ГУК «Столинская районная библиотечная система»

Па-зімоваму святочна, з захаваннем абраднасці і народных традыцый прайшло выніковае мерапрыемства ў рамках праекта “Давыд-Гарадоцкія “Конікі” як працяг беларускай традыцыі”. Давыд-Гарадоцкая гарадская бібліятэка разам з гуртом моладзі прыняла ўдзел у народным абрадзе “Конікі”.


Група пераапранутых хадзіла па дамам гараджан і шчадравала пад вокнамі. Ражаныя спявалі пра тонкую і высокую сасну, на якой зіхцела залатая “корыца”, віншавалі гаспадароў са Шчадрацом, жадалі ім дабра і “коб за год дождалі”. У групе калядоўшчыкаў былі розныя маскі, якія ўдзельнікі абраду падрыхтавалі самі. Цэнтральнай фігурай у гэтым натоўпе пераапранутых з'яўляецца белы Конь з вершнікам. Была тут і вясёлая Цыганка, якая ўмела варажыла дзяўчатам, калматы Мядзведзь, Баба Яга і Смерць з касой. Да іх далучыліся Дзед Мароз са Снягуркай, Снежная каралева, Лекар і іншыя сучасныя маскі.

“Конікі” – гэта адзін з абрадаў, які аб’ядноўвае розныя пакаленні і спрыяе захаванню этнаграфічнай спадчыны жыхароў Давыд-Гарадка. Праект завяршыўся, але традыцыя шчадравання будзе ашчадна захоўвацца і надалей перадавацца наступным пакаленням. І няхай жа пажаданні шчадроўшчыкаў, адрасаваныя сябрам, знаёмым, усім добрым людзям, абавязкова збудуцца!