ГУК «Столинская районная библиотечная система»

Гісторыя Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

 Гісторыя цэнтральнай раённай бібліятэкі пачалася, па ўспамінах чытачоў, з 1939 года. Фонд літаратуры быў невялікі і складаўся ў асноўным з кніг на польскай мове. Па ўспамінах чытачкі В.М. Очкінай, былой супрацоўніцы краязнаўчага музея, “бібліятэка для шырокіх мас была створана ў 1940 годзе і налічвала каля 2000 кніг. У першыя дні акупацыі раённага цэнтра фашысты забралі ўсе кнігі з бібліятэкі, звезлі іх у хлеў і закрылі на замок. Няўрымслівыя хлопчыкі М. Андрусік, І. Барэйка, Ф. Цымбаліст адкрылі замок і выбралі частку кніг, у асноўным мастацкую літаратуру” (В. Очкіна. Лёс чатырох кніг. Навіны Палесся. – 1974. – 10 снежня).
        Звесткі, атрыманыя з архіва, канстатуюць, што справаздача бібліятэкі датавана сакавіком месяцам 1947 года. На 1 студзеня 1949 года ў бібліятэцы налічвалася 2 569 экз. кніг. Бібліятэка размяшчалася па вуліцы Дзяржынскага, 20.
     З верасня 1948 года загадчыцай раённай бібліятэкі працавала Капусцінская А. П., якая мала сярэднюю спецыяльную адукацыю. Бібліятэкарам была Казуліна Н. Н. Удваіх яны выдавалі кнігі на дом, складалі каталогі. Памяшканне было старое, доступ да кніжнага фонду быў закрытым. Асаблівым попытам у чытачоў карысталіся часопісы “Новый мир”, “Знамя”, “Октябрь”. Самымі папулярнымі формамі масавай работы былі літаратурныя вечарыны, абмеркаванні кніг. Нягледзячы на цяжкасці, жыхары Століна бязвыплатна дарылі бібліятэцы кнігі, часопісы, карціны. Павышалі сваю кваліфікацыю бібліятэкары ў Мінску на курсах перападрыхтоўкі, у ходзе якіх наведвалі калектар і адбіралі патрэбныя для бібліятэкі кнігі. Асаблівую дапамогу ў набыцці літаратуры, рамонце бібліятэкі аказваў былы старшыня райвыканкама Луфераў.
         Камплектаванне кніжнага фонда ў 50-я гады ажыццяўлялася праз рэспубліканскі бібкалектар.
      60-я гады характарызаваліся інтэнсіўным ростам кніжных фондаў, павелічэннем ліку чытачоў. У гэтыя гады ў бібліятэку прыходзіць працаваць загадчыцай Голуб Т. Я. – чалавек патрабавальны і адданы сваёй справе. Пад яе кіраўніцтвам і непасрэдным удзелам бібліятэка, якая размяшчалася па вуліцы Савецкай, 65, была з густам аформлена. Умацоўвалася матэрыяльная база, актывізавалася папулярызацыя кнігі. У гэтыя гады пачалі працаваць Мельнік А. П., Неўдах М. С.
      Імкнучыся ахапіць чытаннем як мага больш насельніцтва, райбібліятэка арганізавала 15 перасовак на прадпрыемствах горада. Прапаганда літаратуры сярод насельніцтва праводзілася шляхам сістэматычнай арганізацыі і правядзення чытальніцкіх канферэнцый, літаратурных вечарын па розных тэмах. У 70-я гады бібліятэка практыкавала правядзенне гутарак, аглядаў на прадпрыемствах горада: спіртзаводзе, хлебакамбінаце, у будаўнічых арганізацыях. У гэтыя гады прыйшлі на працу Савончык Т. А., Сімагасціцкая Л. В., Вабішчэвіч Г. І. У гэты час у раёне працавала 81 бібліятэка і цэнтральная раённая бібліятэка аказвала ім метадычную дапамогу.
       Вялікая падрыхтоўчая работа была праведзена ў 1977 годзе, калі былі звераны кніжныя фонды ўсіх сельскіх бібліятэк, арганізаваны зводны алфавітны каталог. З 1 студзеня 1978 года бібліятэкі раёна аб’яднаны ў раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, якая аб’яднала 82 бібліятэкі. У гэты перыяд бібліятэка пераехала ў новае памяшканне, размешчанае на пл. Камсамольскай, 1, дзе размяшчаецца і ў цяперашні час.
     У цэнтральнай бібліятэцы сфарміраваліся 3 новыя аддзелы: методыка-бібліяграфічны, кнігасховішча, камплектавання і апрацоўкі кніжных фондаў.
       З пераходам у новае памяшканне з’явілася больш магчымасцей для плённай работы з кнігай: раскрылі для чытачоў свае багацці абанемент, чытальная зала на 20 месцаў. У гэтыя гады сталі працаваць у бібліятэцы Вабішчэвіч М. Р., Рамашка Н. Ф., Стахавец С. М., Кушнер А. П., КарпецЛ.А., Валанцэвіч Т. У., Жакун А. В. і іншыя.
Арганізоўваючы вольны час насельніцтва горада, бібліятэка трымае цесныя сувязі з ПТВ-164, аграрна-эканамічным каледжам, сярэднімі школамі №№ 1,2,3.
      Бібліятэкай вядзецца значная работа ў краязнаўчым напрамку: створана краязнаўчая картатэка, папулярызуецца творчасць мясцовых паэтаў і пісьменнікаў. Цікава і змястоўна прайшла такая сустрэча з В. Вабішчэвічам, настаўнікам Давыд-Гарадоцкай СШ, праводзяцца святы кнігі. У 2002 годзе яно прайшло па тэме “У душы прапісаны заўсёды” (да юбілеяў Я.Купалы і Я.Коласа). Традыцыйна прымае ўдзел бібліятэка ва ўсіх маштабных мерапрыемствах горада, раёна: арганізоўвае прагляды, кніжныя выставы.
      З 1997 года пашырыліся функцыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі, метадычны аддзел перайменаваны ў аддзел бібліятэчнага маркетынгу.
      Бібліятэка прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскіх, абласных аглядах і конкурсах. Рэкламная дзейнасць бібліятэкі і яе прэстыж прыкметна павышаецца ў перыяд правядзення раённых и абласных месячнікаў.
Добрае супрацоўніцтва наладжана з мясцовай газетай “Навіны Палесся”, радыё, дзе змяшчаюцца матэрыялы аб дзейнасці бібліятэкі.
        90-я гады прынеслі значныя змены ў пошуку эфектыўных шляхоў развіцця. Пачалі ўкараняцца новыя тэхналогіі, распачалася аўтаматызацыя некаторых бібліятэчных працэсаў, уведзены паслугі ксеракапіравання і сканіравання дакументаў. З 1998 года бібліятэка аказвае платныя паслугі. Наменклатура іх уключае выдачу кніг на выхадныя і святочныя дні з чытальнага зала і камерцыйнага фонду абанемента, ксеракапіраванне. У 2000 годзе створаны экалагічны цэнтр, а ў 2001 годзе - цэнтр прававой інфармацыі. У бібліятэцы працуе 2 камп’ютары.
 Штогод бібліятэку наведваюць каля 3-х тысяч чытачоў, ім выдаецца каля 50 тысяч розных выданняў. Аддзелам абслугоўвання і інфармацыі надаецца вялікая ўвага пошуку і збору інфармацыйных матэрыялаў, папаўненню даведачна-інфармацыйнага фонда. Бібліятэка атрымлівае па падпісцы 50 найменаванняў перыядычных выданняў.
      Пашырылася выдавецкая дзейнасць аддзела маркетынгу. Выдадзены зборнікі “Адкуль у вёскі імя”, “Галасы Століншчыны”, “Гісторыя бібліятэк раёна”.
          Аддзелам камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі вядзецца аўтаматызаваная апрацоўка фонда.
     У 90-я і пачатку 2000-х гг. цэнтральная бібліятэка і бібліятэчная сістэма ўвогуле перажывае не лепшыя часы. Патрабуе аднаўлення матэрыяльная база, інтэр’ер бібліятэкі. Асаблівую трывогу выклікае камплектаванне фондаў. Выйсце з гэтага становішча бібліятэка бачыць у пашырэнні платных паслуг, пошуку спонсарства і, канешне, у дзяржаўнай падтрымцы.
     У 2005 – 2010 гг. цэнтральная бібліятэка значна пашырае спектр бібліятэчных, інфармацыйных паслуг. Іх колькасць складае больш за 40. Фонд камплектуецца разнапланавай па зместу літаратурай, згодна бюджэтным выдаткаванням. Павялічваецца колькасць тэхнічных сродкаў, што, у сваю чаргу, уплывае на якасць абслугоўвання карыстальнікаў. Бібліятэка больш змястоўна займаецца рэкламай уласных паслуг і магчымасцей.
       У 2010 – 2015 гг. аддзелам бібліятэчнага маркетынгу распрацоўваюцца і ўкараняюцца мэтавыя праграмы, якія накіраваны на рэалізацыю розных задач бібліятэкі. Так, у перыяд 2011 – 2015 гг. дзейнічаюць праграмы “Бібліятэкі ў дапамогу прававой асвеце і фарміраванню прававой культуры насельніцтва”, “Бібліятэка – цэнтр развіцця і адпачынку дзяцей”, “І для мяне не было б Беларусі без маленькай радзімы маёй: комплексная краязнаўчая праграма”, “Дакраніся да мяне дабрынёй” (мэтавая праграма па абслугоўванню карыстальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі).
    Аддзелам бібліятэчнага маркетынга на працягу 2010 - 2015 гг. былі праведзены наступныя маркетынгавыя даследаванні, накіраваныя на вывучэнне розных аспектаў дзейнасці бібліятэк: “Асновы інфармацыйнай культуры школьнікаў” (2010), “Што і як мы чытаем?: тэматыка і дынаміка чытання” (2010), “Бібліятэчныя кадры: статус, выкарыстанне, адукацыя” (2012), “Стан і перспектывы развіцця платных паслуг у бібліятэках Столінскай РЦБС” (2012), “Што чытаюць у 21 стагоддзі?” (2013), “Што я ведаю аб родным краі?” (2014) і інш.
     У 2015 годзе ў сувязі з набыццём юрыдычнага статусу Столінская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма была перайменавана ў ДУК “Столінская раённая бібліятэчная сістэма”, якая на 01.01.2016 года аб’ядноўвала 49 бібліятэк.
     Цэнтральная раённая бібліятэка размешчана ў спецыяльным будынку і займае памяшканне агульнай плошчай 447 м2. Структура бібліятэкі складаецца з трох аддзелаў: аддзел бібліятэчнага маркетынгу, аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі бібліятэчнага фонду, аддзел інфармацыі і абслугоўвання, які непасрэдна займаецца абслугоўваннем кнігай жыхароў г. Століна. У бібліятэцы для чытачоў арганізаваны 20 пасадачных месцаў. Да таго ж, у складзе аддзела абслугоўвання і інфармацыі працуе перасоўная бібліятэка – бібліобус, які абслугоўвае кнігай маланаселеныя і аддаленыя вёскі раёна.
      Па стану на 01.01. 2019 г. ДУК “Столінская раённая бібліятэчная сістэма” налічвае 43 бібліятэкі, якія абслугоўваюць болей 28,5 тыс. жыхароў раёна. Да паслуг карыстальнікаў прадстаўлены фонд агульнай колькасцю болей 460 тыс. экз., 109 назваў перыядычных выданняў, 29 дадатковых платных паслуг.