ГУК «Столинская районная библиотечная система»

Лістапад у бібліятэках Століншчыны працягваецца правядзеннем карысных і пазнавальных мерапрыемстваў, прысвечаных шырокай тэме краязнаўства. Наведвальнікі знаёмяцца з краязнаўчымі выставамі, прымаюць удзел у мерапрыемствах.


12 лістапада Рубельская сельская бібліятэка для вучняў 4 класа правяла краязнаўчае свята “Успомнім продкаў сваіх”. Удзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення старажытных плямёнаў на тэрыторыі Беларусі, са славутымі і знакамітымі людзьмі, з традыцыямі святкавання беларускіх святаў, з рэчамі і адзеннем сваіх продкаў, іх ладам жыцця. Дзеці, у сваю чаргу, выканаўшы дамашняе заданне, падзяліліся сваімі звесткамі з асабістага жыцця іх продкаў. Паказалі фотаздымкі, адзенне, прылады працы. Страха Даша падрыхтавала сваё радавое дрэва, Агіевіч Ганна праспявала песню пра Каляды, Пашкевіч Ксенія расказала пра яе праваслаўнае імя, Лемяза Алёна распавяла пра посуд продкаў, Зіноўчык Улад расказаў гумарэску “Як Кастусь у кіно збіраўся”. Дзеці адказалі на пытанні віктарыны “Цікавыя звесткі пра Беларусь”, падрыхтаванай бібліятэкарамі. Мерапрыемства праходзіла ў школе і атрымалася змястоўным і цікавым.

Таццяна Новік, бібліятэкар Беражноўскай сельскай бібліятэкі, правяла пазнавальныя экскурсіі ў музей аг. Беражное для вучняў 6 класа, а таксама наведвальнікаў школьнага лагера. Расказала аб гісторыі цэркваў на тэрыторыі сельскага Савета, аб гісторыі вёскі, яе адметнасцях і славутасцях.

У Хатамельскай сельскай бібліятэцы прайшоў агляд твораў пісьменніка-земляка Георгія Марчука “Малой радзімай напоўнена сэрца да краю”. Прысутныя бліжэй пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, яго рознажанравай пісьменніцкай дзейнасцю, праслухалі ўрыўкі з твораў.

14 лістапада Асаўская сельская бібліятэка правяла ўрок краязнаўства пад назвай “Мой край столінскі”. Прысутныя знаёміліся з выставай “Сцежкамі роднага краю”, з кнігамі аб прыгажосці і непаўторнасці роднай Століншчыны. Бібліятэкар Вольга Цупа цікава расказала аб мінулым краю, яго традыцыях і звычаях.

Гадзіна краязнаўства “Роднай зямлі шматгалоссе” прайшла ў Відзіборскай сельскай бібліятэцы. Дзеці з цікавасцю слухалі аповед аб багатай культуры роднага краю, пазнаёміліся з паштоўкамі, прысвечанымі раёну, яго помнікам архітэктуры і культуры, унікальным прыродным аб’ектам. Прысутныя даведаліся аб знакамітых ураджэнцах краю, творчых калектывах. Падрабязней пазнаёміліся з гістарычнымі фактамі пра сваю вёску Відзібор.

У Верхнецерабяжоўскай сельскай бібліятэцы аформлена выстава народнай творчасці мясцовых умельцаў і творцаў “Малой радзімай напоўнена сэрца да краю”, якую 11 лістапада наведалі вучні 4 класа. Бібліятэкар Таццяна Гузіч правяла гадзіну краязнаўства “Любі і ўслаўляй свой край”. Таксама дзеці прагледзелі прэзентацыю пра таленавітага земляка, майстра, паэта, мастака і проста добрага чалавека Паўла Паўлавіча Куліка.

Краязнаўчы урок-знаёмства з этнаграфічным кутком “Мой край з глыбіні вякоў” прайшоў у Вялікамалешаўскай сельскай бібліятэцы. Гісторыя стварэння этнаграфічнага кутка пры бібліятэцы пачынаецца яшчэ з 1987 года. У ім сабраны старадаўнія рэчы вяскоўцаў. Зараз куток прадстаўляе цікавасць для школьнікаў і студэнтаў, якія вучацца на факультэтах беларускай мовы і літаратуры, гістарычных факультэтах.