У жніўні да акцыі “Кожная пятніца – роднае, сваё” далучылася падрастаючае пакаленне, з удзелам якога бібліятэкары Століншчыны правялі мерапрыемствы, якія паказваюць разнастайнасць роднай краіны – яе прыродныя багацці, культурныя дасягненні, славутасці і адметнасці.
21 ЖНІЎНЯ
Столінская дзіцячая бібліятэка запрасіла выхаванцаў старэйшай групы дзіцячага садка № 2 г. Століна ў падарожжа “Цудоўныя мясціны Беларусі”. На пачатку мерапрыемства бібліятэкар Анастасія Ляшкевіч выстветліла ў маленькіх наведвальнікаў, якія цікавыя мясціны Беларусі яны ўжо ведаюць. Сярод названых славутасцей Беларусі дзеці назвалі незвычайнае і чароўнае месца – Белавежскую пушчу. Бібліятэкар падрабязней расказала пра гэты старадаўні лес, яго жывёльны і раслінны свет, прывяла шэраг цікавых фактаў пра пушчу, паказала відэаролікі. Даведаўшыся пра самы тоўсты дуб, які расце ў пушчы, дзеці паспрабавалі ўзяўшыся за рукі, зрабіць кола і наглядна паглядзецт таўшчыню дрэва ў шэсць метраў. Завяршылася падарожжа праглядам відэаролікаў і ілюстрацый кніг пра Белавежскую пушчу.
У Белавушскай сельскай бібліятэцы да юбілею беларускага пісьменніка Віктара Гардзея, якому 19 жніўня споўнілася б 80 год, прайшоў агляд “Чытаем Віктара Гардзея”. Бібліятэкар Наталля Горбач расказала пра жыццёвы шлях пісьменніка, які нарадзіўся ў Ганцавіцкім раёне Брэстчыны, а затым прадставіла выставу і зрабіла агляд кніг і твораў пісьменніка – “Мудры воран”, “Зайкава балалайка”, “Зялёныя дажджы”, а таксама твораў, надрукаваных на старонках часопіса “Вясёлка”, сябрам якога з’яўляўся аўтар.
28 ЖНІЎНЯ
У гульнёвым кутку “Гульнятэка ў бібліятэцы” Манькавіцкай сельскай бібліятэкі адбыўся яркі і насычаны гульнёвы дзень пад назвай “Гуляем па-беларуску”. Галоўнай падзеяй стала работа інтэрактыўнага стала, дзе кожны жадаючы мог знайсці гульню па душы. Бібліятэкары падрыхтавалі шырокі выбар настольных гульняў, якія спалучалі займальнасць з пазнавальным матэрыялам пра Беларусь. Удзельнікі з захапленнем гулялі ў гульню-мема “Беларускія сімвалы” і “Беларусь”, правяралі сваю эрудыцыю ў гульнях “дообль-словы” і “Я шукаю кветку”, а таксама развівалі моўныя навыкі праз гульні з перакладам “Патлумач” і слоўнікавы кошык. Не абышлося без віктарын: гульня-віктарына “Палескія артэфакты” і “Ведай сваё»” выклікалі сапраўдны ажыатаж сярод знаўцаў гісторыі. Для тых, хто любіць падарожнічаць, была прадстаўлена гульня-вандроўка “Беларусь: гісторыя і сучаснасць”, а пазл “Жывёлы і расліны Беларусі” сабраў аматараў прыроды. Кожны ўдзельнік мог выбраць гульню паводле свайго настрою і інтарэса, таму атмасфера была па-сапраўднаму цёплай і жывой. Гульнёвы дзень стаў выдатнай магчымасцю не толькі цікава і карысна правесці час, але і глыбей пазнаёміцца з роднай культурай, мовай і гісторыяй.
У Рамельскай сельскай бібліятэцы для наведвальнікаў прапанаваны працяг акцыі “Літарынка”, падчас якой удзельнікі ўзгадвалі словы на беларускай мове з літарамі, якія прысутнічаюць у назве апошняга месяца лета - жніўня.
Для выхаванцаў Фядорскага дзіцячага садка бібліятэкар Фядорскай сельскай бібліятэкі падрыхтавала “смачнае” падарожжа па Беларусі “Беларуская традыцыйная кухня”. Яна расказала маленькім удзельнікам пра традыцыйныя стравы беларусаў, прапанавала гульню “Прадметы беларускай кухні” і “Беларуская кухня”.










