ГУК «Столинская районная библиотечная система»

"Немагчама не верыць" - пад такой назвай 19 мая ў чытальнай зале Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася прэзентацыя новага зборніка вершаў паэта-земляка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Васіля Казачка “Я веру!”.

Васіль Андрэевіч Казачок нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Увесь час працаваў у роднай школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, выкладаў школьнікам выяўленчае мастацтва. З 2015 года з’яўляецца дырэктарам Цэнтра ганчарства ў в. Гарадная.
Васіль Казачок – паэт, мастак, член беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, Саюза пісьменнікаў Беларусі. За значны асабісты ўклад у захаванне традыцый ганчарнага рамяства Васіль Казачок атрымаў званне лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі “За духоўнае адраджэнне”.

У зборніку “Я веру!” прадстаўлены вершы, напісаныя аўтарам з 2018 па 2022 год. У ім з дапамогай мастацкага слова закранаюцца злабадзенныя жыццёвыя праблемы. Паэта непакоіць стан роднай мовы, ён выказвае беражлівыя адносіны да спадчыны продкаў, яго захапляе свет багатай прыроды. Цікавай для чытача будзе лірыка кахання, прадстаўленая ў зборніку. Паэтычныя творы ў ім гарманічна дапоўнены каляровымі ўклейкамі ілюстрацый карцін, напісаных аўтарам.

Мерапрыемства нагадвала душэўную сустрэчу, на якой сабраліся землякі і знаёмыя аўтара, моладзь і педагогі, а таксама неабыякавыя да мастацкага слова і культурнага жыцця раёна людзі. Паслухаць вершы знакамітага паэта, пазнаёміцца з творчымі планамі прыйшлі навучэнцы УА “Столінскі дзяржаўны аграрны каледж” з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Марынай Бакшук. Таксама на прэзентацыю завіталі мясцовыя паэткі Ларыса Вырко і Ніна Цімановіч. Прысутныя дзяліліся багатымі ўспамінамі, добрымі словамі ў адрас паэта, жадалі далейшай паспяховай дзейнасці.

Падчас мерапрыемства Васіль Андрэевіч пазнаёміў прысутных з асобнымі раздзеламі сваёй кнігі: «Шануй і барані продкаў карані» (вершы, прысвечаныя Радзіме, беларускай мове і няпростаму яе лёсу, веры ў Бога), «Жыццё — кароткае імгненне» (творы, што апісваюць розныя этапы жыццёвага шляху аўтара і людзей, з якімі яму выпадала сутыкацца), «Мелодыі кахання» (у гэты раздзел, сярод іншага, уваходзяць тэксты песень), «Паэзіі чароўная краіна» (роздум над таямніцай творчасці і прысвячэнні любімым класікам — Караткевічу, Багдановічу, Гілевічу, Купалу, Геніюш…), «Прыроды непаўторныя малюнкі» (пейзажная лірыка), «Дванаццаць месяцаў — дванаццаць скарбаў» (паступовае знаёмства з кожным месяцам года; прычым верш, прысвечаны, напрыклад, сакавіку, быў напісаны ў сакавіку 2022-га, маю — у маі і гэтак далей) і «Грузінскія матывы» (натхненнем для аўтара стала гасцінная Грузія, дзе, аднак, ніколі не будзе так добра, як дома).

У сваім зборніку аўтар сцвярджае, што дабро абавязкова атрымае перамогу над злом, што беларуская мова не загіне, а любімую Беларусь чакае толькі шчаслівы лёс.

З выхадам у свет новай кнігі аўтара і са словамі падзякі за плённую працу ад імя прысутных выступіў дырэктар ДУК “Столінская раённая бібліятэчная сістэма” Іван Пятровіч Ляшкевіч, ён пажадаў Васілю Андрэевічу моцнага здароўя, творчага натхнення і плённай працы, а зборніку вершаў “Я веру!” – знайсці дастойнае месца сярод лепшых літаратурных выданняў Беларусі.

Па заканчэнні мерапрыемства прысутныя маглі папоўніць сваю асабістую бібліятэку кнігамі аўтара з аўтографам і сфатаграфавацца на памяць.