ГУК «Столинская районная библиотечная система»

6 лютага 2024 года споўнілася 110 год з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Паэт пакінуў багатую літаратурную спадчыну, яго паэтычнымі радкамі захапляецца не адно пакаленне беларусаў. З нагоды юбілею ў бібліятэках Століншчыны прайшлі літаратурныя мерапрыемствы.


У Белавушскай сельскай бібліятэцы з 7 па 10 лютага праходзіў паэтычны чэлендж “Аркадзь Куляшоў – чалавек і паэт”. Удзельнікам чэленджа прапанавана прачытаць верш народнага паэта на выбар і адказаць на адно пытанне віктарыны аб жыцці і творчасці аўтара. Здзівіла і парадавала тое, што некаторыя ўдзельнікі ведаюць вершы Аркадзя Куляшова на памяць.

Літаратурны агляд “Аркадзь Куляшоў: старонкі жыцця і творчасці” прайшоў у Веляміцкай сельскай бібліятэцы 8 лютага. Бібліятэкары нагадалі прысутным пра жыццёвы і творчы шлях паэта, пазнаёмілі з выданнямі, якія маюцца ў бібліятэцы. Удзельнікі прачыталі вершы паэта, якія больш спадабаліся, абмеркавалі паэмы “Хамуціус” і “Варшаўскі шлях”.

7 лютага бібліятэкар Варанёўскай сельскай бібліятэкі Надзея Дульская запрасіла чытачоў да ўдзелу ў літаратурнай гадзіне “Аркадзь Куляшоў: старонкі жыцця і творчасці”. Бібліятэкар пазнаёміла з біяграфічнымі звесткамі аб паэце, прывяла шэраг цікавых фактаў, а таксама расказала аб творчасці паэта і літаратурнай дзейнасці. У завяршэнні прадставіла ўдзельнікам літаратуру з творчай спадчыны паэта, якая ёсць у фондзе бібліятэкі.

8 лютага актыўныя чытачы Альпенскай сельскай бібліятэкі прынялі ўдзел у літаратурнай гадзіне “Аркадзь Куляшоў – чалавек, салдат, паэт”. Прысутныя разам з бібліятэкарам нагадалі асноўныя вехі жыцця і творчасці выбітнага беларускага паэта, пазнаёміліся з яго творамі, тэмамі творчасці.

2 лютага ў Асаўской сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Аркадзь Куляшоў: старонкі жыцця і творчасці” да юбілею Аркадзя Куляшова – лірыка, філосафа, які з незвычайнай шчырасцю і цеплынёй выказаў у сваёй творчасці лёс цэлага пакалення, да якога належаў і сам. Літаратурная гадзіна прайшла з удзелам актыўных чытачоў, якія ад бібліятэкара Вольгі Цупа пачулі творы са зборнікаў “Росквіт зямлі”, “Па песню, па сонца!”, “Добры чалавек”, “У зялёнай дуброве” і інш. Бібліятэкар запрасіла сваіх удзельнікаў да калектыўнага чытання і прысутныя разам прачыталі некаторыя творы паэта. Уразіў і шэраг фактаў з біяграфіі паэта, падборку якіх зрабіла бібліятэкар. Напрыклад, цікавасць выклікала тое, што А. Куляшоў пачаў пісаць вершы з сямі гадоў, што яго вершы пакладзены на музыку і вядомыя як цудоўныя беларускія песні. У завяршэнне літаратурнай гадзіны была праведзена віктарына па творчасці паэта.

4 лютага ў Плотніцкай сельскай бібліятэцы для юных чытачоў бібліятэкар Святлана Клімец прапанавала гадзіну паэзіі “Майстар беларускай паэзіі”, падчас якой не толькі гучалі цудоўныя вершы паэта, але была агучана біяграфія творцы, яго паэтычная спадчына.

7 лютага ў Стахаўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Аркадзь Куляшоў: старонкі жыцця і творчасці”, у час якой прысутныя ўзгадалі жыццёвы шлях паэта, яго творчыя набыткі, абмеркавалі тэмы творчасці, прачыталі вядомыя вершы.

Гадзіна паэзіі “І вечнасць радка, як вечнасць жыцця…” да 110-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова прайшла ў Стружскай сельскай бібліятэцы з удзелам чытацкага актыву бібліятэкі і аматараў беларускай паэзіі. Гадзіна пачалася з паведамлення бібліятэкара Алены Чырэц аб жыццёвым і творчым шляху Народнага паэта Беларусі. Удзельнікі праслухалі падборку цікавых фактаў аб паэце і яго шматграннай літаратурнай дзейнасці. Абмеркаваўшы творчасць паэта, прысутныя прыйшлі да высновы, што Аркадзь Куляшоў – сапраўдны паэт-патрыёт, які праслаўляў родную зямлю, сваю Радзіму. Аб гэтым засведчылі і прачытаныя творы паэта – вершы са зборніка “Росквіт зямлі”, урывак з паэмы “Простыя людзі” і іншыя. У завяршэнні гадзіны паэзіі ўдзельнікам прапанавалі адказаць на пытанні віктарыны аб паэце, пазнаёміцца з літаратурнай выставай “Слаўны сын зямлі беларускай”.

Агляд літаратуры пад назвай “Класік беларускай паэзіі” прайшоў з удзелам чытацкага актыву Хотамельскай сельскай бібліятэкі. Бібліятэкар нагадала прысутным пра жыццёвы шлях паэта, прывяла шэраг цікавых фактаў з біяграфіі, расказала аб творчасці народнага паэта, якая не губляе сваёй актуальнасці і па сённяшні дзень.