «Столинская районная библиотечная система»

Традыцыйны месячнік краязнаўства “Мой родны край, мая старонка” працягваецца ў бібліятэках Столінскай бібліятэчнай сістэмы. Наведвальнікам прапануюцца краязнаўчыя выставы і мерапрыемствы, знаёмства з краязнаўчым фондам і творчасцю пісьменнікаў-землякоў.


Стружская сельская бібліятэка для сваіх наведвальнікаў правяла дзень краязнаўства і мясцовых традыцый “Адвечная песня ручніка”. Бібліятэкар расказала дзецям, у якіх беларускіх абрадах у даўніну выкарыстоўвалі ручнік і дзе звычайна ён выкарыстоўваецца ў наш час. Таксама дзеці даведаліся пра сімвалы, якія вышываліся на ручніках. Новыя веды атрымалі ўдзельнікі, адказаўшы на пытанні віктарыны “Завочнае падарожжа ў мінулае роднага краю”. Знаёміліся з прадметамі побыту і прыладамі працы сваіх продкаў, тлумачылі, для чаго і як іх прымянялі раней. Таксама бібліятэры пазнаёмілі з творчасцю мясцовай паэткі Ганны Мароз і прачыталі яе вершы аб родным краі.

“Куточак зямлі, што Радзімай завецца” - пад такой назвай прайшла гадзіна краязнаўства ў Рубельскай сельскай бібліятэцы, у якой прыняў удзел мясцовы краязнаўца, арганізатар турыстычнага клуба “Палескія рабінзоны” – Сяргей Ляшкевіч. Ён расказаў і паказаў прысутным аб сплаве па рацэ Сцвіга, аб тым як хадзіў у экспедыцыю па Альманскіх балотах з Валерыем Дамброўскім, арнітолагам НАН Беларусі. Цікава краязнаўца расказаў аб заказніку “Сярэдняя Прыпяць”.

У Сямігосціцкай сельскай бібліятэцы ў межах месячніка краязнаўства прайшлі гутарка-разважанне “Мой родны кут, як ты мне мілы!”, а таксама вечар-сустрэча “Я малая твая крынічка”. У ходзе мерапрыемства бібліятэкар Ларыса Карняйчук правяла літаратурны агляд і абмеркаванне творчасці пісьменнікаў-землякоў Георгія Марчука і Ірыны Ляшкевіч, падрыхтавала паведамленне “Наш славуты зямляк”, прысвечанае вучонаму-гісторыку Аляксею Літвіну, ураджэнцу вёскі Сямігосцічы.

У Лядзецкай сельскай бібліятэцы для вучняў 3 класа праведзены ўрок краязнаўства, падчас якога бібліятэкар Наталля Алейнік расказала дзецям пра Століншчыну, яе адметнасці і славутасці. Усе разам замацавалі атрыманыя веды ў ходзе пазнавальнай віктарыны “Што ты ведаеш аб родным краі?”

21 лістапада Кароціцкая сельская бібліятэка запрасіла на гадзіну краязнаўства “Вёсачка мая…”. Бібліятэкар Таццяна Сямейка прапанавала прысутным экскурс у гісторыю роднай вёскі, расказала пра паходжанне яе назвы, нагадала пра знакамітых ураджэнцаў. Падрабязна пазнаёміла з краязнаўчай выставай, тэматычнымі папкамі, творчасцю паэтаў-землякоў.