ГУК «Столинская районная библиотечная система»

У бібліятэках горада Давыд-Гарадка адзначылі Тыдзень роднай мовы “Родная мова, цудоўная мова!”, падчас якога наведвальнікам прапанавалася ўдзельнічаць у конкурсах, гульнях, інтэрактыўных выставах, разгадваць крыжаванкі, частавацца літаратурнымі прысмакамі.

У Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы для чытачоў праходзіла акцыя “Гучы, роднае слова”. Увесь тыдзень ў сценах бібліятэкі гучала выключна беларуская мова. Бібліятэкары прапанавалі сваім чытачам размаўляць па-беларуску. Падчас акцыі чытачы пісалі на стыкерах у форме сэрца словы аб роднай мове і прыклейвалі іх на стэнд. У канцы тыдня ўвесь стэнд быў у сэрцах, на якіх напісаны словы, такія як: прыгожая, мілагучная, адметная, дзіўная, непаўторная і шмат іншых. Таксама былі падрыхтаваны скруткі з беларускімі прыказкамі і прымаўкамі, якія трэба было выцягнуць з кошыка і прачытаць у голас на роднай мове. Акрамя гэтага, у бібліятэцы прайшла займальная хвілінка “Напішы па-беларуску”. На стэндзе былі напісаны словы, якія трэба было перакласці на беларускую мову. За правільны адказ – салодкі пачастунак. Наведвальнікі бібліятэкі маглі пазнаёміцца з выставай “Матывы роднага слова”. Больш за ўсё прыцягваў да сябе ўвагу “Кошык літаратурных прысмакаў”, які быў запоўнены кнігамі беларускіх аўтараў на роднай мове. Усе жадаючыя маглі выбраць кнігі на свой густ і параіць іх іншым.
   «Родная мова – мова душы» - пад такой назвай прайшоў турнір знаўцаў мовы да Тыдня роднай мовы ў Давыд-Гарадоцкай дзіцячай бібліятэцы, з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і выхавання павагі да гісторыі і спадчыны свайго народа. Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй зараджэння беларускай мовы, шляхам яе развіцця, росквітам і заняпадам, абмеркавалі сучаснае становішча роднай мовы. А вось пазнаёміцца з некаторымі яе скарбамі змаглі ў гульнёвай частцы мерапрыемства. Спачатку “Жартоўная размінка” узняла ўсім настрой і запрасіла ў свет мовы, а затым дзеці праявілі кемлівасць і знаходлівасць, выконваючы заданні па часопісу “Вясёлка”, адгадвалі крыжаванкі, успомнілі “Прыказкі і прымаўкі”, прымалі ўдзел у гульнях. У канцы мерапрыемства пазнаёміліся з літаратурай, прадстаўленай на кніжнай выставе «Ведай мову сваю, беларус».